Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

...Скочыў я са стромы да ракі і пакаціўся. І тут убачыў човен, а ў ім дванаццаць чалавек.– Браткі, ратуйце!...Коннікі выскачылі на крутаяр... Але човен з намі ўжо закруціла, панесла сястрычка Вілля.Пасля хвіліны маўчання Лотр сказаў ціха:– Што ж. Самазванства, спроба выдаць сябе Бог ведае за каго. Твая, Братчык, ерэтычная дабрыня да іншаземцаў, твае сумненні ў веры... І тое, што ты разам з іудзеем начальнікаў у народзе тваім зласловіў, і адкупшчыкаў асуджаў.– І тое, што совы лёталі над галавою, – сказаў Басяцкі. – І мача, якой зубы паласкаў.– І тое, што падбілі чатырох прыгонных уцячы ад пана і заклікалі Біблію і Евангелле самім, без папа чытаць, – сказаў Балвановіч.– І тое, што папсавалі панскую маёмасць, – сказаў Жаба. – І ганьбілі нябожчыка караля, хлусліва сцвярджаючы ману.– І казалі ерась аб шчупаку, – сказаў Камар. – І праз гэтага шляхцюка абражалі магнатаў і суд, называючы іх хамамі.– За дуб, што ўпаў на зборшчыка, – сказаў Лотр.– За тое, што знакаў чакалі нябесных, калі іх саміх чакала мытарская служба, – сказаў Балвановіч.– За блюзнерства і апаганьванне брыдкімі фокусамі імя Божага і тое, што арфы нябеснага Ерусаліма гралі ў яго ў непадыходзячым месцы, – сказаў Балвановіч. – І за абразу гетману... Па ўсіх грахах вашых адно вам пакаранне.Хаўруснікі апускалі галовы ніжэй і ніжэй. Усё было ясна.– Смерць, – сказаў Лотр. – Страта. Заўтра. На світанні.

Раздзел Х

І вялікі жах апанаваў усю царкву.

І тады сэр Хуг і яго капелан,Пачуўшы, што латнікі ў дзверы б’юць,Згаварыліся на вялікі падман – Не для Бога, а ў славу сваю.Старажытная балада

У моры агню валіла да Замкавай гары гурма. Шчацінілася нажамі, косамі, пожагамі, старымі фузіямі, друкамі. Пусцелі дарогаю дамы, будынкі цэхаў. Выпаўзалі з зямлянак, падобных на норы, жабракі, у валасах іхніх была салома і сухое лісце, а ў руках вострыя кіі.Скакала над галовамі мора агню.– Хрыстос прыйшоў у Гародню!– Багатыя Хрыста забіваюць!Як шырокая рака ў цясніну, натоўп лінуў на мост. Варта не чакала нападу такой колькасці народу і спехам пабегла ў замак. Ратавацца.Нібы вострая сківіца, упалі за імі краты. Тыя, што нападалі, пачалі пускаць праз іх стрэлы, але ўжо за кратамі павольна сталі змыкацца цяжкія, акутыя бронзавай луской, двухсотпудовыя палавінкі брамы.Яшчэ праз хвіліну, адразаючы брамныя краты, глуха – бо на жывое – ляснулася зверху суцэльная брама – заслон.Зянону здзерла скуру з пляча. З-пад ніжняга краю заслона цяклі стогны і змаўкалі па меры таго, як заслон апускаўся пад уласнай вагой.– Бервяно! – нема крыкнуў мужык. – Бервяно, бервяно сюды!І яно з’явілася. Нечыя рукі падсунулі яго пад ніжні абрэз заслона, спынілі ягоны павольны спуск. Сяк-так, падклаўшы яшчэ пару бярвенняў, удалося выцягнуць чалавек шэсць, напалову мёртвых, напалову знявечаных. Толькі тут Зянон зразумеў, адкуль бярвенні. Мяшчане і рамеснікі разнеслі па бервяну перадмостную вартоўню. Цягнулі бярвенні на мост.І тут сярэдзіна моста – спознена – пачала была ўздымацца. Рыпелі ў брамнай вежы вароты, ляскалі ланцугі. Але варта ўзялася за гэта позна. Пад цяжарам людзей, што стаялі на ім, пад’ёмная частка моста толькі ўздыхала: падымалася трохі і ляскалася на месца пад акампанемент глухога “р-р-р” у вежы. Гэта калаўроты, не ў змозе трымаць цяжар, спускалі з сябе ланцугі.