Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Лотр адвёў вочы.– Няма такога пачынка П’яны Двор, – спалохана сказаў пісар.– Ну? – спытаў Лотр.– Правільна. Няма. Цяпер яго няма. І жыхароў няма, – сказаў Юрась.– Ну-ну, – успыхнуў Камар. – Ты тут на нашых душах не іграй. Татары, ці хто, пабілі?– Татары, толькі не абрэзаныя. Не раскосыя. Не ў чалмах.Басяцкі звузіў вочы.– Ясна. Не круці. Чаму няма ні ў чарцяжы, ні ў пісцовых кнігах?– І не магло быць.“Ясна, – падумаў Юстын. – Пайшлі, відаць, у лес, расчысцілі пачынак дый жылі. А потым з’явіліся... татары... і пабілі. За што? А Бог яго ведае за што. Можа, ад пабораў уцяклі людзі? А можа, сектанты. Веру сваю ерэтычную ратавалі. І за тое і за другое выбіць маглі”.– Ляднікі? – спытаў Балвановіч. – Вольныя аратаі лясоў?– Не магу напэўна сцвярджаць, – сказаў з усмешкай Братчык. – Мне было сем год. Я вырас на гнойнай кучы, а ўзмужнеў сярод ваўкоў.– Так, – сказаў Лотр. – Ты гаворыш не як прасталюдзін. Чытаць умееш?– Умею.– Распусцілі гадаў, – буркнуў Жаба.– Дзе вучылі?– У калегіюме.“Ясна, – зноў падумаў Юстын. – Бацькоў, відаць, выбілі, а дзіця аддалі ў Божы дом, а потым, калі ўбачылі, што не здох, узялі ў калегіюм”.Ён думаў так, але паручыцца нізавошта не мог. Магло быць так, а магло быць і так, што прайдзісвет маніць. Можа,і зусім таго П’янага Двара не было, а гэты – каралёў злачынец ці ўвогуле адроддзе пекла.– У якім калегіюме?– Я шкаляр Мірскага калегіюма...Лотр пакасіўся на яго. Жаба змоўк. Бурмістр Юстын бачыў, што ўсе, акрамя яго і пісара, глядзяць шкаляру ў вочы. Ён не глядзеў. Так яму было лягчэй.Пісар гартаў другую кнігу.– Няма такога шкаляра, – сказаў ён. – Ні ў Міры і ні ва ўсіх калегіюмах, парафіяльных школах, бурсах, царкоўных і іншых школах няма такога шкаляра.– Так, – сказаў Братчык. – Ц я п е р няма. Я б ы л ы мірскі шкаляр.Пісар працаваў як машына:– І сярод тых, што скончылі і атрымалі...– Мяне выгналі з калегіюма.Дзіўна, Юстын фізічна адчуваў, што гэты невядомы хлусіць. Мо таму, што не глядзеў яму ў вочы. І яму было дзіўна яшчэ і тое, што вераць гэтаму валацугу ўсе астатнія.– За што выгналі? – прачнуўся біскуп Камар.– За памяркоўнасць, спагаду і... сумненні ў веры.Юстына аж перасмыкнула. Вераць і дапытваць не будуць. Вераць, што ты з П’янага Двара, што ты шкаляр. Але што ж ты гэта зараз сказаў? Як з месіка зваліўся, дурыла. Распісаўся ў самым страшным злачынстве. Хай бы тут быў папа, Лютар, усе бацькі ўсіх цэркваў – для ўсіх іх няма нічога горшага за гэта. Цяпер канец. І як ён сочыць за тварамі ўсіх.– Іншаверцам, пэўна, спагадаў? – спытаў Лотр.Юрась усё маўчаў. Глядзеў у вочы людзей за сталом. Адна нянавісць была ў іх. Адно непрыняцце. Братчык адвёў вочы. Спадзявацца не было на што.– У чым сумняваўся?– У святасці Лота, пан Лотр. Я чытаў... Я даволі добра ведаю гэтую гісторыю. Анёлы дарэмна ўступіліся за свайго сябра. Не трэба было паліваць нечасцівыя гарады агнём. Няварта было ратаваць адзінага праведніка. Ледзь ён пазбегнуў небяспекі, як учыніў яшчэ горшае. Паўсюль адна брыда. Павольна жывуць і змяняюцца людзі. Цяжка жыць сярод іх і паміраць. Але што зробіш? Вольныя мы з’явіцца ў гэтым свеце і ў гэты час, але не вольныя выскачыць з іх. Кожнага кліча ў с в о й ч а с зямля.– Нешта такое дзівотнае ты ўкладаеш у вушы нашыя, – ялейна сказаў Басяцкі. – Ні храна не зразумець... Ну?– Ну, я і пайшоў па зямлі... Без надзеі, але каб ведаць усё і жыць, як усе. Ні мне, ні ім і ні вам анічога не дапаможа. Шчасце не з’явіцца перадчасна. Але застаецца цікаўнасць, дзеля якой мы... ну, як бы гэта вам сказаць... з’яўляемся ў гэты свет, калі... наш Бог вядзе нас у яго.