Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Прымірыцеся! – закрычаў Жаба. – Калі бракуе апекавання, падае народ, а пры шматлікіх дарадцах...– Яшчэ горш падае, – зарагатаў Кляонік.– ...працвітае, благадзенствуе. Ну, што вам трэба? Рай жа ў нас. Памятаю, выпівалі...Лотр, замыкаўшы ад ганьбы, вельмі спрытна прыкрыў яму далонню рот.– Браткі, браціе! – выгукнуў Балвановіч. – Мір вам! Мір! Што вам у гэтым хлебе? Не хлебам адзіным...З адчаем заўважыў Кірык, што бойка суцішылася. Шмат хто зняў магеркі. Рукі, якія толькі што крушылі ўсё на сваім шляху, пачалі класці крыжы.– Пан Бог сказаў: царства маё не ад гэтага свету. А вы ў гэтым свеце хлеб сабе шукаеце.– Гэй, бацька, спяваеш дужа салодка! – крыкнуў Дудар.На яго гыркнулі. Невядома, чым гэта ўсё магло скончыцца, але сапсуў сваю ж справу біскуп Камар. Насупіўшы грозныя бровы, ён сказаў:– А што хлеб? Тфу ён, хлеб!І, нібы скарыстаўшыся з ягонай памылкі, раптам страсна залямантаваў Зянон:– Язычнік ты! Паганец! На хлеб плюеш! А чым Ісус апосталаў прычашчаў?!Другі раз за два дні здзівіўся мужыку Вястун. Але не толькі ён. Здзівіліся і астатнія. Блюзнерства сказаў біскуп. Па-простаму задумаў пагаварыць, халера.Натоўп зароў. Друкі ўзляцелі над галовамі. Урэзаліся адна ў адну дзве масы, змяшаліся, спляліся. Шэсце, разубранае ў золата, ударылася аб жывы заслон, пачало свідраваць яго, імкнучыся стаць паміж тымі, што біліся. Гэта, аднак, не ўдавалася. Над месцам бойкі стаяў пах поту і пах ладану, вісела лаянка і дзікія гукі псалмоў, хісталіся – усё ўперамешку – крыжы, друкі, дзіды.Зверху ўсё гэта моцна нагадвала тры стралы, нацэленыя вастрыямі адна ў адну, крыж з адламанай ножкай.У крыжа не хапала адной часткі. Але ў самы разгар сутычкі з’явілася і яна: з Малой Скідзельскай вуліцы павольна выходзілі трынаццаць чалавек у радне. Трынаццаць, пакрытыя пылам усіх бясконцых беларускіх дарог. Такіх журботных, такіх манатонных, такіх пяшчотных.– Стой-ойце! Глядзі-іце! – закрычаў нехта.Крык быў такі, што бойка адразу суцішылася. Ашалелае маўчанне павісла над натоўпам. Кірык бачыў, што ўсе пераглядаюцца, але ніхто нічога не разумее. І раптам – спачатку нясмела, а потым ярасна – раскаціўся над гурмою багатых рогат.Хлебнік паказваў пальцам на шэсце:– Глянь, гэты ў мешкавіне.– Крыж нясе, – рагатаў рыбнік. – І вянец. Гэй, дзядзька, лоб паколеш!Рогат неўзабаве заразіў і бедных мяшчан.– Морды ў іх штосьці мятыя, – скаліў зубы Зянон.Кляонік трымаўся за жывот:– Не, вы глядзіце, якая ў яго морда круцельская. Святы ваўкарэз.Не рагатаў адзін Лотр. На вуснах ягоных была грэблівасць. Нават ён не зразумеў, што гэта містэрыяне.– Гэтага яшчэ не хапала. Самазванцы.– Сказана бо, з’явяцца лжэпрарокі, – прабасіў Камар.Усё бліжэй падыходзілі да маўклівай гурмы тыя трынаццаць.– Сотнік, вазьмі іх, – сказаў Лотр.Карніла падаў знак варце і павольна рушыў насустрач ліцадзеям. Зачапіць чалавека з крыжам усё ж не пасмеў. Працягнуў руку да грузлага Багдана Роскаша.– Не руш мяне, – наліўся крывёю Багдан. – Я беларускі шляхціц!Але варта ўжо кінулася. На вачах у бяздзейнага натоўпу закіпела ярасная, кароткая сутычка.– Мы ліцадзеі! – крычаў Братчык, але ніхто не чуў яго ў агульным шуме.Апосталы супраціўляліся адчайдушна. Асабліва адзін, чорны, як цыган, з чорнымі, бліскучымі вачыма. Ставіў падножкі, штурхаў – з грукатам валіліся вакол яго людзі ў кальчугах. Урэшце на яго населі пяцёх, прыціснулі да зямлі. Ён звіваўся ў пыле, як вугор, і кусаў ворагаў за лыткі.