Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Вашамосць...Маўчанне. Рукі цяпер ставяць на дно лясы. Шмат лясоў.– Вашамосць, гэтыя... хадакі са Шчучынскага наваколля просяць падатак збавіць. Сорак два чалавекі па колькасці вёсак. Не ідуць прэч.– І не думай. “Ідзі з падарункамі – і добра табе будзе”, – сказаў Саламон. А я ў калегіюме вучыўся. Я трохі-трохі разумнейшы за Саламона.Пасля на дне начовак з’явіліся ўжо хаткі, дамочкі, садкі, кароўкі і конікі на зялёных плямах.– Крыкам крычаць, вашамосць.– Тады павесіць, – гікнуў Жаба. – Па-ве-сіць. “Карай сына і не абурайся крыкам ягоным”, – сказаў Саламон. А я паразумнейшы за Саламона. Я, можа, сам ёсць бог. Га?– Так. Так.– Ідзі.Служка пайшоў, вырашыўшы ўсіх не вешаць, а павесіць, дзеля постраху, аднаго-двух. Жаба расстаўляў цяпер на дне фігуркі людзей. Лялькі былі драўляныя. Рукі іхнія, змацаваныя на суставах ніткамі, боўталіся. Урэшце скрыня апусцела. Войт пацягнуў з суляі і адставіў яе. Абапёрся падбароддзем на кулакі і зверху стаў глядзець на ночвы.Плылі рэкі, стаялі гожыя гарады, пасвіліся на паплавах чароды. Жаба глядзеў на гэтую жывую, шчаслівую зямную лагчыну з замілаваннем.– Хочаш да мяне? – спытаў ён у адной лялькі.Лялька маўчала.– Глядзі, пашкадуеш.Ён узяў суседнюю фігурку і паставіў яе бліжэй да хаты... Потым уздыхнуў і выцягнуў з дна бочкі шпунт. У начоўкі нямоцным струменем паліла вада...– “Ад чалавека да жывёлаў і гадаў”, – прашаптаў Жаба.Ноздры ягоныя дрыжэлі, пашыраліся. Вада ўжо разлілася па дне начовак, дасягнула лялькам да каленяў. Жаба пераставіў тых з іх, што былі блізка, на стрэхі хацінак. Астатнія паступова заліваліся вадою і не ўсплывалі, бо ў ножкі быў заліты свінец.Вось ужо заліло авечак... кароў... коней... Некаторыя чарапяныя і касцяныя фігуркі ўсплылі, бо былі пустыя ўнутры. Вада паступова набіралася ў іх, і яны павольна апускаліся ў яе. Астатнія засталіся, варушылі над напорам плыні рукамі, уздымалі іх па меры таго, як падымалася вада. Нібы цягнулі гэтыя рукі да тых, што былі на стрэхах.Потым вада заліла іх з галавой, і яны стаялі, узняўшы рукі ўгору. Плынь пачала ўкрываць дворныя пабудовы... дахі...Войт узяў адну ляльку са страхі і паставіў яе на званіцу. Вада ўжо заліла хаты і дрэвы. Толькі плавалі, паступова запаўняючыся вадой, некалькі лялек. Маленькія бурбалкі вырываліся ў іх з ратоў: відаць, у паветраны звон іхняга полага цела вялі тонкія, як волас, праходы.Жаба ўзяў адну фігурку і паставіў яе на край ночваў. Усміхнуўся ёй....Заліло ўжо і званіцы. Павольна ішлі на дно “плыўцы”....І калі ўсе яны зніклі, войт зняў з краю ночваў самотную фігурку, апусціў яе на ваду і стаў сачыць.Якраз у гэты момант дамініканец праслізнуў у дзверы.– Хадземце, вашамосць. Хадземце, сын мой.– Куд-ды? – не адрываючыся ад відовішча, спытаў магнат.– Рада сабралася. Самазванца гэтага, Хрыста з апосталамі, судзіць.– А-а. Гэта я заўсёды.Фларыян заўважыў стан свайго субяседніка.– Можаце і застацца. Нам толькі ключы ад “апраметнай”.– Н-не-е, – закруціў галавою Жаба. – Гэта, можа, у іншых войтаў так. А я такі войт, што ключы гэтыя ў мяне з-заўсёды на поясе. Без войта не адчыніце. Хочаце адчыніць – ідзіце па войта. Раз “апраметная” адчынена – значыцца, войт там... Дзе кат?– Паскакалі за ім.– Эг-ге. Добра... добра.Фларыян Басяцкі глядзеў на начоўкі:– Нашто ж гэта вам пэцкацца па дробязях? Улады і сілы над гэтымі мясцінамі ў вас хапае.І раптам зразумеў. Сказаў з бацькоўскай усмешкай: