Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Зараз, – сказаў ён. – Дамайструю вось толькі, і паскачам.Быў ён шырокі ў плячах, руках і клубах, але нейкі млявы і нібыта нават спешчаны. Аблічча шырокае. Бровы чорныя. Жорсткія мускулы ля рота. І дзіўна было бачыць у невялікіх вачах адценне нейкай дзіўнай меланхоліі, а ў беспярэчных складках ля рота – іронію і расчараванне.– Гэта чаго?– Я, братка, вынаходца.– А гэта нашто? Клетка?– Угу, – сказала з шафы невядомая істота. Нібы ў бочку.– Змоўкніце, пан, – сказаў туды кат. – Так, гэта клетка.Памаўчаў. Потым сказаў з прыемнай канфідэнцыйнасцю:– Разумееш, шырыцца маці наша царква. І рымская шырыцца, і ўсходняя. Рымская асабліва. І невядома, якая возьме верх. А хутчэй за ўсё – рана ці позна памірацца. І прыйдзе час – будзе яна, правая вера, над усімі інымі паганскімі верамі, над усім светам. І нават над жывёламі і гадамі. Усіх, хто хоць трохі іначай думае, змяце. І будзе тады рай, цішыня і добрарастварэнне ваздухоў. Чалавека, яго маці наша пяшчотай, ды неадступным апекаваннем, ды бацькоўскімі клопатамі ўловіць у мярэжу Божага царства і любві. А вось з жывёламі і гадамі цяжэй. Яны сабе скачуць, гуляючы вясёлымі нагамі, поўзаюць, ды лётаюць, ды пяюць, і няма ім справы, што распіналі калісьці хрысціян і, значыцца, цяпер хрысціяне да сканчэння свету павінны распінаць іншых і панаваць над імі. Паспрабуй улаві іхнюю душу. І ніхто над гэтым не думае. Ні філосафы гэтыя, ні акадэмікі, ні паэты, ніхто... Ёсць, вядома, ёсць, нічога не скажу. Але неяк усё бяскрыла, неяк усё толькі на людзей2. І раз яны, саплівыя кніжнікі, не хочуць думаць аб будучыні чалавецтва і ўвогуле ўсяго жывога – трэба гэта ўсё ўзяць у нашыя моцныя рукі. Мы не падрыхтаваліся. І камусьці трэба думаць аб будучыні, і рыхтавацца. Вось я, сціплы чалавек, і майструю.Кат прымацаваў да паробкі другое крыло.– Гэта клетка для салаўя, – ён разглядаў яе з пяшчотай і законным гонарам творцы. – З крыламі. Лятучая. Лётай сабе ў ёй дый слаў Пана Бога і нашу царкву.І нечакана лёгка ўскінуўся на ногі.– Хадзем, чаго табе пакажу.Ён хутка пайшоў да завескі, адшморгнуў яе і запаліў свяцільнік. У няпэўным мігатлівым святле праступілі ля сценак вялізнай пуні дзесяткі дзівотных, незвычайных для вока машын і спаруд.– Усясільны ён, усё ён можа, чалавечы мозг, калі з ім Бог і царква, – ціха сказаў кат. – Бачыш, унь прыбор для здабывання мозгу цераз нос і даследавання яго на прадмет небяспечных думак. Бяда толькі, вымае добра, а вось назад уставіць, калі нічога не знайшоў, – гэтага яшчэ не дабіўся. Нічога, даб’юся. Гэта доўбня з прываднымі коламі. Калі ўдала стукнуць год у трынаццаць – ніякіх думак і замераў у чалавека больш не застанецца, акрамя замеру маршыраваць і атрымоўваць за гэта хлеб.Ён песціў рукамі машыны.– А ото клеткі.Адна клетка была вялізная, як карабель, абцякальнай формы, з шарнірнымі лопасцямі.– Унь плаваючая клетка. З плаўнікамі. Для кіта... А унь там – бачыш, з нагамі – бегаючыя, для львоў... Гэ, брат, тут тыдзень можна паказваць. Клеткі розныя. Хачу яшчэ такія, каб поўзалі, прыдумаць. Для чарвякоў.– Для чарвякоў, бадай што, лішняе, – падаў голас ганец.– Ну, не кажы. Мала што! Яны таксама ля карэнняў рыюць. Паехалі?Ён падпяразваў сарочку скураным рэменем з кручкамі. Сарочка была відавочна з чужога пляча, і ганцу зноў стала непамысна.Кат узяў меч.– Можа, і не трэба, – сказаў ганец.– Ну, на ўсякі выпадак. А што?