Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Раніцай найбольш смелыя пайшлі ў той бок. Убачылі вялізную яму – шэсць, калі не больш, хат улезе – з бакамі аплаўленымі, нешта бліскучае на дне і размеценую вакол, цёплую, як печка, зямлю.Яму тую, разам з усім, потым мірскі каплан загадаў, не гледзячы і не капаючыся, зямлёю засыпаць – каб спакусы не было і каб не дакранацца да рэчаў змеевых. Бо ўсім вядома, ч ы ё й зброяю быў змій. Але гэта потым, на другі дзень.І тады ўбачылі мужыкі пад хмызам, у тумане, чалавека, які ляжаў, шырока раскінуўшы рукі, ніцма, як зрынуты, як ляжаў сатана, калі Пан Бог звергнуў яго з нябёс.Ляжаў ён нерухома. Потым крыкі леляка ці то абудзілі яго, ці то варацілі да прытомнасці. І ён абапёрся на рукі, а потым павольна ўстаў і ўзняў з зямлі плашч. І тады ўсе ўбачылі, што ён у вопратцы шкаляра, і тады гукнулі і падышлі, а датуль баяліся.Спыталі, чаму ён тут, а ён сказаў, што ён вандроўны шкаляр і заблукаў і добра бачыў, як падае г э т а з неба... І далёка ад яго; але як ён і надалей блукаў, то выпадкова выйшаў на гэта самае месца і тут убачыў, што зямля гарачая. А паколькі крэсіва ён згубіў, а сам дужа намерзся, то лёг на гарачую зямлю і праспаў, як на ляжанцы. А калі ў яго спыталі, а чаго гэта ў яго лоб разбіты, ён сказаў, што ўчора, дарогаю, пабіўся з вандроўным манахам у карчме.І тады ў яго спыталі, як гэта ён не баяўся так блізка ад д’яблавага месца спаць. А ён сказаў, што ніякіх д’яблаў на свеце ён не баіцца і з ахвотаю бы на гэты выгляд паглядзеў ці нават выспаўся на адной печцы – бо яму гэта малаважна.Быў ён не такі ўжо і малады, год трыццаць пяць, але дужа моцны і на галаву вышэй за ўсіх. Твар нейкі не такі і, як тыя людзі мне казалі, смешнаваты, бровы густыя і доўгія, зубы надзіва белыя. Ля пояса ў яго вісеў корд1 у бліскучых піхвах. Бліскучых, але танных, бо гэта не было срэбра.І мужыкі тыя пусцілі яго ісці сваёй дарогай, а самі пайшлі да каплана, і шкаляр пайшоў.Хлор Мамантовіч, шляхцюк, потым казаў мне, што гэта ён першы аб усім здагадаўся. Бо, вяртаючыся з горада ў засценак і сустрэўшы г э т а г а аднаго па дарозе ў сваім плашчы, аж жахнуўся, палічыўшы яго за Хрыста. Нібы раптам і на хвіліну здагадаўся – аж ногі да зямлі прыкіпелі і неба здалося з літоўскі кажух. Але тут здзіўляцца не трэба. Раніцай, здалёк, на гразкай дарозе – чаго не прыкінецца. Дый Хлор, вядома, як заўсёды, быў нападпітку. Усе ведаюць, чаго ён так рана з горада ходзіць....А потым бачылі я г о ўжо з двума іншымі людзьмі... А пасля бачылі шэсць чалавек... Дзесяць... потым было іх трынаццаць, і за імі цягнуўся крыты кужэляй фургон”.“Так лічылі людзі. Але мы нічога такога не заўважалі, калі яно і было. Іначай чаму б ён быў спачатку такі, як мы, чаму нікуды не ўблытваўся і не лез, чаму не дапамог людзям?Наблытаў тут бессаромна ў адзіным сваім запісе аб ім, аб чутках, якія хадзілі пра пачатак ягоны, Андронік Лагафіл. І нічога болей не сказаў, спадзеючыся на іншых. Пра галоўнае не сказаў.А было не так. Было вось як. Слухайце, людзі.

Раздзел ІІ

Зямля была чорная.Уся ў сетцы трэшчын, у глыбокіх расколінах, сухая, як далонь земляроба і як порах. Рэдка, часам у палове сажэня адзін ад аднаго, варушыліся на ёй чэзлыя жытнія парасткі.Вецер часам уздыхаў сярод гарачыні, але нёс толькі яшчэ большую спёку, бы з напаленай печкі. І тады полем блукалі карлікавыя смерчы. Яны неслі пыл, але такі чорны, што, здавалася, – попел.