Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Што ты там вярзеш? – спытаў Лотр. – Як гэта нельга есці шчупака? Якія гэта “духоўныя прычыны”?– Хто шчупака есць, а галаву асабліва, той грэшнік горш за каталіка і ерэтык горшы за Лютара ў сарамаце сваёй, – сказаў Ладысь.– Гэта яшчэ чаму, паганец ты?! – ускочыў Басяцкі.– А таму, – навучальна сказаў Сіла, – што ў шчупаковай галаве ёсць усё начынне, якім Хрыста каралі. Косткі такія накшталт храшчоў. Тут табе крыж, тут табе цвікі, тут табе і дзіда. Дарма, думаеце, іудзеі так шчупака любяць?– Дурніла ты, вось хто, – сумна сказаў Раввуні. – Галаву на плячах мець трэба, вось што.Лотр паціснуў плячыма:– Гэтыя людзі закаснелі ў паганскіх павер’ях сваіх і ў самай абрыдлівай ерасі. Хіба гэта хрысціяне? Адзінае, што вылечыць іх ад дысідэнцтва – ачышчальнае вогнішча... Ну, далей. Значыцца, іудзей пачаў божкаць аб рыбе.– Але, – сказаў Іосія. – Я пакляўся Выйсцем, што з-за такога Левіяфана, можа, і варта было біцца і ён быў бы тут вельмі дарэчы.– І тут я сказаў, што буйную рыбу мы аддаём пану. А іудзей сказаў, што ён заўсёды лічыў рыбакоў за разумных людзей і сёння ўпэўніўся ў гэтым. Тады гэты Братчык спытаў, нашто мы з-за панскай рыбы секлі свае мярэжы.Толькі тут я апамятаўся, што і мярэжы пасечаныя не нашы, і чаўны патопленыя – ад пана. І, значыцца, чакае нас кум-бізун і сядзенне ў калодках ля царквы прынамсі на чатыры нядзельныя імшы, а можа, і нешта горшае.Тут Ладысь загудзеў:– Браткі вы мае ўлюбёныя! А што ж гэта нам рабіць?! А як жа нам цяпер перажыць?!І тады Братчык сказаў, што трэба ўцякаць. А іудзей пакруціў толькі галавою.– Наро-од, – кажа, – сядзець і слухаць і зразумець. Назад вам нельга... І таму ідзіце вы з намі, хаця, вядома, дурань у дарозе не набытак.Мы зразумелі, што ўсё гэта праўда, сяк-так памірыліся, з’елі на знак клятвы трохі зямлі, калі ўжо нічога больш ядомага ў нас не было, і пайшлі з імі.У горадзе між тым зусім не было спакойна, нягледзячы на тое, што ўсе даўно разышліся вячэраць. Заставалася якая гадзіна да захаду сонца, і ўсе, у каго было што есці, спяшаліся з’есці гэта пры дзённым святле: улетку варта загадвала гасіць агні разам з канцом прысмерку. “Гэта не зіма: дні доўгія, надвор’е сухое – ці доўга да начнога пажару”.У слабадах вяшчальнікі ўжо былі, і цяпер іхні крык раздаваўся на ўскраінах:– Аг-ні гасіць! Пе-чы, лучні-кі га-асіць! Не спіць агоонь! Каганцы гасі-іць! Горны гасі-іць! Матка Бо-жая і святы Юры, злі-ітуйцеся з нас!– ...на-ас!– ...а-ас! – аддавалася недзе далёка, у ганчарным канцы.Здавалася, павінна б быць цішыня, звычайная вячэрняя цішыня і мір. Але яе не было....Па Кавальскай, а потым па Мечнай вуліцах бег захэканы Кірык Вястун, грукатаў у аканіцы, біў нагамі ў дзверы і трубна крычаў адно і тое ж самае:– Да замка! Да замка! Хрыста забіваць павялі! Забойства!Калі б нехта глянуў з вышыні, ён бы ўбачыў, што па вуліцах, у розных канцах, мітусіцца некалькі такіх фігурак.На Піўной кідаўся ад дзвярэй да дзвярэй Зянон:– Людзі! Хрыста забіваюць! Хрыстос прыйшоў!Крык каціўся вулкамі. Але рэдка-рэдка дзе расчынялася акно. Вуліцы, здавалася, вымерлі, безудзельныя ад адчаю.Раўла на вуліцы Стрыхалёў дуда.– На дапамогу! Хрыстос прыйшоў у Гародню!У рэдкіх непрыкрытых аканіцамі шыбах дагараў крывавым святлом захад. Так слаба і неахвотна, так рэдка. Згасаў, як воля вялікага горада да ўставання. Яна ледзь тлела за гэтымі рэдкімі шыбамі. І лямантам у пустэлі былі крыкі, што глуха згасалі ў цяснінах вуліц.