Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Некалькі чалавек звалілася ў роў. Астатнія па загаду майстра на ўсе рукі, Гіава Турая, паклалі некалькі бярвенняў упоперак моста і ўвагналі іх канцамі ў схілы рова. Цяпер мост нельга было ўзняць.Кірык Вястун махнуў рукою. У шчыліну пад заслонай пачалі торкаць бярвенні, складаць сістэму падважнікаў, павольна ўздымаць жалезную пліту, кастром падкладаючы пад яе плаху за плахай. Урэшце заслону ўдалося ўзняць на такую вышыню, каб спакойна прайшоў чалавек з дзідай.З вежы паспрабавалі былі страляць – у адказ паляцеў каменны град.Прашчнікі не давалі нікому ўзняць галавы.Пачалі дзярбаніць у краты бярвеннямі. Нешта глуха дрыжэла, бухала ў чэраве вежы. На галовы тых, што таранілі, градам, бобам абсыпалася цамянка. Крычаў, наддзіраўся, распараджаючыся, Кірык Вястун.Краты ўжо амаль выбілі. І тут з верхніх прадушын паліліся на людзей расплаўленае масла і гарачая смала. Толькі што, відаць, растапілі. Шчасце, што паспелі выскачыць з лёгкімі апёкамі ды спаленымі валасамі і ніхто асабліва не пацярпеў.Абложнікі стаялі ля варот і не ведалі, што ім рабіць. Урэшце частка людзей, на чале з Маркам і Ціхонам Вусам, пабегла па лесвіцы. Несці іх трэба было здалёк, з цэха муляраў на вуліцы Адвесу.Для жаху прашчнікі ўсё яшчэ кідалі на вежу камяні. Усе чорныя, у куродыме, людзі стаялі перад брамай і гублялі залаты час.І тут каваль, якому не цярпелася, убачыў раптам вялізную купу вільготнай гліны ля размётанай вартоўні. Відаць, прывезлі, каб абмазаць сцены, якіх ужо не было.– А што, хлопцы, – выскаліў зубы Вястун, – прапалі сцены, то няхай і абмазка прападзе? Ану, скочце, хлопцы, ды здыміце трох-чатырох першых-лепшых варот.Яго зразумелі. Яго надзіва хутка зразумелі. Нібы ён усё жыццё толькі і вадзіў войска. Чуйдух прыцягнулі знятыя вароты, тоўстым слоем пачалі раскладаць па іх мокрую гліну.Дзякуючы прашчнаму дажджу варта не бачыла, што ёй рыхтуюць. Дый пара з дымам засціла байніцы верхняга і ніжняга бою.Палавінкі варот узнялі на латы і бярвенні, панеслі ў цёмны тунель, пад арку. Пасля, пад прыкрыццём мокрай гліны і дрэва, туды ж рушылі тараншчыкі з бярвеннямі наперавес.Хутка вежа зноў здрыганулася ад глухіх страшных удараў. Цяжка білі тры бервяны ў лускаватую паверхню брамы, мачаліліся аб бронзу, расколваліся аб доўгія – у локаць – шыпы, што тырчэлі сям і там.Тады зноў паліліся масла і смала. Ліліся на гліну, курэлі, сцякалі пад ногі. Ланцуг людзей ледзь паспяваў перадаваць з рова вёдры смярдзючай вады і ліць іх пад ногі абложнікам. Сычэла пара. Людзі працавалі, бы ў пекле. Зянон загадваў біць у тыя месцы, дзе было дрэва, між бронзавай луской. Удары паступова расхіствалі браму, калывалі петлі, абсыпалі цамянку. Але ўсё адно было зразумела: біць давядзецца гадзіны тры, дый тое, ці зламаеш яшчэ. Моцная была брама, і, каб напад не быў такі нечаканы, з самага горада, а не з-за валоў, замак ніхто б не ўзяў, як не бралі яго ворагі.А тут што ж? Проста разгубілася варта.Брама пачынала трашчаць. І тут здарылася тое, што ледзь не пагубіла справы.Некаторы час усе чулі, як нешта грукоча ў верхнім жыллі брамнай вежы. Думалі, што цягаюць катлы. І раптам з акна верхняга бою высунуўся хобат, вельмі падобны на гарматны. Натоўп зарагатаў. Праз байніцу верхняга бою канон мог плюнуць, але па Старым рынку, па камяніцы дамініканцаў, туды, дзе зусім не было людзей, над іхнімі галовамі, далёка.