Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Ты – пасля, – сказаў Камар. – Не хвошчуць – не дрыгай нагамі.– Гэта я разумею, – выскаліў зубы Міхал.– Н-ну, браты... То з кім гэта вы біліся?Два былыя “эфіопы” выйшлі і сталі побач з імі. Адзін, здаровы, як халера, тугі, з платаядным ротам і самовымі вочкамі – сапраўдны Гарганцюа, – сказаў басам:– Я таксама рыбак. Лаўлю выразубаў, мірон, а асабліва самоў. Гэта калі іх вымачыць ды патлушчыць іхнім жа тлушчам, – ён прыклаў да вусоў пальцы, – м-м-нм... А прозвішча маё Сіла Гарнец... А ото мой нягожы братка. Такі няўдалы, што двухгадовага шчупака толькі з цяжкасцю з’есць. Зваць яго Ладысь.Ладысь Гарнец выступіў наперад. Худы, вельмі падобны на дзяўчыну, з доўгімі рыжавата-залацістымі валасамі. Рот прыадкрыты, як у юрода, у вачах мудрагельства.– Рыбак. Але ў ісціне хадзіць хачу. У ісціне.– Вы не глядзіце, што ён такі... прыдуркаваты, – сказаў Сіла. – Ён два гады ў царкоўнай школе вучыўся. Выгналі. Мудрагеліць пачаў, прароцтвы чытаць... Сапсулі яго там... І зараз не сваімі словамі гаворыць, а не можа запомніць, у якім зарожку больш рыбы. А гэта проста... Вось, скажам, ля могільніка, там бялёзны – ані-ані...– До, – сказаў Лотр.– І балабы няма...– Не рыбу, але будзеце ўлаўляць чалавекаў, – сказаў Ладысь.– До. Кажы далей ты, Сіла.– Ну вось, і атрымалася ў нас у той дзень з Конаўкамі бойка. Конаўкі ж таксама рыбакі, але горшыя. Сказаць, скажам, дзе ў нас там кляпцы водзяцца – гэта ім слабіна.– Брэшаш, – сказаў Лявон Конаўка.– Ваша правялебнасць, – сказаў Лотру Басяцкі, – хай бы ён і далей казаў. А то іншыя непрыдатныя. Адзін – трусік. Другі – рыбаед, і, як гаворыць, то рыбай нясе. А трэці – юрод не ад Пана Бога нашага.– Ваша праўда, – сказаў кардынал. – Кажы ты, старэйшая конаўка.Лявон выступіў наперад і абег усіх вачыма, ад якіх любой падножкі можна было чакаць.– Гэта ён брэша ўсё, гэты Сіла. Ніякага ведання ў яго нямашака. Дый як можа быць, калі ў яго галава, як у сома – самі бачыце, якія вочкі, – і калі ён толькі жарэ. Першыя рыбакі і на нашым возеры – вось я, Лявонька, а калі брат у розум увойдзе-ўбярэцца, то і ён будзе разумнейшы за таго сама. І мы заўсёды пану нашаму літасціваму, хаця ён і не ўтаропае нічога, але, папраўдзе, як то рабам шчырым належыць, па пісанню, больш за ўсё лепшай рыбы прыносім. А пан наш не схізмат які-небудзь, як мы, мужыкі-дураломы, бабовыя галовы, а высакародны Дамінік Акавіты, і дадзены яму, за рупнасць аб веры святой, лацінскі надпіс на шчыт: “Rex bibendi”1.– Гэтага можна б і пусціць, – амаль расчулена шапянуў Лотру Басяцкі. – Лепшы матэрыял. Богабаязны чалавек, паналюбівы і... дурны, хаця і хітры.Лявон раптам ганарліва ўскінуў галаву: відаць, не вытрымаў, сарваўся, няхай і на шкоду сабе. Хітрыя вочы забіякі засвяціліся.– Каму разбірацца сярод гэтага мужычча? Мне дваццаць адзін... Яны ўсе дурні... А ў нас у хаце сам кроль Аляксандр дваццаць два гады таму спыняўся і начаваў і ўсіх жыхароў яе ласкаю сваёй крулеўскай адзначыў.– Чулі, што вярзе? – шапянуў Лотр Басяцкаму. – Вось вам і адпусціць. Хай лепей пісар занясе, акрамя багахульства, яшчэ і абразу нябожчыку каралю.– Чаму? – шэптам спытаў Балвановіч. – Магло быць. Ён быў добры кароль. Нас любіў. Просты. І, між іншым, ніводнай бабы, нават з курнай хаты, калі толькі магчыма было, ласкай і прыязнасцю сваёй не абмінаў. Гэта вам не іншыя. І што дзіўна, самі бабы так да яго і ліпнулі. Можа,таму так мала і цараваў.