Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Абложнікі весела скакалі на мосце і на перадмостным пляцы.Кляонік паспрабаваў нешта крыкнуць – яго не ўчулі. І раптам хобат рыгнуў доўгай спадзістай паласою агню. Чорна-чырвоным струменем, з якога падаў уніз агнявы дождж.Рогат змяніўся стогнамі, енкамі і крыкамі жаху. Людзі кінуліся прэч. Сярод агню, які заліваў мост, курчылася з дзесятак цел. І адразу рык гневу даляцеў адусюль. Народ зноў кінуўся да брамы, і хобат зноў плюнуў, на гэты раз бліжэй. Людзі кінуліся з моста.– Стойце! – Кляонік выбег з тунеля. – Стойце! Стойце, брыдкія вы! Стойце! Гэта агнявы канон! Ён толькі два разы плюецца! Потым яму стынуць трэба. Іначай выбухне ў вежы.Ён біў тых, што ўцякалі, дрэўцам дзіды.– Яны не будуць адразу! Ды стойце ж! Яны не рызыкнуць спаліць сябе.Нібы ў адказ на ягоныя словы, з верхняй прадушыны бухнуў у брамны тунель другі вогненна-дымны язык. Людзі пабеглі адтуль, бо гарачая нафта і агонь пацяклі па мурах на брук... І яшчэ плявок. Туды ж.Тыя, што таранілі, прыбеглі ў страшным выглядзе. Закураныя, як вугаль, без броваў, без вей. У некаторых амаль не было на нагах портак. Двое мацалі паветра:– Вочы мае! Вочы! Вочы!Шчасце, што гліна зберагла ад прамога агню. Але ўсё адно ўвайсці ў браму цяпер было нельга. Адтуль валіў дым, цяклі агнявыя ручаі нафты. Потым нешта бухнула. Чорны з залатымі пражылкамі, зменлівы шар вылецеў адтуль. Гэта абваліўся памост-прыкрыццё.– Кляонік, – разгублена спытаў Вястун, – гэта што ж? Пекла?Разьбяр сурова сціснуў вялікі прыгожы рот. Залацістая хмара валасоў была брудная ад куродыму.– Навіну завялі. “Аршанскі агонь”... Выдаў-такі ім нехта таямніцу. Не думаў, што застаўся хоць адзін знаўца. Ведаеш, чаму калісьці Літва аршанскае Благавешчанне доўга ўзяць не магла? Вось з-за гэтага.– Ды што ж гэта?! – ледзь не плакаў ад адчаю каваль.– А я і сам дакладна не ведаю. Кажуць, на Дняпры часам ля берагоў вада масленая. Гэта каменны алей плыве. Невядома ўжо, з чаго яго падземны валадар душыць. З цмокаў, можа, ці з волатаў. А мо і сапраўды з камянёў. На Куцейне, ля Ларынавай дубровы, цячэ ён, братка, кажуць, нават струменьчыкам, з пруток таўшчынёй. Манахі ім у пячорах свецяць. Вось, кажуць, яны і прыдумалі.Агонь на мосце згасаў. Але камяні былі ўкрытыя нібы акалінай.– Зрабілі нібыта каменную кадушку, паставілі высока. З яе вывелі такую вось трубу. Над ёй, ля самага зрэзу, сталёвае кола ды крэмень, а ад яго – жалезны пруток. А ў кадушку – гэтае д’яблава масла. А над ёю – такі жом, як з арэхаў ці з яблыкаў масла ці сок выціскаюць, можа, бачыў. На падважнік націснуць, за пруток нехта таргане – вось яно і плюе. Недалёка, брат, а страшна. Але толькі і можа плюнуць, што двойчы. Раз ды яшчэ другі, да канца падважнік апусціўшы.Падумаў.– У іх, відаць, два было... Бацька Фаўстыны казаў. Ён там зялезных спраў майстра. Во, брат, халера. Думаў – згарым.– То што мы стаім тут? – спытаў злосны ад апёкаў Зянон.– Цяпер, пакуль не астыне, гэтай халеры ў кадушку заліваць нельга.У браме ўсё яшчэ гарэла. І раптам цёмна-сінія Кляонікавы вочы гарэзліва бліснулі.– Разбірай яшчэ адну хату.– Чаго? – спытаў Зянон.– Разбірай, кажу.Каваль з групай людзей пабег да першай у шэрагу хаты. Скора пасыпаліся бярвенні.

– Асцярожна! – закрычаў разьбяр. – Не хапала яшчэ, каб прыдушыла! За мной.Людзі з бярвеннямі на плячах пабеглі да брамы. У байніцах верхняга бою з’явіліся галовы. Са здзіўленнем глядзелі на дурняў, якія зноў, у дыме, пасля такога пачастунку збіраюцца тараніць браму.