Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Наступны! – раз’юшана і амаль непрытомна закрычаў Лотр. – За адно гэта з вас з усіх галовы пасцінаць трэба.Бамбіза, даўжынёй з ангельскую мілю, зрабіў крок наперад і гукнуў. Асавелыя вочкі; падстрыжаны па-бурсацку, у доўгай, да пят, бурсацкай світцы пад хітонам і, дзіўна, з мордаю мамчынага сынка, нягледзячы на ўзрост. Нос панылы, куцейны.– Jacobus sum, – сказаў ён. – Якуб Шалфейчык аз. Быў бы дыякан, ды толькі цяпер ужо не памятаю, ці мяне з бурсы выперлі, ці з дыяканаў ужо расстрыглі... Памяць мая, дзякуючы хваробе маёй, а значыцца, і Богу – tabula rasa, чыстая дошка... Ік... Suum cuique кожнаму сваё. Адны п’юць і блукаюць у завулках. Другія носяць чырвоныя мантыі.– Ты заўтра раніцай таксама атрымаеш чырвоную мантыю, – сказаў Пархвер. – Зыркую мантыю.– Pollice verso1, – сказаў бамбіза.– Прахвост ты, – сказаў Лотр. – Валацуга ты, а не дыякан.– Не верыце? Дык вось... “Ангел вапіяша благадатней: “Чыстая дзева, радуйся”.Голас быў страшэнны, мядзведжы, яловы. Ён біў па галаве і нібыта пакідаў сотні скабак у вушах. Гаслі свечы. Дрыжала і дзерлася слюда ў вокнах.– “І пакі рэку-у!!!”Якуб устаў на дыбачкі, наліўся крывёй. Нехта нябачны пачаў гартаць адразу ўсе кнігі на стале, за якім сядзелі суддзі.– Хопіць. Па-мойму, гэта не “ангел вапіяша”, а падземны дух, копша, – сказаў Басяцкі. – Наступны!Наступны выйшаў з рада. У ягоным хітоне было, бадай што, больш дзірак, чым у хітонах усіх астатніх. Варушыліся ў шырокіх драных рукавах спрытныя, нібы зусім без костак, доўгія пальцы рук. Каўнер ягонага хітона быў падобны на манашы, шырокі, у складках, і ў гэтым каўняры, нібы ў глыбокай місе, ляжала правільна-круглая галава з рэдкімі, у некалькі кучаравых валасоў, вусамі. Тая галава была надзіва пыхлівая, з хуткімі жывымі вочкамі, з такой вялізнай верхняй губой, нібы чалавек заўсёды трымаў пад ёю ўласны язык. Гэта, аднак, была няпраўда: язык гэты боўтаўся і званіў, як хацеў.– Глядзіце, – шапянуў Лотр. – Галава, якая гаворыць.Басяцкі ўсміхнуўся:– Уценьце гловы свентэго Яна, даруй мне, грэшнаму.– Сљдзіце вы нас не як суддзі ізраільскія. Няправедна судзіце. А самі не чулі, хто такі Ян Каток. – І ён ударыў сябе шчыпоццю ў грудзі. – Утучняеце сябе, нібыта свінні непатрэбныя, а не ведаеце, што і храм Божы не гэтак для душы ўратавальны, як я.Ён палез у кішэнь і дастаў адтуль голуба. Голасна зашаптаў яму “на вуха”:– Ляці да Пана Бога. Скажы: фокусніка самой Маткі Боскай судзяць.Падкінуў голуба, і той вылецеў у акно.Каток чакаў. Потым аднекуль, і здавалася – з ягонага зада, пачалі гучаць струны арфы. Фокуснік нібы прыслухоўваўся да іх:– Га? Га? Кажаш, не за тое, што трэба, судзяць? Правільна, не за тое. Кажаш, адмечу цябе дабратворнасцю? Адмячай, адмячай.У Карнілы, а потым і ва ўсіх, палезлі на лоб вочы: проста з ілба ў Яна Катка вырас і пацягнуўся ўгору куст ружаў, якія струменілі ззянне і водар.– Ммм-а, – зажмурыўся Жаба.– І яшчэ прагну раскошы тваёй...Вакол бандыцкай морды запалаў зорны німб. Каток склаў рукі на грудзях і заплюшчыў вочы. І тут успыхнуў рогат. Фокуснік азірнуўся і плюнуў. У тонкай ягонай механіцы нешта не так спрацавала.– У Яна Катка вырас вялізны і зіхоткі павін хвост.– Тфу. Памылачка атрымалася.– А казаў жа я... Пі... піць не трэба было.– І ўрэшце ты, апошні, – сказаў цыганаватаму кардынал. – І хутчэй. Бо першая варта ідзе да канца.– Пане Божа, – уздыхнуў Лявон. – То ж бо, гляджу, я аж раз’юшыўся, так есці хачу.