Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Сябра, – вельмі ціха сказаў ён, – хавер. Такі не хавер, а хазер1. Хазер Лотр. І гэта, скажам прама, зусім не хавейрым, а хазейрым2.Суддзі маўчалі.– Што ж рабіць? – ціха галаснуў Камар. – Пане Божа, што рабіць?!– ...і збіваць грушы, – са злараднасцю шапянуў іудзей непрыстойную прыказку. – Нічога, Юрась, нас заб’юць, але ім таксама будзе...Цішыня. Толькі раптам усміхнуўся Басяцкі.. Хацеў сказаць нешта, але паспеў толькі кінуць:– Ціха, панове. Нас у Саламанцы вучылі думаць... Ага, вось што...І тут залямантаваў, раптам здагадаўшыся, Жаба.– Божа мой, Пане! – галасам загаласіў ён. – Бяда будзе! Як казаў Ісайя: “Аголіць Пан Бог цемя дачок Сіёна і раскрые Пан Бог сарамату іхнюю”.Жоўты, лісіны езуітаў твар перакрывіўся амаль прыемнай усмешкай. Разумнай і смелай да блюзнерства.– Рабіць яму больш няма чаго, – непарушальна сказаў Басяцкі. – А што, уласна, крычаць?..Паказаў белыя вострыя зубы і праз іх кінуў у цішыню:– Яны патрабуюць Хрыста – дайце ім Хрыста.– Ды няма ж яго ў наяўнасці! – загарлаў Камар. – Няма Хрыста!– Маеце рацыю. Хрыста няма.– Дык...– А вам абавязкова, каб быў сапраўды?– Ну, як...– А гэтыя? – і адзін з заснавальнікаў будучага ордэна спакойна паказаў на бадзяг.– Гэ-этыя?! – абурыўся Лотр.– Гэтыя, – спакойна сказаў каплан. – Не горшыя за іншых. Скажам, нам строіць дурня, з Хомкі каўпак здымаць, не хочацца. Цалкам натуральна зрабіць з гэтых ерэтыкоў саюзнікаў і імі ўтаймаваць быдла. Вядома, давядзецца дараваць быдлу і дараваць ерэтыкам. Першым – таму, што яны рабілі мілую Богу справу. Другім – таму, што гэтыя махляры, яны ж – апосталы.Усе маўчалі прыгаломшана.Басяцкі казаў далей:– Вы палічылі іхняе з’яўленне няшчасцем? Наадварот, сіе сведчыць аб промысле Божым...Ён абвёў разумнымі халоднымі вачыма сяброў. Ва ўсіх членаў сінедрыёна былі не тое каб танзуры, а проста такі даволі вялікія плешы, і мніх усміхнуўся:– ...аб тым, што без Ягонай волі і волас не ўпадзе з нашай галавы.Счапіў вузкія нервовыя пальцы:– У краіне цяжка, неспакойна. Каб не было гэтага “прышэсця” – яго варта было б выдумаць. Толькі наша лянота перашкодзіла нам у гэтым.– Але як? – усё яшчэ жахаўся такой справы Лотр.– Dixi et animam meam salvavi3 – усміхнуўся дамініканец.Яго зразумелі правільна, хаця і не ў тым сэнсе, які меў на ўвазе аўтар прыказкі.– Т-так, – сказаў Лотр. – Ну, валацугі, хочаце быць апосталамі?– Не, – хорам адказалі валацугі.Усе здзівіліся.– Т-то бок, як гэта? – спытаў Камар.– А так, – адказаў Юрась. – Махляры мы, жулікі, гэта праўда. Можам нават сарочку з плота сцягнуць, але апосталамі быць не хочам. Ведаем мы, што такое азначае – звязацца са слугамі Хрыстовымі.– Праўда што, – загучалі галасы. – Але... Смерцю карайце, а апосталамі быць не хочам...– А вось гэта мы зараз паглядзім, – ашчэрыўшыся, сказаў Лотр. – Кат!Чалавек у агністым капюшоне падышоў да схопленых.– Вядзіце іх.Варта рушыла да ліцадзеяў і павяла іх да страшных дзвярэй у заднім муры....Брама палала, і цяпер яе можна было б лёгка выбіць самым простым ударам бервяна, але падлога тунеля была густа і тоўста, дзюймы на чатыры, засыпана жарам. А тыя, што біліся на мурах, усё яшчэ не маглі зламаць добра ўзброенага ворага, закутага ў латы, і прабіцца да брамы з унутранага боку.Жар палаў, шугаючы сінімі агнямі....Такі самы жар палаў і ў катоўні. Жароўня з ім стаяла проста перад тварамі ў бадзяг. Па скляпеннях скакалі цені. Чырвоная цэгла здавалася крывавай. Чорнай паласой перакрэслівала зарыва бервяно прэнга з цёмнымі раменнымі петлямі. Маскі, што віселі на сценах, здаваліся ад скокаў агню жывымі. І, як маска, што ажыла, стаяў перад валацугамі кат. Ён адкінуў капюшон і застаўся ў лічыне з барвянага шоўку.