Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Дзіўна...– Імем Хрыста клянуся.Сотнік выцягнуўся:– Слухаюся.– Сачы. І глядзі, каб не прывабіў цябе філасофіяй і пустою спакусай.Па сотнікавым твары адразу было відаць, што спакусіць яго ніякай філасофіяй немагчыма.– Гэтыя філосафы маюць нахабства пра жыццё і смерць разважаць. А жыццё і смерць – гэта наша справа, царкоўнага суда справа, моцных справа. І гэта нам разважаць, жыццё там каму або смерць, і нікому больш...Лотр абвёў вачыма бадзяг. Убачыў Роскаша, які трымаўся ўсё з той жа годнасцю, ганарліва адставіўшы нагу.– Значыцца, так, – сказаў Лотр. – Ты, Багдан Роскаш, за шляхецкую ўпартасць тваю, зныня – апостал Фама, Тумаш няверны, іначай званы Блізнюк.Чырвоны, як памідор, твар “апостала Тумаша” пачырванеў яшчэ больш:– Мала мне гэтага па роду майму.– Хопіць. Лявон Конаўка, рыбак.– А! – тытунёвыя вочкі нядобра забегалі.– Цябе з рыбакоў ледзь не першага завербавалі. Быць табе Кіфай, апосталам Пётрай.Конаўка пачухаў лысіну, якая пачынала прабівацца між буйных кучараў, падступна ўсміхнуўся:– А што. Я гэта заўсёды ведаў, што ўзвышуся. Я ж... незаконны сын караля Алеся. Кроў! Дык першым апосталам быць, гэта мне – лузанцы.– Брат ягоны, Аўтух... Быць табе апосталам Андрэем.Танклявы Андрэй сутаргава праглынуў сліну.– Нічога, – сказаў Лотр. – Ім таксама спачатку страшна было.Лотр моцна забраў у свае рукі справу, і Басяцкі яму не перашкаджаў. Высунуў ідэю, уратаваў усім шкуры – і до. Цяпер, калі Ватыкан будзе незадаволены – можна будзе казаць, што думку кінуў, а далей усё рабіў нунцый. Калі будуць хапаць, ён воленсноленс заступіцца за мніха – адной вяроўкай звязаны. А Лотрава рука шмат чаго вартая. Магутныя сваякі, сувязі, багацце.Каплан унутрана ўсміхаўся.– Сіла Гарнец, – сказаў Лотр.Гарганцюа плямкнуў платаядным ротам і засоп.– Ты Іакаў Зеведзееў, апостал Якуб.– Хай.– Яны таксама рыбачылі на галілейскім моры.– Цікава, якая там рыба вадзілася? – спытаў новы апостал Якуб.Пытанне засталося без адказу. Трэба было спяшацца. Лотр шукаў вачыма падобнага на дзяўчыну Ладыся.– А брат твой па жанчынападобству, Іаан Зеведзееў, апостал Ян, евангеліст Ян.Мудрагелістыя вочы Ладысевы пашырыліся.– Прыемна мне. Але пацерам-то мяне вывучылі, а іншаму ні-ні. І нікога не паспелі за тыя часы. Іншыя пачалі першыя літары, а я тут прапаведваць пачаў. То я нават не ведаю, як “а” выглядае. Ані ў глове гэта ў мяне, ані...Лотр усміхнуўся:– Яны, рыбары гэтыя, думаеш, дужа пісьменныя былі?– То няхай, – закаціліся юродскія вочы.– Значыцца, вы – Зеведзеевы, – з няўлоўнай іроніяй сказаў Басяцкі.Раввуні ўздзеў вочы ўгору.– Ваанергес, – па-старагебрайску сказаў ён. – Бож-жа мой!– Праўда твая, – сказаў Басяцкі. – Дужа яны гучна. “Сыны громавы”.Лявон Конаўка – Пятро – падступна засмяяўся:– А што? Хто ўжо што, а я гэта ведаю. З імі ў адным будане начаваць немагчыма – такія ўдоды.– Хопіць, – перарваў яго Лотр. – Акіла Кіёвы.Целяпень скалануў іржавымі валасамі, дабрадушна ўсміхнуўся: зразумеў – на вогнішча не пацягнуць.– Гэна... я.– Ты з гэтага дня – Філіп з Віфсаіды. Апостал Піліп.З цяжкасцю захадзілі вялікія надброўныя дугі.– Запомніш?– Павучу пару дзён – запомню. Я здольны.– Ты, Данель Кадушкевіч, быў мытар – быць табе, па схожасці працы, евангелістам Матфеем. Апосталам Мацеем.Сварлівыя, фанатычныя вочы змежыліся.– Ты, ліцадзей Мірон Жарнакрут, зныня Варфаламей.