Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Хто? – зарыпеў Мірон.– Апостал Баўтрамей, – растлумачыў Лотр. – За бяздарнасць тваю. Той таксама ў самога Хрыста вучыўся, а потым, у “Дзеяннях”, яго і не нагадваюць.Лотр разглядаў бурсацкую морду наступнага.– А ты, Якуб Шалфейчык, апостал Якуб. Іакаў Алфееў меншы.– Які я тут меншы. Я тут вышэй за ўсіх. Максімус.І пакрыўджана змоўк.Бурмістр Юстын глядзеў на фокусніка. Правільна-круглая галава, ускінутая ў несамавітым гонары. Верхняя губа надзьмутая.– Гэтаму, Яну Катку, – устаў бурмістр, – па самахвальству ягонаму, трэба Ляввея даць.– Праўда што, – сказаў Балвановіч. – Ляввей, празваны Фадзеем. Апостал Тадэй. А паколькі ў евангеллях розначытанні – хто ў лес, хто па дровы, то ён жа Іуда Іакаваў, ён жа Нафанаіл. Бач, імён колькі!– Дзякуй, – сказаў Каток. – Я амаль задаволены.Міхал Іліяш глядзеў на Лотра чорнымі хітрушчымі вачыма. Усміхаўся.– Ты, Міхал Іліяш, з гэтага часу Сымон Кананіт, па мянушцы Зілот. Таму што “няма ў ім хітрасці”.Навісла маўчанне. Раввуні глядзеў у Лотравы вочы. Кардынал скрывіў усмешкаю рот:– Ну, а табе, Раввуні, і Бог загадаў быць Іудай з Карыёт.– Чаму?– А таму, што ты тут, бадай, адзіны, хто да трыццаці лічыць можа.– Я...– Сумленны? Ну й добра. У ходзе працы перавыхаваешся, паверыш у свае здольнасці... пан апостал Іуда.Іудзей уздыхнуў:– Ну што... Ну, дзякуй і на тым... Не я адзін... І не ў першы раз я за гэтага басяка адказваю.Лотр устаў, і за ім узняліся ўсе.– Усім, хто яшчэ звязаны за дрэнны звычай даваць волю рукам, усім гэтым, хто добра біўся, развяжыце рукі. І хадзем да брамы. – Адшукаў вачыма Карнілу:– Ідзіце наперад. Пастарайцеся ўпарадкаваць энтузіязм, сотнік.Суддзі адкінулі свае капюшоны, скінулі чорныя мантыі. Варта зняла са сцен паходні.У іхнім трапяткім святле шэсце пацягнулася да дзвярэй.