Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

На сценах, нібы залітых крывёю, віселі акрамя масак варонкі, шчыпцы, ціскі для ламання рэбраў. Стаялі ля сцен абрыдлівыя, незразумелай формы і прызначэння станкі.Братчык з непаразуменнем абводзіў усё гэта вачыма. Тут працавалі таксама чалавечая фантазія і ўменне, працаваў чалавечы мозг – і ад усяго гэтага можна было хутка і назаўсёды пазбавіцца веры ў чалавека і ў ягоную будучыню, у ягонае прызначэнне і ў тое, што з гэтай жывёлы калі-небудзь што-небудзь атрымаецца.Ён не падумаў аб тым, што самое існаванне такога сведчыць аб тым, што ёсць, няхай сабе і рэдка, іншыя людзі, дзеля якіх гэта ўсё існавала. Тут немагчыма было думаць пра гэта. Тут было пекла, тым больш абрыдлівае, што стварылі яго людзі, а не д’яблы.Жалезныя, з ігламі шлемы... Іспанскія боты... Іншае, невядомае....Сучасны чалавек, незнаёмы з сутарэннямі гестапа, асфаліі і іншых падобных устаноў, параўнаў бы ўсё гэта з кабінетам зубнога лекара і тым абрыдлівым пачуццём, той дрыготай, якую выклікала ўсё гэтае начынне ў дзяцінстве... Але гэтыя, па розных прычынах, не ведалі кабінета дантыста і таму параўноўвалі ўсё гэта з тым, чым яно і было, з катоўняй.Нельга было паверыць, што такое можа быць між людзей....Братчык заплюшчыў вочы і з сілаю ўшчыкнуў сябе.– Ты што, мазахіст? – спытаў кат.Гэты голас вярнуў Юрася да прытомнасці.– Не, – сказаў ён. – Я проста ўсмерчваю плоць... І заадно – веру.Усё было на месцы. Гэта была праўда. І воласам няварта было ахвяраваць дзеля ўсяго гэтага быдла, на ўсёй гэтай паршывай зямлі. Хай бы сабе выдахлі.– Гэ... гэта нашто? – спытаў у тузе Аўтух Конаўка.– Нельга ж забіць падабенства Божае, – разважліва сказаў кат. – Трэба, каб яно раней перастала быць Божым.“Падабенства Божае, – думаў Братчык. – Падабенства самога сатаны, вось што... Бруднае быдла... Не Садом і Гамору – усе гарады, усіх вас, усю зямлю трэ было выпаліць агнём і перасеяць новым насеннем”.Ён узняў галаву і аглядзеў усіх. Два-тры вартыя твары, дый на тых жах.– Хай бы ж яно... гэна... Не хачу, – сказаў Акіла.– Пачынай, кат, – скамандаваў Лотр. – Ну! Ці на прэнг, ці ў апосталы.У крывавым святле твары іхнія былі, як пашчы саміх д’яблаў. І раптам з зарыва аддаўся гучны голас.– І слухаць я вас не хачу, – сказаў Юрась. – Галасы ў вас д’ябальскія.Жаба ўжо вярнуў сабе спакой.– Брэшаш, раб. У начальных людзей д’ябальскага голасу быць не можа. Нават калі Ірад гаварыў у сінедрыёне – і то народ усклікаў: “Се голас Бога, а не чалавека”.Лявона Конаўку падвялі да прэнга і заламілі рукі назад. Прэнг зарыпеў і пачаў набліжацца да рыбака... “Як страла пад’ёмнага крана”, – сказалі б вы... “Як прэнг”, – сказалі б яны.Лявон бегаў вачыма, у якіх усё яшчэ бачны быў, відаць, забыты, забіяцкі азарт. Забыты таму, што рот скрывіўся.– Ды што там, хлопцы, – сказаў Конаўка. – Я што... Бадай што, і згодзен.– І я.– І я.– Гэта... і я.– А чаму б і не я?– Гонар мне не дазваляе на хамскім тым прэнгу... І я...Галасы гучэлі і гучэлі. І разам з імі пасялялася ў сэрцы пагарда.– Вось і добра, дзеці мае, – сказаў дамініканец. – Бласлаўляю вас.– Я не згодзен, – сказаў раптам Братчык.Ён пагарджаў зараз гэтым быдлам аж да апошняга. Худоба, паршывыя свінні, жывёлы, чарвякі.– Ведаю я: не еш вішні з папамі – каменьчыкамі закідаюць. Ведаю, як звязвацца з псамі Пана Бога. Я, калі пройдзе ўва мне патрэба, знікаць не збіраюся. Бадзяга я, вось і ўсё.– Шкадую, – сказаў Басяцкі. – Кат, уздзейнічай на яго міласэрным перакананнем.