Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Натоўп зарагатаў. Ганец наліўся барваю, пачаў гарачыць каня, пусціў яго на людзей. Але тыя ўсё яшчэ смяяліся. І тады ганец злосна кінуў:– Не чулі, думаеце, як вы прышэсце Хрыстова клікалі? У нас паўсюль вушы, мякінныя вы галовы. Так вось, ні села ні пала, Хрыста захацелі. Ды вам больш патрэбныя карчма, нагайка ды турмы для зладзеяў. А “Хрыста” вашага зараз – порсь!Правёў рабром далоні па глотцы. Зноў узняў каня, павярнуў, пусціў наўскапыт.І дарэмна. Таму што пасля ягоных слоў над людскім скопішчам павіснула прыгаломшаная цішыня. Цяжка, відаць, варочаліся думкі за зблытанымі валасамі, што звісалі на лбы. Але затое гэтыя думкі былі падобныя.– Хлопцы, – раптам падаў нехта голас, – гэта ж ён чаго такога сказаў?Вястун абвёў вачыма Ростань. Сям-там моўчкі стаялі купкі рамеснікаў. Багатыя збольшага разышліся: няма чаго было тут рабіць.У каваля асекся голас, калі ён ціха сказаў:– Хрыста?– Па ката паехаў ганец, – змрочна сказаў Гіаў Турай.Навісла маўчанне.– Слухайце, – сказаў раптам Зянон, – а мо і сапраўды Хрыста? Можа, гэта яны Хрыста ўзялі?Вус разглядаў залатыя далоні, нібы ўпершыню іх бачыў.– Дарма з палатніны смяяліся, – сказаў ён. – Апосталы, халера на іх, так і хадзілі.– І сапраўды, радно, – уздыхнула нейкая бабуля. – Грубае. Я ўжо ведаю. Колькі той палатніны рукі мае ўткалі. Грубая. Апостальская.Кляонік і Марка іранічна глядзелі на ўвесь гэты роздум.– Гэта значыць, і мы такія самыя апосталы, – сказаў Марка.– Не вярзі, – абарваў яго стары Турай.Людзі думалі. Людзі марудзілі разыходзіцца, хаця заставалася іх на плошчы Ростань зусім мала.Маўчалі.

Раздзел VІІ

Праз гадзіну пасля таго, як ганец паскакаў па ката, ліцадзеяў вывелі з часовай маленькай цэлі ў ніжнім паверсе заходняга нефа і павялі вузкім, як падземны ход, калідорам. Дзікія сцены і нізкае, рукой дастаць, скляпенне ціснулі на душу. Па баках трапляліся каморы ваякаў. У іх блішчалі на сценках шчыты і мячы. У гарачым вільготным паветры ледзь трапяталі языкі свечак, пахла потам, скуранымі рамянямі, іржою, алеем для зброі. Варта моўчкі ішла вакол, а наперадзе, з паходняй, ішоў Пархвер, згінаючы галаву. Толькі тут можна было зразумець, адкуль такія пісягі куродыму на скляпеннях.У другім нефе каморы трапляліся радзей: відаць, кожныя дзверы вялі ў некалькі пакояў. Там, дзе гэтыя дзверы былі адчынены, можна было ўбачыць, што жытла тут багацейшыя: віселі на мурах кілімы, срэбныя люстэркі, на маленькім наборным століку за аднымі дзвярыма Юрась заўважыў вялікія, вельмі багатыя шахматы.Увайшлі і ў тронную залу, скупа асветленую двума камінамі, дзесяткам смаласкопаў і верхнім святлом праз вузкія вокны. Сцены тут былі беленыя, разарваныя сямтам гранітнымі неатынкаванымі зверху брыламі. Зроблена гэта было для прыгажосці: роўная белая паверхня, а на ёй, плямамі няроўнай формы, шэрыя, крывавыя, зеленаватыя бакі камяніскаў. Тут і там гэтая прыгажосць была завешана старымі кілімамі і нетутэйшымі габеленамі. На іх вісела зброя.– Схапіць бы, – шапянуў Роскаш.– Ну і дурыла, – прашалахцеў цыганаваты. – Усім вядома: клінкі тут прымацаваныя да піхваў. Каб не хапалі зброю пры асобе караля, калі сварыцца пачнуць.Трон белай косці, пакарбаваны золатам, стаяў у другім канцы. Дзве жалезныя жывёлы нібы вартавалі яго з двух бакоў: воўк і арол.Ля сцен стаялі лавы, укрытыя налаўнікамі з сукна і футраў, і лавы-скрыні са спінкамі. З адной такой лавы служка, адкінуўшы сядзенне, даставаў зараз срэбныя і залатыя кубкі, доўгія сталовыя нажы – у кожным дзюймаў пятнаццаць, – лыжкі і іншае. Клаў іх на рассцелены абрус. Падчас вялікіх прыёмаў да гэтых лаў прыносілі і ставілі літарай “П” сталы.