Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Магло-о быць, – перадражніў Лотр. – Магло быць, ды не тут. Дзеці іхняе мосці зараз ледзь дзеўкамі цікавіцца пачынаюць... Колькі год, як кароль памёр? Ага. А цараваў колькі? Чатыры гады і восем месяцаў. То за колькі год да ягонага царавання гэты боўдур нарадзіўся? Магло-о бы-ыць.Лявон Конаўка зразумеў, што рэкнуў лішняе. Тытунёвыя вочкі забегалі.– То вось у той вечар мы з гэтымі непадобнымі, з мужалапамі гэтымі пабіліся. Сіла гэты як пачаў крычаць і торгаць за сетку:– Мая мярэжа!– Ты яе разблытай спачатку, тады ўбачыш – чыя! – крыкнуў яму я.– Ён за мярэжу – торг! Я таксама – торг! Тады ён разварочваецца і мне па пысе. Аж дзень залатымі мухамі пайшоў.– Гэта ў мяне... мухамі, – сказаў Сіла. – Бо ён мяне – таксама...– А тады гэты вось юрод, прарок-недавучка, Ладысь, абразіць мяне вырашыў.– Вочы ў цябе, – кажа, – у неналежным месцы.Я яму таксама – плюху. Але ён, відаць, збаяўся мне адказаць. Ён Аўтушка майго схапіў. А той яшчэ ў розум не ўвайшоў.– Ён мяне схапіў, – сказаў трохі баязліва Аўтух.– Чую – чабарох! – гэта яны, значыцца, у ваду ўпалі. Мне глядзець няма калі – я Сілу ваўтужу. Толькі чую: хістаецца човен. Братка, значыцца, вызваліўся ад таго і вылазіць. Толькі потым адштурхнуў старэйшага Гарнца і... Што такое?.. Малодшы Гарнец у маім чаўне сядзіць... А мой Аўтушок у Сілавым чаўне. Пераблыталі. Тут Сіла, пэўна, зразумеў: са мною яму не здужаць.– Гэта ты зразумеў, – сказаў Сіла. – Куды карасю супраць ліна?– Я тады размахнуўся ды гэтаму ягонаму Ладысю – балазе ён у маім чаўне – поўху. Гляджу – Сіла вачыма закруціў:– Ах, ты майго брата?.. Дык – на і твайму, – і як дасць Аўтушку. Той, бедны, аж зубамі ляснуў. Мне яго, канечне, шкада. Я шалею. Я тады зноў Ладысю як даўдаў. Крычу:– Гэ, ты майго любага брата? Хай і твой атрымае!– І твой!– І твой!І дайшлі б мы абавязкова да смертазабойства, каб браты не здагадаліся. Скокнулі яны ў ваду ды паплылі да берага, як, шануючы вас, дзве сучкі... А ўва мне аж усё заходзіцца. Аж сэрца кіпіць. Хапаю я сякеру. І Сіла сякеру хапае. І тут прыбавілася б у нас у галовах яшчэ па адной дзірцы, каб ён не спалохаўся.– Гэта ён спалохаўся, – сказаў Сіла, – нібы рак у вершы.– Не спалохаўся я. Я, калі я ў шал увайду, нічога не баюся. Тады мне не супярэч. Развярнуўся я ды сякерай па ягонай мярэжы.– Брата майго – крычу, – біў. Вось тваёй мярэжы! Вось!– І тваёй на! – крычыць ён.Тут сеткі нашы пачалі раскручвацца. Гулькнула рыба, паказала нам хваста...– Добрая штука самовы хвост, – крэкнуў Жаба.– ...дый пайшла да сябе. І тут я гляджу – стаіць Сіла, сагнуўшыся, хэкае і сваю мярэжу сячэ... Я – рагатаць... Але тут гляджу – і я ўвесь час сваю сек... Гляджу – гэны дурань гэта зразумеў ды раптам як дасць абухом у дно маёй душагубкі – аж вада засвістала. Чую – ногі амаль па калені ў вадзе. Тут я думаю: “Будзе мне – будзе і табе”. Ды як вухну сякерай у дно ягонага чаўна – так і вываліў кавалак велічынёю з добрае сцябла1. Пайшлі нашы чаўны да азёрнага бога. І мярэжы з імі пайшлі, і, вядома, сякеры.– Бо яны не плаваюць, – растлумачыў Сіла.– А мы па шыю ў вадзе. І тады мы паплылі на бераг. А там нашы браты сядзелі ўжо з гэтымі двума... І ўсё, можа, было б добра, калі тут Іосія пачаў божкаць аб рыбе, хаця і не ядуць яны самоў.– Яны шчупака ядуць, – басам сказаў Сіла. – Хаця і нельга шчупака есці па духоўных прычынах, і хто яго есць, асабліва галаву, таго на тым свеце прымусяць дзярмо есці.