Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

(Ён яшчэ трохі выпрастаўся. І тут усім стала ясна, што ў гэтым кволым целе гарыць магутны дух старажытных прарокаў. Гарыць нават за баязлівасцю. Рукі гэтыя не маглі ўдарыць, але нельга было згасіць гэтае полымя.)І потым я выкрываў яго на Хамішо. Я пляваў у ягоны бок і казаў, што ён рабуе сваіх. Я пляваў у ягоны бок, а яны ўсе плявалі ў мой бок. І мне б... маўчаць... Але я забыў лёс прарокаў і тое, што іх заўсёды пабівалі каменнямі. І я выкрываў яго на пост Хедалі і крычаў, што Ізраіль стаў раб і зрабіўся здабычаю гэтай чумы і яго, Шамоэла, трэба пабіць каменнямі, бо мужыкі з-за яго наракаюць на нас і край гэты можа зрабіцца для нас краінаю змроку. І рабін наклаў на мяне пакаянне, а тыя бэсцілі мяне, а іншыя наракалі на мяне, хаця не мелі кавалка хлеба... І потым я, думаючы, што абудзіцца сорам у народа майго, выкрываў Шамоэла на першыя дні... кучак. Я казаў, што ў яго лоб блудніцы і ён апаганіў... зямлю і што ён знішчальнік народа... А ён сядзеў і звінеў бранзалетамі на тлустых руках, і на мяне наклалі другое пакаянне, і лаялі мяне, а бедныя ад мяне адступіліся... Паршывыя авечкі! Баязлівыя жывёліны!.. А я чытаў кнігі і разумеў, што так не павінна быць, а раз ёсць, то кнігі хлусяць, а раз кнігі хлусяць, то нашто яны? І не можа слова праўды не дайсці, хаця... дагэтуль пасля кожнага такога слова ён з падвойнай прагнасцю жор людзей. І я выкрываў яго на пост Эстэр і на Пурым. І я крычаў, што ўразяць яго леў і барс, а ён сказаў, што яны тут не водзяцца. І я крычаў на яго і ўсіх, хто з ім, што яны, як адгадаваныя коні, гігочуць на жонку другога, і гэта была праўда. І крычаў, што ўсе яны згубіцелі Ізраіля і што з-за іх пакаранне ўпадзе на ўсіх. І крычаў я, што рабін – асёл і птушкалоў нечасцівы і пераступіў усялякую меру ў зле, як усе яны, і што дамы іхнія поўныя падману і таму самі яны тучныя і тлустыя і справядлівай справе жабракоў не даюць суда. І не саромеюцца яны, і не чырванеюць, робячы брыду. І кадзяць Ваалу, які ёсць – грошы... І яны хацелі пабіць мяне каменнямі, а народ разводзіў рукамі і пляваўся. Гора мне, маці мая, што ты нарадзіла мяне чалавекам!.. Нікому не даваў я ў рост, і мне ніхто не даваў у рост, а ўсе праклінаюць мяне! І перад самым пейсахам яны адлучылі мяне ад абшчыны і выкінулі з кагалу. Але я... не хацеў ісці і казаў, што ісці трэба і м, бо яны ўсе – пастыры, якія губяць авечак сваіх, сасуды непатрэбныя. І тады яны выкінулі мяне, і бедныя не заступіліся за мяне... І цяпер кожны мог забіць мяне і не адказваць.Раввуні прыкрыў вочы рукою. Стаяў, як жывая статуя адчаю і ярасці. І нават тым, што ніколі і не былі людзьмі, стала непамысна.– Раскажы падрабязна пра сваё жыццё ад выгнання і да гэтага дня, – сказаў Камар. – Яны правільна зрабілі, што выгналі цябе. Мы б зрабілі тое самае... Раскажы, якімі новымі злачынствамі ты пацвердзіў справядлівасць прысуду.Але іудзей нічога не сказаў і толькі жаласна аглянуўся. Шалёны парыў прароцтва прайшоў, і ён цяпер не ведаў, што і як яму казаць. Толькі што мова ягоная лілася вадаспадам, толькі часам запінаючыся на асобных словах, як плынь на асобных камнях. А цяпер ён з цяжкасцю шукаў гэтыя словы, размаўляючы больш рукамі, чым вуснамі. Так бывае, калі ў паэта праходзіць натхненне. Толькі што быў тытан, і вось ужо маленькі, бадай што варты жалю чалавечак.– Я... гм... Ну, яны ткі схапілі мяне... і... дацягнулі да... Я хачу, прабачце, каб вы зразумелі... мяне... Я вельмі кепска ведаю... беларусінскую мову...