Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

І вось ён ехаў побач са мной і звягаў. А я маўчаў. Аж датуль, пакуль ён не сказаў нешта наконт таго, што хай ён не будзе Тадэем Квясткгайлам, калі не прымусіць мяне заплаціць. Толькі тады, учуўшы брыдкае Богу ягонае імя, я зрабіў ласку адказаць і кінуў:– Што твая “гарэнда” перад шляхецкім гонарам? Тфу!Тады ён пачаў непрыстойна выхваляцца сваім захудалым шляхецтвам. І я сказаў яму з годнасцю:– Тфу ты, а не шляхта! Вы з лясоў жмойскіх прыйшлі. Вы пісьма не ведалі, а Роскашы – карэнныя тутэйшыя. Вы на мядзведзях жаніліся, калі нас князь Усяслаў у лыцары вялебна ўсвяціў.– Брэшаш. Мы вас заваявалі.– Гэта мы вас заваявалі, – кажу. – На чыёй мове гаворыш, дзікун?!Яму няма чым адказваць.– Давай, – крычыць, – грошы!А я яму, як соллю ў вочы, праўду:– Вы ад Гедыміна па пятай бакавой малодшай лініі, а я ад Усяслава Полацкага – па другой. Тфу тваё дваранства перад маім!– Хам! – насмеліўся ён.– Дзікуны вы. З быдлам вы спалі ў круглых халупах сваіх. У шкурах хадзілі вы!– Мужык!Тут я, нібы праполваючы, выдраў чартапалох, святую нашу гербавую расліну, і сунуў яго пад хвост хамскаму каню гэтага хамскага нібы магната. Конь гэты даў свечку, і той вылецеў з сядла і бразнуўся ўсім целам аб раллю... І ён яшчэ казаў, што дваранін. Ды дваранін нізавошта б з каня не ўпаў – хіба што толькі зусім п’яны.Я стаў над ім – не рухаецца.– Я т-табе дам “мужык”, – спакойна сказаў я.Падумаў трохі, а потым выпраг каня, каб не пакутавала жывёліна, пацалаваў у храпу вернага свайго баявога сябра дый пайшоў па раллі да пушчы.Перад Лотрам стаяў чарговы са святога сямейства. Той самы боўдзіла, што граў у містэрыі Хрыста. Ён перамінаўся з нагі на нагу, і падлога стагнала пад ім. Цяпер на ім не было залацістага парыка. Свае валасы, бруднавата-рыжыя ў іржу, былі зблытаныя. Лоб нізкі. Надброўныя дугі вялізныя. Тупаваты, але даволі дабрадушны твар – увасабленне флегмы.– А ты? – спытаў Лотр.– Гэна... Я? – спытаў, нібы здзівіўшыся, целяпень.– Гэна... ты, – сказаў кардынал.– Акіла Кіёвы, – сказаў чалавек.– Распавядай, – сказаў Балвановіч.Целяпень плямкаў вуснамі, як мень.– Гэна... А я што? Я лесаруб... Прыстаў да іх, хай яно... Лесаруб я... Хаціну меў... гэткую... Ледзь, можа, болей... ну... за дупло... З хаціны... як жа яно... сагналі... Лес стаў запаветны... каралеўскі... Ну і потым, я на зборшчыка падаткаў выпадкова дуб пусціў. Спляжаны. І не сказаць, каб вялікі быў дуб. Так год на семдзесят. Ды, мабыць, трапіў па голым месцы.– Нішто сабе, – сказаў Лотр.– Гэна... А чаго “нішто”? На мяне адноечы стогадовы ўпаў. І нічога. Часам толькі... як жа яго... гэна... у вушах страляе.– М-м, – у адчаі замычаў Басяцкі.– Клянуся Маці Божай і святым Міхалам, – упадаючы раптам у прыпадак гневу, сказаў Пархвер, – вось каго проста і Бог не дазволіць пакінуць без вогнішча. Ягоны тлушч адзін каштуе больш, чым усё ягонае вартае жалю жыццё.– Гэна... А чаго маё... гэта... жыццё... Яно мне – нічога.І тут раптам ускіпеў Багдан:– Ты... хамуйла... Які ж ты тхор!.. Я пачынаю сівець, ты, шчанюк, і яшчэ нікога не дапікнуў жыццём. Мы памром. Але ты, вось так дакараючы людзей самым каштоўным, што ім дадзена, памрэш раней. А калі дажывеш да маіх год і не атрымаеш плахі ў загрывак ці стралы ў тэльбух – значыць, беларусы сталі быдлам і іхняя высокай пробы храбрасць памерла.Роскаш быў такі страшны, што, баючыся праклёну асуджанага, у які тады верылі значна больш, чым цяпер, суддзі змоўчалі, і нават Пархвер сцішыў свой гнеў.