Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Хрыстос! Хрыстос з апосталамі прыйшоў у Гародню!Кляонік і Марка лупілі ва ўсе дзверы Разьбярнага Кута.– Людзей забіваюць! – крычаў Кляонік.– Ну чаго там? – пытаў сонны голас з-за аканіц.– Людзей забіваюць! Кажуць, Хрыста!– А-а.Першая зорка запалала ў празрыста-сінім небе.Апошнія промні заранкі адбіваліся на руках Вуса, якімі ён грукатаў у дзверы. Рукі ў яго былі цяпер нібы з чырвонага золата.– А-а. Тфу! Свінні сонныя.Пабег, спатыкнуўся аб жабрака, які спаў на ўзбочыне.– Хрыстос прыйшоў.– Кінь, спаць хачу.Гіаў Турай схапіў загрудкі чалавека ў багатай вопратцы, патрос. Ім аказаўся немец.– Хрыстос у Гародні! Хрыстос уваскрэс!– А-а, – сказаў немец. – Ён і ф мінулы гот такой ша штука фыкінуў.– Тфу, каўбаса, – махнуў рукою Турай.Згасалі верхнія вокны ў дамах. Безнадзейна згасала воля вялікага горада. І ўсё ярчэй у ліпеньскім небе разгараліся зыркія зоры. Ззяў золатам прыгажун Арктур, рассыпаліся ля яго валасы Беранікі.Зіхацела на поўначы, зусім нізка ад далягляду, шматкаляровая Капэла, і беглі да яе паўз Альтаір і Дэнэб туманныя віхуры Шляху Продкаў. І тады, у адчаі ад таго, што нічога нельга зрабіць, што ўсе глухія ў гэтым горадзе, Кірык Вястун стаў перад парталам касцёла дамініканцаў і, узняўшы рукі ўгору, з апошніх сіл, непрытомна і раз’юшана залямантаваў:– Хрыстос прыйшоў у Гародню!Маўчанне. Касцёл, здавалася, падаў на чалавека. Высокі, да зор шпілямі. Цішыня. Больш на паўночны захад зіхацелі над самай зямлёй Блізнюкі – брат залаты і брат белы. Яны бліжэй адзін да аднаго, чым людзі. Або унь як цесна збіліся вакол Нявесты, вакол белай Нявесты1, яе жаніхі, два браты – плячо да пляча2, і іхні нізенькі сапернік3. Так блізка, як ніколі не бываць людзям.І ў адчаі, разумеючы, што ўсё адно, што ў лепшым выпадку варта схопіць яго за буянства, Кірык зноў ускінуў да зор рукі і закрычаў:– За-бі-ва-юць Хрыста-а-а-а!Рэха, што заўсёды было ў вежах, падхапіла крык, пачало адкідаць, гуляць з ім, як з мячом. У верхніх ярусах званіцы пачалі выбухаць дзіўныя гукі:– ...ва-а... та-а... та-та-та!І раптам здарылася дзіва. Ляснулі аканіцы, і ў акне з’явіўся белы твар.– Чаго?– Хрыста катаваць павялі.Яшчэ і яшчэ галовы з’яўляліся ў вокнах.– Дзе? Дзе?– Хрыста забіваюць! У замку! Хрыстос прыйшоў у Гародню. Нас бараніць.Адзін чалавек выйшаў з дому і другі. І трэці... Цяпер крычалі чатырох. Выйшаў заспаны чалавек з кордам.– Што такое?– Катаваць павялі! Ганец сказаў, што яны яго – па гардзёлцы! Што нам не ён патрэбен, а даўгавая турма!Гэтая абраза перапоўніла чашу цярпення. Узвіўся да шпіляў званіц рык....І тут пайшло. Выбеглі з халупы два чалавекі з молатамі. Кінуўшы бедную крамку, выскачыў з бязменам гандляр.– Хрыста ратаваць! – крычалі дзесяткі галасоў.Усё абрастаючы, натоўп каціўся за Кірыкам. Грукалі ў дзверы, у вокны. Білі ў іх молатамі так, што ўздрыгвалі дамы, і, хочаш не хочаш, трэба было выходзіць.Ля карчмы натоўп вырас удвая, прыядналіся бражнікі. Карчмар крыкнуў і, скінуўшы з пожага ў агонь курай – полымя шуганула, нібы з пекла, – прыяднаўся да тых, што ішлі. П’янічкі захапілі паходні. І калі раней у канцы вуліцы, на захадзе, ззяў у вочы людзям жоўты Арктур, пуцяводная лампада, то цяпер зоры нібы пабляклі ў чырвоным зарыве.Непадалёку ад Ростані прыяднаўся да гурмы Зянон з сотняй людзей, а на самой Ростані – натоўп, які вялі Кляонік і Марка.Валілі і валілі з дамоў, завулкаў, тупікоў яшчэ і яшчэ людзі. З ланцужнымі жгутамі, з доўбнямі, з іржавымі сякерамі, з друкамі, выламанымі з платоў, з лукамі.