Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

Здаючыся, ён панікнуў, забыў аб усім, што думаў. І адначасова ў яго сам сабою падабраўся голы зад. Як у раба.– Гэй, кат, – раптам сказаў Братчык вельмі “звычайным” голасам. – Штосьці мне тут ляжаць абрыдла. Ногі, разумееш, пацерплі. Рукі, разумееш, перацягнулі, халеры. Ну, чаго там з-за дробязаў, з-за глупства. Ладна. Апостал дык апостал.– Хрыстом будзеш, – сказаў Камар.– Не. Апосталам. Адказнасці меней.– Хрыстом, – з пагрозай сказаў Лотр.– Ды я ж недавучка!– А ён, цесля, думаеш, што універсітэт у Саламанцы скончыў? – усміхнуўся дамініканец.– Ды я ж чалавек! – таргаваўся шкаляр.– А ён? Памятаеш, як у Лукі Хрыстова радаслоўная заканчваецца?.. “Еносаў, Сіфаў, Адамаў, Богаў”. І ты ад Адама, і ты ад Бога. Семдзесят шэсць пакаленняў між Хрыстом і Богам. А ўжо амаль тысяча пяцьсот год з Галгофы мінула. Значыць, з таго часу яшчэ... колькі пакаленняў прайшлі. Значыць, ты больш высакародны і род у цябе больш старажытны. Зразумеў?Гэты бацька будучых езуітаў, гэты сябра Лайёлы плёў сваю казуістыку нават без усмешкі, дакладна, як павук. Ён і блюзнерыў з адчуваннем, што гэта неабходна справе. І гэта было глупства, але страшнае глупства, таму што яно мела падабенства праўды і логікі. Жахлівая машына ваяўнічай царквы, усіх ваяўнічых цэркваў і ордэнаў, колькі іх было і ёсць, стаяла за гэтым няспешным пляценнем.– Зразумеў, – сціснутым голасам сказаў Братчык. – Адвязвайце, ці што.– Ну вось, – прымірэнча сказаў Лотр. – Так яно лепей. Праўда і талент – гэта зброя слабых. Таму яны яе і патрабуюць. Ды яшчэ і з дурной стойкасцю.Адвязаны Братчык плюнуў.– То ж бо вы, моцныя, закруціліся, як на патэльні.– Нічога, – паблажліва сказаў Лотр. – Думай, што хочаш, абы танцаваў па-нашаму, пан Хрыстос.

Між тым брама дагарала. Пунсавела разжараная бронзавая луска. Палавіны амаль абваліліся. Сычэў жар, на які лілі ваду.– Малімончыкі, – нявесела жартаваў Кляонік. – “Хрысто-ос! Хрысто-ос!” Калі вы ўжо так верыце, што Хрыстос, то чаго вы пяткі свае парэпаныя падсмаліць баіцеся?– До ўжо табе, – змрочна кінуў Гіаў Турай. – Спадзявацца – яно трэба, але волю Божую выпрабоўваць – справа апошняя.За брамаю ўсё яшчэ шалёна ляскалі мячы. Варта, закутая ў сталь, гінула, не пускаючы абложнікаў з муроў.– Пайшлі! – сказаў каваль.Мяшчане з бервяном рушылі проста ў пару і дым. Ударыла ў агонь бервяно. Узвіўся фантан іскраў. Паляцелі галавешкі і вуголлі....Карніла, ужо без стралы, уварваўся зноў у катоўню:– Гінем!– А вам за што плацяць? – спытаў Жаба.– З апошняга б’ёмся! Знемагаем! – прахрыпеў сотнік. – Хутчэй, вось-вось уварвуцца.– Ну вось, – сказаў Лотр. – Тут справа важлівая, ролі размяркоўваем, а ты – не сказаўшыся, а ты – без дакладу.Карніла прагна хапаў паветра.– Дык вось, пан Хрыстос, – непарушна сказаў Лотр. – Адна перад табою ўмова: праз месяц – кроў з носа, а ўзнясіся. Каб усшэсце на славу было.– Я, можа, і раней.– Гэ, не. Пакуль не паробіш усіх спраў тваёй царквы – і не думай. Ты, Карніла, за ім сачы. Захоча, халера, раней узносіцца – бі яго ў маю галаву і цягні сюды.– Гэта Бога?Лотр пачырванеў:– Ты што, вышэйшы за святога Паўлу?! – гаркнуў ён. – А Паўла “раздзіраў і шкамутаў царкву, уваходзячы ў дамы і цягнучы мужчын і кабет, аддаваў у цямніцы”.За нізкім лобам у сотніка нешта варочалася. Хутчэй за ўсё, непамернае здзіўленне.– Ды ну?– Настаўнікі нашы кажуць! Намеснікі Божыя! Выканальнікі ягонай волі! Першыя правадыры царквы на зямлі!