Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 1

– Ён скора зацвердзіць. Мы паклапаціліся аб гэтым. Здаецца, ён схільны...– Божа, такі нечаканы поспех.– Чаму нечаканы, – усміхнуўся Лотр. – Чаканы і заслужаны. Трыста год існуюць францысканы-мінарыты. Жабрацтва здабывае ім людскую любоў, жыццё сярод людзей – веданне іх і ўплыў на іх. Але яны адметныя хаця б вопраткай. І трыста год існуе твой, дамініканскі, ордэн. Ён грызе ворагаў Бога, як пёс. Пачынаючы ад вальдэнсаў і катараў, вы знішчаеце ерасі, вы кіруеце інквізіцыяй, але вы таксама на вачах. Натуральна было б стварыць братэрства, якое жыло б сярод усіх, як мінарыты, і ведала б людзей, як яны, але адначасова рвала б ерэтыкоў, як псы гасподні. Не грубай сякерай, вядома, – пакінем яе вашаму... гм... цяперашняму ордэну, – а больш тонкай зброяй. – Пагайдаў медальёнам: – Хаця б вось такой. І гэты ордэн павінен быць нябачным і ўсёпранікальным, як смерць, ведаць усё і ўся, нават тое, што вораг пабаяўся падумаць. Тайны, магутны, розны па вопратцы, з магнатам – магнат і з хлопам – хлоп, з вальнадумцам – вальнадумец, з праваслаўным – праваслаўны, але заўсёды – атрута самога Бога ў целе ворага. Нябачнае войска ў кожнай краіне, якое вядзе войны, рыхтуе вайну забойствам моцных і выхаваннем малых дзяцей і ўсім, што стварыў д’ябал і што мы павінны зрабіць зброяй у абарону Госпада. Нашто грэбаваць нечым? А грахі нашы – замоляць. Каб вас не было – вас варта было б выдумаць. І шчасце, што вы знайшліся, а Лайола, такі яшчэ малады, зразумеў, што ён патрэбны, і адкрыўся нам.– Вы льяце бальсан на маю душу, як...– Я здагадваюся, аб якім яшчэ сваім знаёмым вы хочаце сказаць. Бог даў вялікаму Томасу1 доўгі век, семдзесят восем год, пэўна, дзеля таго, каб даць яму нацешыцца перад вечнымі пакутамі пекла, куды ён несумненна трапіў.– Ён?– Ён. Таму што ён сек з пляча. Дзесяць тысяч спаленых, выгнаныя з Іспаніі марыскі і іудзеі. Рамеснікі, гандляры, упартыя земляробы і ткачы шаўкоў – дзе яны? І, галоўнае, дзе іхнія багацці? Яны ў Афрыцы, заклятыя цяпер нашы ворагі. Рана ці позна яны зробяць нейкую такую інтрыгу... А адных грошай, якія ён выдаткаваў на дровы дзеля гэтай ілюмінацыі і касцюмы дзеля гэтай камедыі, хапіла б, каб зрабіць з гэтых людзей, або хаця б з іхніх дзяцей, такіх самых, як і ён. Я не супраць вогнішчаў, але да іх не трэба звыкаць, як да штодзённага абеду, сядзення на гаршку або штодзённай шлюхі ў тваім ложку, – гэта не пра цябе, дзіця, – імі трэба захапляць. Маўры, яўрэі і ерэтыкі таксама людзі...– Што вы кажаце?! – не ведаючы, выпрабоўвае субяседнік або гаворыць шчыра, абурыўся манах.– ...і з іх зрабіць мярзотнікаў, і апошнюю навалач, і багоў, і воінаў веры, і забойцаў, і катаў ніколькі не цяжэй, чым з усіх астатніх двухногіх. Хрыстос быў іудзей і – да пары – ерэтык, і Паўла, і... Лютар, а цяпер на іх моліцца большая ці меншая колькасць людзей. Ерэтыкі толькі датуль ерэтыкі, пакуль яны слабыя. І кожнаму такому нельга дазваляць зрабіцца моцным. Вы разумееце мяне?– Здаецца, зразумеў. Гэта думкі Ігнацыя. Толькі... гм... завостраныя да небяспечнасці.– А я і не кажу, што прыдумаў бы такое сам. Я ведаю, на што здатная мая галава, і ў гэтым мая сіла. То што?– Паколькі былая “ерась” Хрыста, а цяпер яго “вера” ёсць наша вера – нам непатрэбна існаванне іншых ерасяў, якія таксама могуць зрабіцца верамі і тым саслабіць нашу веру і нас. Усё адносна, і сённяшнія цары – заўтра дзярмо, а сённяшняе дзярмо – заўтра цар.