Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Кінуўшы ля мясных радоў статак, прылучаўся да плыні пастух з прашчою, мяснік з разаком.– Хрыстос прыйшоў у Гародню!Цяпер ужо аніяк не менш за семсот чалавек валіла да замка.Ноч чырванела агнём.Сінедрыён на ўсе вочы разглядаў Багдана Роскаша. Відовішча было сапраўды дзіўнае. Пад мешкавінаю хітона тапырылася пацёртая шляхецкая чуга, у запазусе была мехавая шапка (нібы кот прыгрэўся і спаў). А на нагах – такія самыя мужыцкія поршні, як ва ўсіх.Роскаш стаяў, ганарліва адставіўшы нагу. Даволі магутнае пуза – наперад, грудзі напнуў, твар – чырвоны, вочы – вырачаныя, вусы – заліхвацкія, звіслі да сярэдзіны грудзей, шчокі – трохі адвіслыя і такія круглыя, быццам ён іх назнарок надзьмуў.Непрымірыма глядзелі на сінедрыён каламутна-сінія вочкі. Грэбліва быў скрыўлены рот – рот аматара выпіць і задзіры. Для паўнаты карціны не хапала толькі шаблі.– Ты хто? – спытаў Лотр.– Не чулі, ці што? – грэбліва кінуў Багдан. – Я Роскаш Багдан. Беларускі шляхціц. Вось.– Ты зараз не шляхціц, а падсудны, – сказаў Лотр.– Гэта вы – адзін выгляд, а шляхта была, ёсць і будзе. Зброю вось толькі я ў фургоне пакінуў, а то не на мяне б вы зараз выскаляліся, а на вечка сваёй труны.– Што ж ты, шляхта, сярод валацуг? – спытаў з’едліва Лотр.– Сам ты хамло і бадзяга, – сказаў Роскаш.Лотр ледзь стрымаўся:– Добра, кажы.Роскаш стаў яшчэ больш зухаваты, адставіў нагу яшчэ далей.– Мужыцкая толькі морда можа не ведаць, што такое род Роскашаў і да якога роду, суёму1 і герба мы належым. Але я не здзіўляюся і велікадушна вам дарую, бо папы – збольшага ўчарашнія мужыкі – і самых важлівых рэчаў могуць і не ведаць.Былі мы калісьці багатыя, як халеры, але літоўскі напад выбіў славуты род Роскашаў з сядла, хаця і не збіў з ног... Фальшывым загадам гэтага хама, гэтай кіслай аўчыны, Міндаўга, адабралі ў нас набытак продкаў, землі, і аддалі такому самаму кіпацю, як і Міндаўг, нейкаму бязведамнаму Квясткгайле. Засталіся мы на гэтай нашай зямлі гасцямі і высіліліся, але гонару не страцілі.І асабліва заеўся я з гэтым аслянём, з малодшым Квясткгайлам, Тадэем. Мала яму было таго гонару, што на зямлі, якая яму няправедна належыць, сядзіць былы гаспадар, чалавек такога роду, як я, – ён падумаў з мяне яшчэ нейкую “гарэнду” браць, барбар такі... Вядома, не бачыў ён ад мяне дулі з макам і скідзельскага пачастунку.У той дзень я высакародна араў сваё поле. Быў у гэтай вось футраной шапцы і, як то належыць лыцару, пры мячы на баку, пры гакаўніцы за спіною, пры рагу для пораху, або, як мы кажам, “маку”. Зброя павінна быць пры сабе, бо твой гонар у тваіх руках, і яшчэ... кожную хвіліну нехта слабы можа прыпасці да ног тваіх, молячы аб лыцарскай тваёй дапамозе.Скура ў мяне не такая грубая і закарэлая, як у нейкага там мужыка або ў польскага ці жмойскага двараніна, і таму я ішоў за высокай сваёй сахою асцярожна, каб церне не ўпялася ў нагу.І тут пад’ехаў на паршывым сваім варанку гэты хам у магнацкай вопратцы, якая сядзела на ім, як на карове шытае сядло. Пад’ехаў і, паколькі не ўмеў весці высокую бяседу, адразу пачаў непрыстойна лезці і прыставаць з гэтай сваёй “гарэндай”.Некаторы час я маўчаў. Гэта таму, што гэтыя худародныя сівалапы маюць кепскі слых. Скажаш ім: “Слава Езусу” – Божага імя яны, пыхатыя, не чуюць. Але затое варта камусьці ў іхняй кампаніі трахнуць – яны пачуюць адразу. Кожнаму сваё. Кожны чуе тое, да чаго найбольш звык. Іхнія вушы прыстасаваныя не для гучання Божага імя, а для больш нізкіх гукаў. Вусны іхнія забылі, як вымаўляецца слова “Езус”, і памятаюць толькі словы: “Ф-фу, хамства”.