Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

У цыганаватага, калі ўбачыў такое багацце, аж заблішчэлі вочы. А Багдан і ўвагі не звярнуў. Глядзеў на разьблёныя спінкі лаваў. На іх сядзелі за сталамі людзі ў багатых вопратках, чокаліся вялізнымі кубкамі і куфлямі, угрызаліся ў шынкі і аленевы сёдлы.– Багата жаруць, – праглынуўшы сліну, шапянуў ён.– Змоўч! – гыркнуў Пархвер.Маленькія, страшна маленькія, яны ішлі залай. Скляпенні былі недзе нязмерна высока, куды вышэй нават за недасяжнае дзённае святло з акон. Настолькі вышэй нават за яго, што безнадзейна губляліся ў цемры. Круцілася галава, калі выпадкова глянеш угору.Цьмяна зіхацеў над тронам срэбны авал з упісаным у яго прамым шасціканечным крыжам – старой, яшчэ да часоў Воўчага Хваста1, эмблемай гэтых земляў. Паганскай яшчэ эмблемай, якую пакінулі за схожасць са знакам Крыжа.– Гэна... зірні, – сказаў Акіла Кіёвы, – гэна... Юры святы.Яшчэ вышэй за крыж, ужо амаль у поўнай цемры, узносіўся над усім, пагражаў мячом і прымацаванай да страменнай пятлі дзідай жалезны, крыты пацьмянелым срэбрам конны волат, агульны Патрон.– Н-ну, крумкачова мяса, – сказаў са смехам Пархвер. – Хутчэй, халеры. Вам і Юры не паможа... Магу вось вам пад канец дзіва паказаць. Ану ты, лысы, задніца святога Пятра, ідзі да княжага месца.Жарнакрут вагаўся.– Ідзі-ідзі. Забіваць не буду.Мірон павольна пайшоў. Перад княжым месцам падлога залы трохі, на тры-чатыры вузкія прыступкі, падымалася. Жарнакрут ступіў на першую, другую, трэцюю... І тут здарылася нешта такое, ад чаго можна было пасівець. Гулкі, металічны, страшны па сіле брэх забіўся аб муры, пачаў выбухаць пад скляпеннямі.Натапырыўшы жалезныя, падобныя на пер’е, пасмы загрыўка, шырока раскрываючы пашчу, бумкаў, брахаў жалезны воўк. Павольна ўздымаліся крылы арла.Жарнакрут кулём скаціўся ўніз, пабег да астатніх. Брэх змоўк, і ад раптоўнай мёртвай цішыні зазвінела ў вушах.– І жалеза на вас брэша, – выскаліў зубы Пархвер. – Таму што кожнаму сваё месца. І ніякаму чалавечку без дазволу вышэй першай ступенькі не ісці, і наперад не кідацца, і месца сваё ведаць... Ну, хутчэй, хутчэй.Моўчкі пацягнуліся яны калідорам першага ўсходняга нефа.– Што будзе? – вельмі ціха спытаў у Юрася той, каго ён клікаў Іосіяй.– Баюся – канец, – адказаў Братчык. – Іначай ён бы нам таго патаемнага сродку ад замахаў не паказаў. Ты чуў калісьці аб гэтым?– Не.– І я. Усё, значыць, ужо вырашана.Яны ішлі ў змрочнай цішыні. Трапяталі агні паходняў.– Рукі звязаны, – сказаў Братчык. – Не думаў я, што такі хуткі будзе канец.Іосія прамаўчаў....Яны ўзняліся па стромых сходах і ўвайшлі ў судную залу.– Мікіпар, – сказаў Пархвер. – Ідзі зараз да войта, вазьмі ў яго ключы ад катоўні і каменных мяхоў.– Не трэба, – сказаў раптам мяккі, вельмі багаты інтанацыямі голас з кута. – Адпачні, сын мой Мікіпар. Я схаджу сам. Мне трэба бачыць войта.Ніхто не заўважыў, што ў цёмным кутку за сталом сядзеў над світкам Фларыян Басяцкі, і таму ўсе здрыгануліся ад нечаканасці.Патаемны лыцар Езуса накінуў на галаву капюшон і не пайшоў, а паплыў да выхаду.Праходзячы паўз Юрася, ласкава дакрануўся далонню да ягонай рукі. Знік. Братчыка перасмыкнула. Ён упершыню бачыў тут такіх людзей. Нібы нешта патаемна-нячыстае, халоднае, недаступнае ніякім страсцям, апаганіла руку. Нібы, прачнуўшыся ўначы, з жахам адчуў на ёй слізкі ход змяі.– Ключ ад катоўні? – непаразумела спытаў Акіла. – Гэна... Яно, сказаць бы, нашто?