Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Шамоэл аслападобны, – сумна сказаў Раввуні.Ніхто яго, Раввуні, не біў. Пэўна, не хацеў. Але ніхто і не заступаўся. Ніводная душа.– Што рабіць па-за абшчынай? – мармытаў іудзей. – Паміраць? Яны баяліся. І ўсе ж яны свінні. Яны ж таксама – абшчына.Яны падцягнулі вось яго да брамы, але тут ён учапіўся за шулы, як “дзед” за валасы, і хаця яны былі страшэнна тлустыя і здаровыя – яны нічога не маглі зрабіць з ім адным. Бо яны перашкаджалі адзін аднаму, а ён, такі ўчэпісты, упяўся ў шулы, як самшыт дрэва ў расколіну скалы. Прызнацца, я адразу ўхваліў яго, і ён мне гэтым спадабаўся. Заўсёды прыемна, калі адзін мужна трымаецца супраць многіх... Я трохі разумею мясцовую гаворку і пачуў...– Зладзеі вы! – крычаў ён. – Каб вы рэдзькай раслі і каб гэтая бедная ваша задніца матлялася ў паветры.Яны пыхкалі, і саплі, і вазіліся, як вожыкі, а я сачыў за імі. Мне не было куды спяшацца і не было куды ісці. У гэтым прытульным месцы для мяне не было месца.Яны таўкліся, але нічога не маглі зрабіць з ім. Ён трымаўся і крычаў:– Ва ўсіх разбойнікаў на зямлі адна мова! Яе-ткі вы... але, яе-ткі вы ведаеце! Што б сказалі вашы нябожчыкі, вашы богабаязныя бабулі, вашы набожныя продкі?! Яны перакруціліся б у магілах... задам да Ерусаліма, які вы прадалі! Нашто вам спісак Пана Бога – у вас спіскі нарабаванага.І тут нечы выспятак выбіў, урэшце, яго з брамы. Ён паляцеў і пляснуўся ў пыл. А потым ускочыў і распачаў такую ярасную Іерэміяду, якой мне ніколі не даводзілася бачыць і чуць:– Гігочаце вы над падзеннем народа свайго, як коні! Шакалы вы! Каб вам ціснуцца да гною, каб вашая скура стала сухая, як дрэва! Вушы ў вас неабрэзаныя, у трунах вы пачуеце; самі свінні і свінняў жарэце, і мярзотнае варыва ў гаршках вашых.І раптам так закрычаў, што мяне аж разабраў смех:– Басякі-і! Тфу на вас! Тфу!Ён кідаў у іх прыгаршчамі пылу і плакаў ад бяссілля, бо гэта ім было, як і словы, – аб сценку гарох. Тады я падумаў, што яго і сапраўды могуць пабіць каменнямі і гэта будзе дрэнна. Я падышоў і сказаў яму: “Хадзем, братка”.– Ён сказаў мне: “Хадзем, братка”, – прамармытаў Іосія. – І я пайшоў. А што мне яшчэ заставалася рабіць?– Мы пайшлі ўжо двох. У Слоніме нам заставацца не выпадала. Раввуні меў рацыю: Бог нібы адабраў у гэтага Шамоэла розум. Ён хапаў, як воўк, за жывое. Пасля мы даведаліся, што мужыкі забілі яго і двух ягоных хаўруснікаў і яшчэ двох невінаватых.– Ты ведаеш, што ён заплаціў доўг Слонімскага войта і атрымаў за гэта права выбіваць нядоімкі з ягоных мужыкоў? Што ён дзейнічаў законна, як то кажа права княства? – спытаў Жаба.– Ён выбіваў... Ды хто там лічыў, колькі ён выбіваў? – сказаў Раввуні. – Я папярэджваў яго, але ён не паслухаўся. Шкада невінаватых... Але, як не лічыць іх, мужыкі зрабілі святую справу, забіўшы яго. Таму што выбіў ён удвая больш, як заплаціў. І калі адкупшчыкі будуць і далей грабежнічаць – будзе не забойства, а бунт. Пераб’юць не толькі адкупшчыкаў – іудзеяў, беларусаў і немцаў. Будуць біць і вас1.– Но-но, – сказаў Камар. – Бліжэй да справы.– Мы баяліся заставацца ў Слоніме. Баяліся людзей Шамоэла і баяліся мяшчан. І ўсё ж я адчуваў сябе такім моцным, якім ніколі дагэтуль не быў. Кепска аднаму, і лепей, калі ёсць побач хаця нехта падобны.– Адзін з людзей мяне падабраў, – сказаў іудзей. – І да яго я прыляпіўся. Іначай – смерць. Ля сінагог мяне сустрэлі б каменнем. Ля чужых парогаў – непаразуменнем.