Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– А-а, разумею, спроба перад вялікімі справамі...– Ал-ле.Войт пайшоў за мніхам. На імгненне затрымаўся ў дзвярах і кінуў прагны позірк на начоўкі. Там, на паверхні вады, нікога ўжо не было.Роўнядзь.

Раздзел VІІІ

За апошняю з Гародзенскіх слабод, у глыбокім вільготным яры, наводдаль ад усялякага жытла, прыткнулася ля крыніцы халупа пад дзярновай страхой.Ганец скочыў з каня, штурхнуў скалочаныя з аполкаў дзверы і спыніўся: так раптоўна, пасля сонечнага святла, цемра ўкрала вочы.Некаторы час ён стаяў, нібыта сляпы, потым убачыў акенца, сноп святла, у якім курыўся дым, і высока над сваёю галавой – дзве пары зялёных вачэй.Вочы на хвіліну зніклі, потым нешта мякка ўдарылася аб падлогу, і вочы загарэліся ўжо каля зямлі. Наблізіліся. Нешта мякка пацёрлася аб ганцову нагу. Ён закалаціўся ад мярзоты.– Агысь, – кінуў ён безасабовы выгук, таму што не ведаў, якую істоту ён гоніць.Свінні ён крыкнуў бы “аюц”, авечцы “ашкір”, але тут, не ведаючы, жывёла гэта ці, можа, сам д’ябал, разгубіўся.– Апсік! – прагучала з цёмнага кута.Кот адышоў і завуркатаў. І толькі калі ён трапіў у квадрат святла на падлозе, ганец зразумеў, чаму ён не бачыў яго. Кот быў чорны, як кітайскі атрамант і як сама цемра: вялізны, з ягня, гладкі кацяра.Вочы трохі прызвычаіліся да цемры. Ганец убачыў невялікі пакой. Падлога была гладка адгабляваная і напалову, дзе бліжэй да ложка, укрытая шкурамі. Ложак таксама быў пад шкурамі, а над ложкам віселі два мячы, абодва двухручныя і даўжынёй амаль з чалавека.Роўны прызначаўся для дваран, палітычных злачынцаў і ўвогуле дзеля перарывання тых злачынстваў, у якіх суд не знаходзіў элементаў ерасі. Працаваць яму з гэтай прычыны даводзілася рэдка. А хвалісты, які не толькі сек, але яшчэ і рваў мускулы, быў дзеля людзей больш простых і ерэтыкоў. Гэтаму даводзілася б працаваць і працаваць, каб не такая акалічнасць, што простанароддзе ахвотней вешалі, а ерэтыкоў палілі.Такім чынам зберагалася ўласцівая натуры раўнавага.На лязе хвалістага мяча было выразана апошняе слова на дарогу: “І nunc...”1, хаця кат лаціны не ведаў.Стаялі яшчэ ў пакоі, у самым цёмным куту, разьблёная шафа, на якой блішчалі вочы другой невядомай істоты, стол і рознакаліберныя крэслы. І ад гэтага рабілася непамысна, бо адразу ўспаміналася, што кат мае права на адну рэч з канфіскаванага абсталявання асуджанага (астатняе забіралі суддзі і следчыя, аддаючы сёе-тое даносчыку).Халупа, відаць, была ўкапана ў схіл яра, таму што, вельмі малая знадворку, яна мела працяг: вялікае зусім цёмнае памяшканне, падобнае на пуню. Памяшканне было аддзелена ад першага пакоя завесай з аблезлых шкур.– Чаму не прыйшоў Пархвер? – спытаў той жа самы ясны голас. – Па мяне заўсёды прыходзіць Пархвер.– Сёння яму не да таго, – сказаў у цемру ганец.– Як гэта не да таго? Ён што, не мог мне выказаць павагу? Ён што, не ведае, хто я?– А што ён павінен ведаць?– А тое, што з высокіх людзей толькі шчаслівы пазбягае маіх рук. Як і д’яблавых лап. І таму са мной трэба сябраваць. Як трэба мець, на ўсякі выпадак, прыяцеляў і ў пекле.– Важная справа, гаспадар.– Ну, добра.Вочы ўрэшце прыстасаваліся да цемры. Толькі верх шафы безнадзейна губляўся ў ёй, і таямічай істоты нельга было разгледзець. Але астатняе было відаць.Кат сядзеў ля ложка на падлозе і складаў з пруткоў нешта дзівотнае, з крыламі.