Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Добра, – ціха сказаў Лотр. – Ну, а ты... наступны?Наступны, чалавечак год пад сорак, гарбаносы, са сквапным ротам у сетцы буйных жорсткіх зморшчын, з шэрымі, адначасова фанатычнымі і сварлівымі вачыма, раптам закрычаў нейкім бязглузда-страсным голасам:– А што наступны?! Што наступны?! – Вочы ягоныя бегалі.– Ну, ты што? – спытаў Басяцкі. – Можа, хаця ты сумленны чалавек?– Чаго сумленны?! Нашто?! Сярод такіх людцаў ды сумленны?! Я не сумленны, я – мытар! Мытнік я! Мытар!.. Данель Кадушкевіч маё прозвішча.Братчык усміхнуўся.– Чаго ж ты з мытараў пайшоў? – у мядзведжых Балвановічавых вочках бліснула цікавасць. – Праца пачэсная... Харошая... Сам апостал Мацей быў мытар.– А што Мацей?! Што Мацей?! Яму, старой перачніцы, добра было. Яго Бог да сябе прыблізіў. Ён цуды бачыў. А я нават звера Какадрыла толькі ў гішпанскай кніжцы глядзеў. І манаха марскога не бачыў. Чаго з мытараў пайшоў? А таго. Абрыдла ўсё. Раніцай устанеш, часам памыешся, пад’ясі. А што за ежа? А дзярмо ў нас ежа! Продкі тура елі – хаця б табе тут турыны капыт. Зямля аскудзела. Дзіваў мала. А што?! Няпраўда?! Захоча чалавек разнасол з’есці, звычайнае, скажам, зубрынае вымя, чаго дзяды і за ежу не лічылі, а яму пруць кожан дзень мядзведжую шынку або чорнага бусла. А ён мне абрыднуў, як гнілая рыба... А потым ідзеш мыт браць, вазы чапамі мацаць, каб не везлі недазволенага. А чаго яны там вязуць? Хіба гарэлку?! Няма таго, каб нешта такое, ну, гэтакае... Каб аж вочы на лоб палезлі. Ну, хаця б нейкага там аднарога... А потым дадому ды дадому, ды зноў есці, ды вячэраць, ды жонцы пад бок. Хаця б жонка нейкая... такая... дык не – баба... Каб жа ж гэта яна – мурынка, або... русалка, ці што, або, на горшы выпадак, турэцкая княгіня. Абрыдла мне ўсё. Есці абрыдла, мыта абрыдла, жонка абрыдла. У іншых краінах дзівы здараюцца, каметы кожны дзень, зямля цераз ноч трасецца, у небе тым розныя знакі. А ў нас толькі што цмокі ў Лепельскім возеры паздыхалі, дык я і тых не бачыў... Кінуў я ўсё... Лухта ўсё, лухта! Дзіва бы мне, дзіва, – няма дзіва. Я, можа, увогуле прарокам быць хацеў, а мне – мытарам. А што?! Тфу, вось што.Лотр паціснуў плячыма. Паказаў на лысага Мірона Жарнакрута:– Ну, доўга не будзем тут языком мянціць. Вячэраць час. А пра цябе я і так усё ведаю. Былі вы камедыянты. Выгналі цябе за бяздарнасць. Ты пайшоў, а паколькі ўсе спалі, то ты і фургон з вопраткай і іншым з сабою прыхваціў.Лысы Жарнакрут падціснуў вусны. Вакол іх сабралася мноства зморшчынак, і рот стаў нагадваць зашмаргу каліты. Такія раты бываюць толькі ў з’едлівых і скупых да апошняга людзей.– Я-як за бяздарнасць?! – спытаў Мірон, і голас ягоны зарыпеў, нібы нехта сапраўды пачаў круціць жорны. – Я?! За бяздарнасць?!Бровы ягоныя палезлі на лоб, у вачах з’явіўся гнеў. Зашмарга каліты распусцілася, паказаўшы жоўтыя рэдкія зубы. Твар стаў падобны на бяздарна зробленую трагічную маску. Ён засмяяўся, і гэты смех спачатку рыпеў, як жорны, а потым перайшоў у трагічнае “ха-ха-ха”.– Ды я!.. Ды яны... Самі вы бездары. Вось, глядзіце! – Мірон стаў у позу.Дакуль ты будзеш...Нібы нясцерпна зарыпелі жорны. Праўдзівей, стары вятрак. Бо ліцадзей не толькі рыпеў, але яшчэ і шалёна махаў рукамі ў паветры.Дакуль ты будзеш, Саўл,Дом Езусаў шматаць,Мужоў па стогнах... э-э... цягнуцьІ ў турму саджаць?– До! – залямантаваў раптам Лотр. – До, до, до!Гэта быў хутчэй крык адчаю, а не гневу.– Бачыце? І вы не вытрымалі, правялебнасць, – задаволена сказаў Мірон. – Здольнасць таму што. А вы кажаце – бездар.