Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Іудзей зноў усміхнуўся белазубаю ўсмешкай. Лыцар Езуса паглядзеў на яго і раптам спытаў:– Гэта праўда, што вы ўзялі ад старажытных ібераў3 агідны і брыдкі Богу звычай паласкаць свае зубы мачою і таму – вось хаця б у цябе – яны такія белыя?– У мяне яны таксама белыя, – сказаў Братчык. – І ў многіх тут, хто здаровы.Але яго ніхто не слухаў.– Ну? – спытаў дамініканец.– Адкуль гэта вядома? – спытаў Іосія.– Катул, хаця быў паганец і кнігі яго паляць, данёс да нас гэтую звестку: “Чым хвалішся, трусінае адроддзе, ты, кельцібер брыдкі, мо выскалам зубоў, што ты мачой мыеш?” І яшчэ: “І хто з тых кельцібераў белазубейшы, той, значыць, і мачу хлябтаў руплівей за ўсіх”.– Гэта брыдка, – раптам сказаў Юстын.– Вядома, брыдка, – згадзіўся Жаба.– Гэта абрыдліва, – сказаў Юстын.– Ну? – спытаў Фларыян.– Магчыма, – сказаў Раввуні. – Я вось увесь час гляджу на вас. У вас зубы яшчэ бялейшыя за мае... І вы былі ў Іспаніі.Па зале пракаціўся кароткі рогат. І змоўк. І толькі тут усе заўважылі, што ў мніха сапраўды белыя, але вострыя, як у сабакі, зубы. Ніхто неяк раней не заўважаў, таму што ён вечна ўсміхаўся, але толькі аднымі вуснамі.– Гэта мярзотна, урэшце, – узвысіў голас Юстын. – Я забараняю гэта. Няхай агонь, абы не пляваць на вогнішча. Звер ірве ворага на кавалкі, але не паплюжыць яго. І чаго варты воін, які займаецца тым, што ганьбуе і бэсціць праціўніка? Што б вы сказалі аб бітве, дзе абодва бакі замест таго, каб біцца, узводзяць паклёпы адзін на другога?– Вы што? – шчыра здзівіўся мніх.– Мне абрыдла. Я хрысціянін і, як хрысціянін, дбаю аб веры і таксама не люблю людзей, якія распялі майго Бога. Але тое, што вы кажаце – паклёп. Гэты ваш пісака, па-першае, не бачыў ніводнага іудзея. Ён проста няславіў шчаслівага суперніка ў каханні. Не ведаю, ці хлябталі кельціберы мачу, – хай гэта будзе на ягоным сумленні. Калі гэта не так – ён проста брахун, як усе пісакі. А вы – горшы за яго. Вы – паклёпнік. У той час ва ўсёй Іберыі не было ніводнага іудзея. Ніхто не патрабуе, каб дзве арміі паклёпнічалі адна на адну. Іхняя справа – біцца... Кажы далей, іудзей.Суровы, нягледзячы на разбэшчанасць, пасечаны шнарамі, адзначаны ўсімі распустамі Юстынаў твар быў у гэты момант страшны. З-пад падстрыжаных у скобку валасоў вуголлямі гарэлі вочы. І раптам з яго нібы нехта выпусціў паветра. Ён сеў і безнадзейна махнуў рукою:– А-а, што там. Усё адно.З гэтай хвіліны бурмістр нібы звяў і да самага канца ўжо не праяўляў ніякай цікавасці да таго, што адбывалася ў зале.Басяцкі непаразумела зірнуў на Лотра. Той паціснуў плячыма, – нічога, маўляў, глупства, бывае – і пакруціў пальцам ля лба.– То за што цябе выгналі? – спытаў Лотр.– Дзіўнае пытанне. За што выганяюць людзей? За тое ж, за што і яго, Братчыка.– Раскажы падрабязней.– Гм, мая справа пачалася два гады таму, на яўрэйскае свята Рабігул Ахір. Менавіта тады я пачаў хаця трохі разумець усе кнігі. І якраз тады ў абшчыне з’явіўся адкупшчык Шамоэл. Бачылі б вы ягоныя вочы. Гэта быў... Ну... Мне не хапае слоў... Ну, воўк... Ну, Алаферн... Ну, Сенахірым... Ён быў для іудзеяў горшы за ўсіх самых страшных ворагаў. І не было волі Божай, каб ён здох, як... асірыянін... Пачалося пекла... Абшчынны збор вырас так, што нам не было як жыць, і ўвесь ён трапіў у гэтыя рукі... Бачылі б вы гэтыя рукі! Тлустыя, у поўсці, усе ў бранзалетах... І з ім была трэць абшчыны, а астатнія не мелі кавалка салонай рыбы. Ён разарыў і ўсё наваколле, нячысты пёс. Ён і астатнія ягоныя людзі багацелі. І калі раней я думаў, праходзячы паўз могілкі, што тут ляжаць самыя лепшыя гоі, то цяпер я зразумеў, што вораг – ён, бо ён точыць... знутры... Бо ён філісцімлянін... Бо ён вораг іудзею і ўвогуле чалавеку. Як вы. Мне варта было б маўчаць, але дурны Іосія не маўчаў, і вось яго выгналі, і ён быў па-за законам для сваіх і чужым, падазроным для іншых... Мне варта было б маўчаць. Але я ўстаў і стаў крычаць на яго, і бэсціць... і выкрываць яго, як Іерамія... Гора мне! Першы раз я крычаў на яго ў мінулым ліпені, на пост руйнавання храма. Я крычаў, што такіх, як ён, не павінна насіць зямля, што ён – паківанне галавою для іншых. А ён і ягоныя блюдалізы смяяліся. А наш рабін дакараў мяне.