Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Жанчына нават не ўздыхнула. Толькі апусціла галаву і павярнула яе прэч ад біскупа. З таго боку не ехаў ніхто, а каб ехаў, то заўважыў бы ў жаночых вачах адчай абражанага гонару і адрынутай прывязанасці, бяссільны гнеў і сухую нянавісць.– Дарэчы, – сказаў Лотр, – паклічце мне гэтага... дамініканца... Як жа яго?– Фларыян Басяцкі. Мніх-каплан касцёла псоў Пана Бога.– Вось-вось...– Загадваеце вярнуцца з ім?– Нашто? Не можам жа мы кінуць адных, без прыемнай бяседы айца Балвановіча і гэтага... з ім... пана Цыкмуна Жабу. Ён войт горада?– Войт.– І, здаецца, не вызначаецца талентам субяседніка?– Ён і розумам не вызначаецца.– Ну вось. Пакуль будзем гаварыць – падкіньце ім свайго... Дарэчы, дзяўчына надзейная?– Можаце гаварыць аб усім. Сам запэўніўся. Урэшце, ведае, што бывае за парушэнне нашай таямніцы. А пра важлівае можна і на лаціне.– З Богам, пан Камар.Біскуп паскакаў да астатніх коннікаў, што далёка адсталі ад іх. Лотр павярнуў галаву да кабеты.– Як цябе?..– Марына Крывіц.У жаночых вачах ужо не было роспачы і гневу. Было асуджанае, амаль спакойнае прымірэнне. Лотр і павярнуўся толькі таму, што яна, быццам зразумеўшы, што нічога не зможа зрабіць, мацней абняла ягонае плячо.– Ты не бойся, дзяўчынка. Табе будзе добра са мной.– Мне з усімі было добра.– І з ім?– І з ім. З апошнім.– Ну-ну... Не з першым і не з апошнім.– Мне абрыдла гэта, ваша правялебнасць.– Ты будзеш клікаць мяне правялебнасцю і ўдома? – перавёў размову на іншае нунцый. – Кінь... Што, табе абрыдла багацце, вядомасць, сіла? Лепей было б са смярдзючым кажамякам за мужа? Ты досыць легкаважнае дзяўчо, ты хочаш жыць, як то належыць. Так?– Так, – усміхнулася яна.Ён закінуў руку назад і пагладзіў яе клуб.– А цяпер усміхайся. Вось скача каплан.Дамініканец асадзіў ля іх ашчэранага каня. Худы, падборысты, з пранізлівым розумам у шэрых вачах, ён быў нават прыемны і гэтымі вачыма, і змяістай, ледзь улоўнай усмешкай. Хітрая старая ліса. З пачцівасцю паглядзеў на жанчыну, зразумеўшы, што ўсё вырашана, ухіліўся Лотру.– Вам не нязручна з ёю, правялебнасць?– Сваё я прывык адчуваць целам, а не бачыць яго на другім кані. Мне прыемна, і гэтага досыць.– Ваша праўда, – сказаў дамініканец.У маўчанні ехалі яны дарогай. Манах толькі аднойчы кінуў на кардынала дапытлівы позірк, а потым ехаў моўчкі, вонкава безуважны, разумеючы, што субяседнік скажа, калі захоча сказаць.– Слава Ісусу, – раптам вельмі ціха сказаў Лотр.– Я не разумею вас, – з зычлівай спакойнай усмешкай сказаў каплан.– Марыце хутчэй скінуць расу?– І тут сэнс сказанага вамі цёмны для вушэй маіх.– Вы вучыліся ў Саламанцы? – перайшоў на лаціну кардынал.– Доктар ганорыс кауза1, – таксама па-лацінску адказаў каплан.– Прывітанне ад сябра.– Якога?– Ігнацыя Лайолы.– Каго?– Хопіць, вось знак.І ён працягнуў манаху далонь, а на ёй медальён са змяёю, што абвіла падножжа крыжа. Змяя ляжала ў пагрозлівай паставе, баронячы крыж.– Унутры таксама ўсё, што трэба.– Я не разумею толькі аднаго, – сказаў манах.– Адкуль я ведаю?– Але. Адкуль вы ведаеце, калі ідэя братэрства Езуса толькі зарадзілася ў галаве...– Калі ідэя гэтая – дзве тысячы чалавек, здатных на ўсё.– Вы і гэта ведаеце?– Ведаю.– Такое нешматлікае кола, – сказаў каплан.– Гэтае кола скора будзе самым магутным ордэнам на зямлі. Самым магутным, бо самым нябачным.– Не трэба аб гэтым. Папа яшчэ нічога не ведае і не зацвердзіў...