Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Раздзел ХІ

Прарок Іллюк прымазаўся да нападаючых позна – можа, п’яны быў і толькі што праспаўся. Цяпер ён стаяў і крычаў на ўвесь стары горад:– Біце! Вызваляйце! Як Хрыстос прыйшоў на нейкі там год праўлення Тыверыя, так і на гэты раз – на нейкі там год праўлення Жыкгімонта зноў ён прыйшоў.Нячэсаная кучма калацілася. Звярыныя шкуры здаваліся ў агні запёклай крывёй, а голыя страшныя мускулы рук былі нібы з медзі.– Прадказаў вам прыход ягоны – я – Ілія!.. Старайцеся, хлопцы. Бог вялікі глядзіць на вас... Вызваляйце – аддасць ён вам багатыя дамы на рабунак!Два чалавекі ў чорным сукне пераглянуліся. Стаялі яны наводдаль, каб тыя, хто біў бервяном у браму, не зачапілі.– Прарока гэтага даўно трэба ўзяць. Адразу, як толькі прарвуцца, хапаем яго і валачом.– Кінь, – сказаў другі. – Каму ты яго павалачэш? Гаспадарам нашым? З іх вось-вось галовы палятуць.– Кепска ты іх ведаеш. Усё скончыцца мірам.– Брэшаш!– Убачыш.Вароты бурыліся ўжо вялізнымі кавалкамі. Іскры цягнула, бы ў трубу. Ляск мячоў за імі скончыўся, а замест яго ўзніклі аднекуль анёльскія ціхія спевы. Нібы з неба. Дзіўнае нешта адбывалася ў замку. Таму, відаць, біцца і кінулі.Апошні ўдар бервяна разваліў браму. Веерам, кілімам ляглі на зямлю жарыны. Топчучы вуголлі, натоўп уварваўся ў замак.– На злом! – раўлі галасы. – Хрыста! Хрыста забіваюць!Гурма валіла валам. І раптам спынілася. Анёльскія спевы ўзнесліся ўгору.З вялікім здзіўленнем сачыў народ, як рухалася ім насустрач разубранае шэсце з крыжамі і як ішлі перад ім трынаццаць чалавек, апранутыя ў радно.Людзі стаялі моўчкі. Завязваўся світанак, і ў ягоным няпэўным святле цьмяна ззяла золата рыз і адзіная залатая пляма ў гурме тых, што нападалі: залатыя вышэй кісцяў рукі Ціхона Вуса.І, нягледзячы на тое, што святлела, некаторым у натоўпе рамеснікаў здалося, што наступае ноч. Зноў наступае. Таму што невялікі хрэсны ход падыходзіў, а з усіх нібы вынялі душу.І Вус, і Зянон, і Турай з сынам, і разьбяр, і каваль, і яшчэ некаторыя разумелі, што гэтых, залатых, трэба няшчадна да апошняга біць. Але біць іх было нельга. Паперадзе, перад шэсцем, ішлі трынаццаць, апранутыя горш за апошняга мешчаніна, але ўсё ж так, як усе. Яны былі шчытом, які нельга было патрушчыць.– Лёгка ж яны абышліся, – ціха сказаў Кляонік.– А табе што? – агрызнуўся нехта. – Ты ж Хрыста патрабаваў – вось ён.– Дурань, – сказаў Кляонік. – Я праўды патрабаваў.– Ну і трымай.Лотр уздзеў рукі.– Людзі славутага горада! – узгласіў ён. – Мы з пострахам праверылі ўсё, што магчыма, і ўпэўніліся, наколькі можа ўпэўніцца слабым сваім розумам чалавек, у тым, што яны кажуць праўду.Натоўп забурчэў. Усе радаваліся, што адолелі. Але адначасова было неяк ніякава на душы. Таму што разлічвалі на другі канчатак і ўсе чыста настроіліся на яго, а цяпер было так, нібы сабраўся ехаць, а тут выявілася, што ў гэтым няма патрэбы.– Што ж крычыцё вы? Ныня і мы разам з вамі ўдзячна ўсклікнем: Хрыстос прыйшоў у Гародню!Ён зрабіў вялікасны і пагрозны жэст:– Занад доўга чыніліся распусты. Вось градзе Езус узвысіць царкву і ўратаваць свет.Радасны галас пакрыў ягоныя словы. Натоўп выбухнуў крыкамі шчасця і захаплення.

Раздзел ХІІ

“І зноў брахня. І абрыдзела ўжо нам, людзям, што з ім хадзілі, чытаць гэта і слухаць гэта. Але ж хто ачысціць праўду ад калу2 і возграў3, калі не мы? Хто застаўся жывы? Гэтыя два, што вышэй, яны яшчэ хоць трохі, паловай слова, праўду кажуць. Знаходзілі і хлеб. Білі і ворагаў. Здабывалі і мяса, і рыбу, і жыўнасць людзям. І была там сапраўды “вялікая вялікасць людзей”.