Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Біцца не мела сэнсу. Як на эшафоце. Потым будуць казаць, што баяўся, што кусаўся, як пацук.Кат і трох падручных схапілі Братчыка, здзерлі з яго адзенне (корд адабралі раней) і прывязалі да кабылы.– Які я пасля гэтага апостал? – плюнуў шкаляр. – Бачыў хто-небудзь з вас задніцу святога Паўлы?– Па ўпартасці і цвёрдасці табе Хрыстом быць, – сарамаціў Лотр. – А ты замест таго вось-вось з хвастанай задніцай будзеш. Або ператварайся ў Бога, або лупцоўка да паўсмерці.– Не хачу быць Богам, – праз зубы працадзіў Братчык.Ён бачыў злосныя і перапалоханыя твары суддзяў, бачыў, што нават хаўруснікі глядзяць на яго няўхвальна, але яму была ў вышэйшай ступені ўласцівая тая ўпартасць і цвёрдасць, якая пасуе сапраўднаму чалавеку.– Во асёл! Во анагр1! – сказаў Балвановіч.Маўчанне.– Братка, – з годнасцю сказаў Багдан. – Я ганаруся табой. Гэта нам, беларусам, заўсёды шкодзіла, а мы ўсё адно... Галовы нам за гэта, выгаднае іншым, прабівалі. То няўжо адзін раз з а с я б е не можаш паступіцца. Гонар жа страціш. Кабыла ўсё адно, што голая зямля.– Ведаць я вас не хачу, – прарыкаў Юрась. – Ведаць я гэтай зямлі не жадаю... Чалавек я... Не хачу быць Богам.Басяцкі набожна ўзвёў вочы ўгору:– Глядзі, каб суддзя не аддаў цябе... сам ведаеш каму, а... сам ведаеш хто... не ўвергнуў цябе ў цямніцу... Кажу табе: “Не выйдзеш адсюль, пакуль не аддасі і апошняга шэлега”. – І зусім іншым, дзелавым тонам дадаў: – Евангелле ад Лукі, том дванаццаты, раздзелы пяцьдзесят восем, пяцьдзесят дзевяць...– Гартань іхняя – адчыненая труна, – як падшыбленую, апусціў галаву шкаляр.Усе, нават прарокі, хочуць жыць. І таму, калі з’явілася надзея на жыццё, захацелі жыць нават моцныя.– Кінь, – сказаў Роскаш.

І нашто так мучыць людзей? – сказаў Раввуні. – Яны ж са скуры лезуць. Ты ж разумны чалавек, у школе вучыўся.– Угаворшчык – угаворвай, – сказаў Камар. – Не, пачакай. Малітва.Кат са свістам круціў бізун. Перад вачыма Братчыка раптам закачаліся маскі, клешчы, станкі, іспанскія боты, ціскі. І з гэтага шабашу даляцеў размераны голас. Кардынал чытаў, склаўшы далоні:– “Апостала нашага Паўлы да рымлян пасланне... Будзьце ў міры з усімі людзьмі... Не помсціце за сябе... але дайце месца гневу Божаму. Бо напісана: “Мне адпомшчанне, аз адплачу, кажа Пан Бог”. Дык вось, калі вораг твой галодны, накармі яго; калі засмагнуў, напаі яго: бо, робячы гэта, ты збярэш яму на галаву разжараныя вуголлі...”Разжараныя вуголлі шугалі ў жароўні. І паступова пунсавелі ў іх шчыпцы. Чакаючы ўсяго гэтага, Братчык рыхтаваўся ўхапіць зубамі скуру, што абцягвала кабылу. Ён глядзеў на маскі, карбачы і іншае і ўнутрана ўвесь сціскаўся.Яны не ведалі, што ён можа сцярпець. Не ведалі, як можа валодаць сабой чалавечая істота.. Яны нічога не разумелі, гэтыя жывёлы... А ён ужо столькі сцярпеў, столькі... А, ды што там!Размерана жундзеў Лотраў голас. Аднекуль даляцеў свежы павеў.– Слухай, – шапянуў Юстын, – кінь пароць бязглуздзіцу. Ты – мужчына. Але ж пасля цябе – возьмуцца за іх.Юрась не адказаў. Адчуўшы павеў, ён узняў вочы і ўбачыў у акне, назнарок прабітым для катавальні, празрыста-сіняе неба і ў ім зорку. То белая, то сіняя, то вясёлкавая – яна гарэла ў глыбіні неба. Далёкая. Недасяжная для ўсіх. Божы ліхтар, як казалі гэтыя лемуры, што зараз у імя Бога... Што ім карысці ў Божых ліхтарах? Вось будуць катаваць і іх. Нашто?Шкадоба за іх, змешаная з жалем да сябе, авалодала ім. Нашто? Хто ўведае, што тут здарылася? Хто ўведае, якія былі ягоныя, Братчыкавы, апошнія думкі? Здохне. Згіне. Пойдзе ў яму. І адметныя думкі разам з ім. Нашто гэта ўсё, калі ўсё адно незваротна закінуты ў жыццё, на ледзяную самоту, паміраць будзеш сярод гэтых людзей? Сярод іх, а не сярод іншых. Гэта толькі кажуць, што “нарадзіўся”, што “прыйшоў не ў свой век”. Куды прыйшоў – там і застанешся. А каб перанёсся ў другі, – і там іншае, і там будзеш чужы... Трэба быць, як яны, як усе яны, раз ужо трапіў у гэткую саладуху. Тады не будзе нясцерпнай духоўнай, тады не будзе фізічнай пакуты.