Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

На чале натоўпу стаяў сам бурмістр Юстын, у кальчузе і пры мячы. За ім шчацініліся дзідамі шэрагі багатых купцоў, цэхавых. У атачэнні асабістай варты стаялі ратманы і лаўнікі.Чакалі. Але ведалі: без бойкі не абыдзецца. З варожай вуліцы ўвесь час ляцела грознае:– Хлеб! Хлеб! Хлеб!Кірык Вястун не хацеў так, дарэмна, лезці на ражон. Паслаў у абход сыраядцам шэсцьдзесят падмайстраў і маладых мяшчан пад рукою разьбяра Кляоніка і Маркі Турая. Тыя нешта марудзілі. Проста перад сабою каваль бачыў вусы, разверстыя раты, налітыя крывёю вочы, зброю. Мільгнулі недзе сярод варожага натоўпу твары хлебніка і “рыбнага кардынала”.– Хлеб! Хлеб! Хлеб!Кірык ведаў: не адаб’юць хлеба, не прымусяць падзяліцца – людзі неўзабаве пачнуць пухнуць. Вось гэтыя, звычайныя людзі, сябры. Гэты чорна-сівы Гіаў Турай, і Ціхон Вус з залатымі вышэй кісці рукамі, і гэты дудар, чыя дуда зараз плача над імі, і гэты шэравокі мужык Зянон, і сотні іншых мяшчан і мужыкоў.Нехта крануў яго за плячо.– Ты чаго тут, Марка?– Выбраліся мы Шывальнай вуліцай на Заходні абход, а там духавенства ідзе. Дарогу перарэзала. Страшэнная сіла. Безліч. Калі вакол замка бегчы – не паспелі б. Яны вось-вось тут будуць. Хрэсным ходам разбараняць ідуць.– Што рабіць? – спытаў суровы Кляонік.– Ісці на гэтых, – змрочна сказаў Кірык. – Прашчнікаў сюды.Народ павольна пачаў выціскацца з вуліцы на Ростань, расцякацца ў шэрагі.– Вус, – сказаў каваль, – бяры дзесятак хлопцаў ды запры выхад з Заходняга абходу. Не пускай гэтых папоў нас разбараняць.– Не хопіць. Мала нас.– Як напруць, то адступай сюды.– А як яны між намі і імі разбараняць палезуць?– Бі па галовах, – гыркнуў Кірык.– Папоў? З розуму з’ехаў, ці што?– Папоў. Чаго ім у мірскія справы шчаміцца? Мы ў цэрквы не ломімся.Шалёна зараўла над галовамі дуда. Засвісталі над галовамі, заляскалі – пакуль тое, па бруку, каб напалохаць – каменні.– Хлеб! Хлеб! Хлеб!Два натоўпы сутыкнуліся якраз на мяжы Ростані і Старой. Доўбні мільгалі рэдка, ды імі і нязручна было дзейнічаць у цеснаце. Спадзяваліся галоўным чынам на кулакі. Біліся з ярасцю, аж храбусцела.– Хлеб! Куды хлеб падзелі, навалач?!Натоўпы віравалі.– Хлеб?! Гной вам есці! – крыкнуў хлебнік.Каваль навярнуў яму. Марка і Кляонік урэзаліся ў рады багатых плячо да пляча.І тут Вястун убачыў, як з трэцяй вуліцы пачала выплываць залітая золатам, іскрыстая маса. Над ёю клубамі віўся дым ладану.Ішоў хрэсны ход. Плылі праваслаўныя харугвы і каталіцкія пратэсы. У кранальнай еднасці. Нібыта ніколі не было і нават не магло быць іначай.– Ах ты, ратуй, Пане Божа, людзі твае! – вылаяўся Турай.Людзі Ціхона Вуса, хаця і вельмі павольна, але адступалі перад духавенствам. Ім нельга было біцца, яны стрымлівалі хрэсны ход дрэўцамі дзідаў, але вага тых, што ішлі, была нязмерна большая.Вястун ледзь не застагнаў. Два натоўпы біліся ўпарта: чулася лясканне камянёў аб латы, з храбусценнем ламаліся дрэўцы дзід, мільгалі кулакі. Лаянка, крык, праклёны стаялі над натоўпам.Але збіць гандляроў пакуль не ўдавалася. Яны стаялі насмерць, ведаючы, што калі адступяць са Старой на рынак – рамеснікі кінуцца да крам і складаў, а самім ім давядзецца змагацца на мосце, а там, як гэта не раз ужо было, будуць звяргаць з вышыні ў ваду, у роў.Яны разумелі, што, адступаючы, можна страціць і тавар і жыццё, і таму пасоўваліся назад вельмі павольна.Усё бліжэй плылі да месца бойкі рызы, пратэсы, крыжы, статуі на памостах. І вышэй за ўсё плыў над натоўпам убраны ў парчу і золата Хрыстос з усмешлівым васковым абліччам.