Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Можа, ты будзеш гаварыць на нейкай другой? – спытаў самавіты Лотр.– Я ведаю сваю... Ведаю старажытную... Ведаю іспаньёльскую... Прабачце... З гэтых – лепей за ўсё старажытную.Суддзі пераглянуліся.– Гэта нашто? – спытаў Басяцкі.– А нашто вам латынь? – спытаў раптам Братчык. – Дый вам не зашкодзіла б ведаць старажытную, раз на ёй напісана Біблія. Я вось не ведаю і шкадую. Трэба ведаць усё, раз мы людзі... Неяк у нас гэта не прадумалі...– Пляваў я на ўсё гэта, – нахмурыў грозныя бровы Камар. – Я ведаю ідэнтычную Біблію, і грэцкую, і Біблію на вульгаце...– І потым, – перабіў яго каплан, – чалавеку непадрыхтаванаму, чалавеку, які не прайшоў усіх ступеняў ведаў, не належыць самому, без рукі ўказальнай, чэсці Біблію, ніжэ Евангелле, каб не папсавацца ў розуме... Ты будзеш нешта казаць, іудзей?Братчык уздыхнуў:– Вы бачыце, ён збіваецца. Ён разгубіўся. Ён не можа. Астатняе я ведаю, як і ён... Магчыма, я мог бы расказаць?– Кажы, – сказаў Балвановіч.Юрась пацёр лоб.– З Міра я прыйшоў у Слонім. Мне давялося шмат блукаць да гэтага, і галадаць, і начаваць Бог ведае дзе. Я ніколі не думаў, што мне будзе так цяжка. Год за дзвесце... відаць... было лягчэй. У Слонім я прыйшоў пад вечар. Там вакол густыя і вельмі прыгожыя лясы, а між іх, на ўзгорках, дзіўнай утульнасці гарадок. Я ішоў і думаў, дзе мне начаваць і колькі яшчэ беспрытульных начэй мяне чакае.Дарога мая ішла паўз падвор’е старой Слонімскай сінагогі. Вы ведаеце, дзе яна. Высокі каменны мур, а за ім куб з дзікага каменя пад вострым дахам... Сам не ведаю чаму, але я спыніўся насупраць увахода на падвор’е сінагогі, там, дзе стаяць дзве каменныя жанчыны.– Якія жанчыны? – спытаў Жаба.– Каменныя. Калі пан магнат не быў там – магу растлумачыць. Кароль Жыкгімонт вывез іх з Нямеччыны і, не ведаю, падчас якога падарожжа, загадаў паставіць іх у Слоніме, на знак таго, што хаця і вельмі старая слонімская абшчына, але ў веры яна – сляпая. Адна жанчына, з паходняю ў руцэ, Касцёл. Другая, з павязкаю на вачах, Сінагога, бо пазбаўлена яна святла і блукае ў цемры.– Чаму ты ўсміхаешся? – спытаў Жаба.– Ды так, я падумаў, што і ў самых цёмных душах неўсвядомлена жыве справядлівасць... Дык вось, усе гэтыя дужа высокія думы былі незразумелыя людзям. Ніхто не мог уцяміць, чаму паставілі на скрыжаванні вуліц дзвюх дзевак і чаго адна свеціць другой, калі тая гуляе ў жмуркі. Нейкія людзі, відаць, рупліўцы аб чысціні нораваў, паадбівалі ім насы, бо жанчыны былі амаль голыя... Другія, відаць, лыцары плоці, хацелі, напэўна, пераканацца, што жанчыны каменныя, і пакінулі сям-там сляды сваіх лапаў... А астатнія нанеслі пад камяні, на якіх стаялі жанчыны, кучу смецця.Я стаяў і думаў, куды мне ісці, калі ўбачыў, што ў браме падвор’я сінагогі нешта кішыць. Потым адтуль вывалілася чалавек пятнаццаць ягоных супляменнікаў. Яны былі вельмі багата апранутыя. Лісіныя плашчы, доўгія, з дарагога сукна... халаты, ці як яно там... На галовах – жоўтыя з золатам вялікія павязкі. На руках – бранзалеты з вітога срэбра і золата. Астатнія – іх было многа, і яны былі ў больш цёмных вопратках – стаялі на вуліцы і на падвор’і і маўчалі. А гэтыя цягнулі вось яго... Але Бог ты мой, што гэта былі за морды! Ноздры вонкі і трапечуць, рукі тлустыя, вочы і павекі чырвоныя ад гневу. А адзін, самы здаравенны, а па выгляду не іудзей, а каваль і бандзюга з вялікай дарогі, крычаў: “Начальніка ў народзе тваім зласловіў! Біце яго каменнямі!” Але людзі толькі падымалі ўгору рукі.