Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Чалавек, што сядзеў ля дарогі на купе гною, працягнуў парэпаную, як зямля, руку. Той, што ехаў наперадзе, дастаў з-пад пурпурнай мантыі, з вацка1, прывешанага пад пахай, медную манету і кінуў.– Дарэмна вы гэта, – сказаў яму біскуп.– Для вас у мяне ёсць прозвішча, пан Камар.– Дарэмна вы гэта, пан Лотр.– Чаму?– Хіба хопіць на ўсё гэта быдла? Працаваць не хочуць, руку цягнуць. І потым... каб гэта ўбачылі іншыя – яны б кінуліся несамавіта. Маглі б і раздзерці. І, ва ўсякім разе, давялося б ужыць зброю... Лепей прыбавіць хады і цяпер.Кавалькада пагнала ўнамёт. З-за купы гною з’явілася галава чатырохгадовай дзяўчынкі.– Што ён табе даў?– Два боханы хлеба, доцю. Чыстага хлеба.– А хлеб смачны?– Смачны.Дзяўчынка зачаравана глядзела ўслед паляванню:– Прыго-ожыя.– Вядома, прыгожыя. Гэта ж не мы, мужыкі. Заступніку перад Панам Богам трэба быць прыгожым. Іначай яго Пан Бог і ў палац да сябе не пусціць.Паязд зноў вырваўся ў палі, пакінуўшы за сабою хаты, падобныя на гнойныя сумёты, і гатычны спічасты касцёлік, падобны на гняздо горнага крышталю. Коні пайшлі павольнай ступою.– Тое, што і дваццаць год назад, калі я пакінуў гэтую зямлю, – ціха сказаў Лотр. – Толькі тады тут было куды багацей. Багатая ж зямля.Камар, нахмурыўшы цяжкія бровы, глядзеў на Лотраў твар: выпрабоўвае, ці што. Але гэты твар, усмешлівы, белы і румяны, высакародны, здавалася б, на самы неабазнаны позірк, быў проста зычлівы і гожы.– Справа веры патрабуе ахвяр, – унікліва сказаў біскуп.– Вядома.– І асабліва, калі ўлічыць, як цяжка хворы гэты край схізмаю.– Кіньце. Унь тая схізма, мітрапаліт Балвановіч, скача за намі. Неблагі чалавек.– У гэтага неблагога чалавека адабралі за апошні час дзве царквы. Вось так. І не таму, што ён кепскі, а таму, што гэта – чужы ўплыў на землі, якія яшчэ не сталі нашымі.– Вы разбіраецеся, пан Камар... Дарэчы, дзякуй вам за вашу былую пасомую. – Ён адкінуў галаву назад, быццам паказваючы патыліцай на жанчыну, што сядзела за ягонай спіною. Усміхнуўся: – Такім чынам, вы для мяне, па сутнасці, тое, што для міран цесць.– Ну, калі можна ўявіць сабе цесця, які... – грубы, рэзкі твар Камара скрывіўся лёгкаю ўсмешкай.Жанчына глядзела на яго з чаканнем і дакорам.– А гожая? – спытаў Камар.– Гожая. І ў Італіі, і паўсюль я не бачыў такіх.Кабета была сапраўды гожая. Непамерныя чорныя вочы, доўгія, як стрэлы, веі, вішнёвы малы раток, снежнай белі і пяшчотнасці скура аблічча і дзіцячых рук. Гнуткая, як змяя, з высокімі невялікімі грудзьмі, яна сядзела ў сваёй нязручнай паставе грацыёзна, гнутка, мякка трымаючыся ручкай за Лотраў плячук.– То вось і старайся, – сказаў ёй Камар. – Служы новаму свайму пану, як належыць служыць такому высокаму госцю.– Калі можна лічыць госцем чалавека, які прыехаў на год і долей, – сказаў Лотр.– Мы гасціннасць не на дні мераем.– Ведаю. Сам адсюль.– Ну вось. І таму, дзеўка, служы без нараканняў і глупстваў. Чуеш, Марына?Чырвань з’явілася на абліччы кабеты. А потым надзея, з якой яна глядзела на біскупа, згасла. Згасла і цеплыня, а вочы глядзелі цяпер з сухім бляскам.– Ды толькі сумная нешта, – мякка сказаў Лотр.– Пасумуе і кіне. Яна прыхілістая, пане. Адданая. І да любасці схільная.Гаварылі яны так, нібы яе зусім не было з імі.– А калі будзе кіслым тварам настрой вам псаваць – пакарайце, – сказаў Камар.– Не праміну скарыстацца парадаю, – усміхнуўся кардынал. – Вось толькі вернемся дамоў.