Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Няхай валяць, – мітрапаліт павараціўся да Карнілы задам. – Дулеб ты багамерзкі.Кошка ўскараскалася пярэднімі лапамі на Грынеў бок і глядзела на Карнілу, нібы д’ябал з-за муроў пекла.– Купецтва ім насустрач кінулася. З мячамі.– Няхай сабе і так.– Кроў пральецца.– А нябесны наш айцец не праліваў крыві?– Дык разбараняць трэба, – амаль стагнаў Карніла. – З харугвамі ісці.– Вось няхай Лотр з Басяцкім бяруць свае пратэсы сатанінскія ды Камара бяруць ды ідуць. Пагляджу я.– Праваслаўныя б’юцца!– Малаважна... ідалапаклоннік ты. Няхай б’юцца. Як разбараняць, то я, а цэрквы ў нас розныя там Богушы адбіраюць ды ім аддаюць.– Лотр перадае: вярнуць праваслаўную Ніжнюю царкву.– Пук ты... Рэдзька няскрэбеная, смярдзючая... Якую Ніжнюю? Тую руіну, што ў замку? Хай ён сам там служыць, ракам у алтар поўзае ды спіною голай прастол ад дажджу закрывае... філісцімлянін. Там муры над зямлёю яму да задніцы... немец ён, жаўтапузік такі.– Ды не тую Ніжнюю... Тую, што на Падоле, пад Балонню.– І трохкупальную Ганны, – дзелавіта сказаў Грынь.– Пабойцеся Бога!– І яшчэ былое Спасаіконапрэабражэнне, што на Гараднічанцы. Драўляную... Даважка.– Добра, – змрочна буркнуў сотнік. – Толькі хутчэй. Мяшчане да складаў ірвуцца. Кардынал з іншымі пайшлі ўжо.Грынь Балвановіч раптам узвіўся так, што кошка, нібы падкінутая, пакацілася на падлогу.– Да скла-адаў?! Што ж ты раней не казаў?! Доўбня ты неўтаропленая... Даўгапят ты! Стрыгольнік1, праваслаўем пракляты!– Ужо і не ведаю я, чаго вы мяне так бэсціце? Дарэмна вы гэта.– Шатны2! Адзяянні! Ах, каб ім другога прышэсця не дачакаць!Усё яшчэ гучала анафема і раўлі валасатыя і безвалосыя зяпы, а “другое прышэсце” падыходзіла да брамы места. Уваходзіла ў яе.І наперадзе ішоў у прывязной барадзе і вусах адзіны хоць трохі самавіты чалавек з усёй гэтай кампаніі. Ішоў і нёс на плячах вялізны крыж. Ішло за ім яшчэ дванаццаць, усе ў радне, і на тварах іхніх было ўсё, што душа зажадае, толькі не святасць. Былі на гэтых тварах адбіткі галодных і халодных начэй пад дажджом і другіх начэй, ля карчомнага агню і ў хаўрусе з глякам віна. Было жыццё, якое сяк-так падтрымлівалася падманам... Ішоў, калі разабрацца, самы сапраўдны зброд: аматары выпіць, пад’есці, пераначаваць у чужой адрыне, калі гаспадара няма дома. Ішлі камедыянты, махляры, круцялі, лабатрасы, дагоднікі свайму чэраву, гарэзнікі, насмешнікі. На тварах іхніх былі посныя, добрапрыстойныя, набожныя міны – і гэта было недарэчна і смешна.За імі грукатаў драны жалкі фургон, а перад імі ішоў чалавек.З цярновым вянцом на лбе.

Раздзел VІ

Перад Старым рынкам, аддзеленая ад яго будынкам ратушы, ляжала маленькая квадратная плошча Ростань. Крыжападобна ішлі ад яе чатыры вулкі. Адна, самая кароткая, Старая вулка, злучала Ростань са Старым рынкам. Суседняя з ёю вуліца, Малая Скідзельская, вяла на ўсход. Яна злівалася з Вялікай Скідзельскай і за брамай выходзіла на Скідзельскі шлях, што вёў на Наваградак і Менск. Насупраць Малой Скідзельскай ляжала вулачка, што вялікай дугою ішла да заходняй брамы замка. Насупраць Старой – вуліца, што вяла да рамесніцкіх кварталаў.Апоўдні таго дня на Ростані было непрытульна. Два натоўпы стаялі адзін супраць аднаго. З боку слабод напіралі мяшчане і рамеснікі з дручкамі, пожагамі, мечнымі палосамі.З другога боку, загаціўшы выхад з Ростані на Старую, запоўніўшы ўвесь гэты кароткі завулак, калыхаўся натоўп гандляроў і багатых мяшчан. Гэтыя былі ўзброены лепей, але ў бойку лезці не спяшаліся. Атлусцелі. Спрыту не было ў членах. Ахвоты не было ў душах.