Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– То, можа б, ты гаварыў? – спытаў Басяцкі.– Не слухайце яго. Ён гаворыць глупства. Яму цяжка гаварыць, і таму ён гаворыць лухту. Няма да чаго яму было ляпіцца. Я ж такі самы выгнаннік, як ён. Я таксама згубіў сваё племя... І што гэта за свет, дзе адны выгнаннікі чагосьці вартыя?Дык вось, мы спяшаліся пакінуць між сабою і Слонімам як мага больш стадый. Я радаваўся, што я не адзін, і сілы мае прыбылі.– Т-так, – сказаў Басяцкі. – Вось як, значыцца, ты прыдбаў свайго першага апостала, “Хрыс-тос”.– Пад вечар мы прыйшлі з ім на бераг Бяздоннага возера пад Слонімам і тут вырашылі начаваць. Галоднымі, бо я не спадзяваўся на тое, што нешта спаймаю сваёй самаробнай вудай. Возера было ўсё празрыста-чырвонае, гладкае, як люстра. І лясы вакол яго былі таксама зялёна-аранжавыя.– Што гэта ён гаворыць? – спытаў Жаба.– Н-не ведаю, – паціснуў плячыма Балвановіч2.– Мы селі на адзіным голым узгорку, які зарос доўгай, як косы, травою. Гэта, відаць, быў нейкі могільнік, бо сям-там, прадзершы зямную шкуру, тырчалі з зямлі вострыя камяні. Як піраміды. Толькі вузкія ля зямлі і доўгія, амаль у чалавечы рост. То прамыя, а то і нахіленыя. Якая з трыма бакамі, а якая і з чатырма, як дах чатырохкутнай вежы.– Я ведаю гэты могільнік, – ашчэрыўся Камар. – Гэта праклятае месца. Гэты могільнік паганскіх волатаў, пярэваратняў, ваўкалакаў. Хрысціяніну грэх нават глядзець на яго і падобна таму, як душу загубіць, – сядзець там... Запішы і гэтую іхнюю правіну, пісар1.– Не ведаю. Нам было там хораша і спакойна. Захад. Чырвонае возера. Старажытныя камяні. Камашня таўчэ мак.Мы развялі вогнішча. Я ўзяў нітку і гачок і рушыў да берага, каб спаймаць нешта. Але як толькі я падышоў да вады, я пачуў, што з возера імчыць густая лаянка, якая абражала і возера, і магілы, і гэты спакой....Непадалёку адзін ад аднаго стаялі два чаўны. Стаялі і, відаць, не маглі раз’ехацца, бо мярэжы іхнія зблыталіся і спляліся, а якраз у месцы спляцення білася вялізная рыба. Дальбог, я яшчэ не бачыў такой. Вялізны сом сажня ў паўтара – калі не ў два – даўжынёй. Відаць, ён заблытаўся ў адну мярэжу, пацягнуў яе, наскочыў на другую і зблытаў іх. Сом гэты біўся, раскрываў шырокі рот, плямкаў грыбамі, варушыў вусамі і вытрэшчваў маленькія вочы.Братчык спыніў свой позірк на Жабе і ўсміхнуўся. Вельмі хітравата.– З таго часу варта мне толькі ўбачыць тлустага дурня пры выкананні ім службы – і мне адразу ўспамінаецца гэты сом.А ў чаўнах біліся і цягалі адзін аднаго за чубы людзі. У адным чаўне вось гэтыя два браты, а ў другім – гэтыя. Таксама браты.– До, – сказаў Лотр. – Цяпер яны. Ты хто?Наперад выступіў кучматы і зарослы чалавек з падступнымі вачыма забіякі, адзін з тых “рымскіх ваякаў”, што дзялілі ля крыжа адзенне. У адным з куткоў рота – пагардлівая ўсмешка; тытунёвыя вочы нядобра бегаюць. На галаве, як ва ўсіх кучаравых, што ўвайшлі ва ўзрост, пачынае прабівацца лысіна.– Лявон Конаўка, – з выхвальствам сказаў чалавек.Ягоны сусед, падобны да яго, але яшчэ па-юначаму танклявы (ды яшчэ ў вачах, замест выхваляння і нахабства, баязлівасць), дадаў:– А я яму брат. І нічога мы больш не рабілі. Мы рыбакі.Камар, які зноў заснуў, раптам прачнуўся, спытаў:– Па чужых стайнях рыбакі?І тут выступіў наперад той, цыганаваты, з вугольнымі бліскучымі вачыма, са жвавым, як у малпы, абліччам, які так спрытна ставіў падножкі ў часе сутычкі.– Па чужых стайнях – гэта быў я. Міхал Іліяш маё прозвішча.