Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Памёр, – нібы сцвердзіў шкаляр. – А як жа я?– Што як жа вы? – сурова спытаў Лотр.– Ну вось... адзіны чалавек, дзеля каторага мне трэ было ехаць у Рым. І як цяжка, пэўна, было яму паміраць... Адзін. Такі высокі розумам, што з усімі яму было сумна.Ён глядзеў нібы праз субяседнікаў, праз горад, праз увесь свет, і вочы ягоныя былі такія адсутныя, такія “д’ябальскія”, як падумаў Лотр, такія нечалавеча самотныя, што двум другім стала страшна.– Куды ты глядзіш? – спытаў Лотр. – Дзе ты? Што бачыш?Той маўчаў. Толькі праз некалькі хвілін прытомнасць нібы стала вяртацца ў гэтыя вочы разам з ледзяным холадам і ледзяною самотай.– Нікуды, – саркастычна адказаў ён. – Нідзе. Нічога.На твар ягоны зноў нібы лягла круцельская злая маска:– А нічога... Заставацца... Хіба я не такі, як усе, каб чакаць яшчэ і лепшага? Каб спадзявацца? Такі... І нічога не патрэбна было... І куды я цягнуўся, шукаючы ісціну?.. І чаму патрэбная яна была?– Ён беснаваты, – шапянуў вартавы.– Маеш рацыю, – ціха сказаў Лотр.Шкаляр пачуў:– Не, я не беснаваты. Я такі, як усе. І так буду жыць. Патроху цягнуць час. І памру, як ён, не дачакаўшыся. З цяжарам непатрэбных ведаў, па неабходнасці навучаны хлусні. Інтрыгам. Воўк сярод ваўкоў.– Пане Божа, – схіліўся Лотр, – плюньце вы на гэтыя думкі. Народ ужо ледзь не цэлую варту гарлае і кліча. Пакажыцеся яму. Ён прагне вас бачыць.Шкалярова аблічча раптам стала адчайна-злым і нібы нават вясёлым.– А чаго? Хадземце, ваша правялебнасць. Будзем ламаць кумедзь.– Што вы? Якую кумедзь?– Ну, звычайную. Зямную. Чаму не ламаць?Вартавы адышоў, і тады Братчык зашаптаў з вясёлай злосцю:– Чаму не махлярыць? Чаму не закахацца? Чаму не пусціцца ў распусту, махлярствы? Чаму не скінуць рымскага папу? Усе папы на сваім месцы, а лепшых не відаць.Лотр усміхнуўся:– Вы паразумнелі.– Я даўно разумны. Я – сын бацькоў са знішчанага пачынка, я – шкаляр... Бадзяга... Камедыянт... Правадыр хеўры. Іншага імя ў мяне няма... Ерэтык у катоўні... Хрыстос... Бліскучае ўзыходжанне. Лепей, чым агароднік... Ва ўсякім разе, варта паспрабаваць. Я ж магу ўсё. Нават злачынствы рабіць.Кардынал з павагаю схіліўся перад ім:– Ідзіце пакуль адны, пане наш... Я хутка таксама падымуся.Братчык рушыў на вежу. Кардынал праводзіў яго вачыма і пайшоў шукаць Басяцкага.Ён стаяў на вежы даволі доўгі ўжо час. І ўвесь гэты час народ крычаў і цягнуў рукі:– Бо-жа! Бо-жа! Бо-жа!“Што “Божа”? Ну добра, я ўсё мог бы зрабіць з вамі, я, самазванец і махляр, бадзяга і злодзей. А на што я мог бы паклікаць цябе? Рэзаць іншаверных або іншамысных?.. Нічога не скажаш, годная роля. Самазванцу пашанцавала. Нікому яшчэ не шанцавала так. Прынамсі, вельмі цікава. І каб задаволіць тую цікавасць, трэба цягнуць да канца. Што яшчэ застаецца? І, вядома, чыніць зло. Жывы Бог злой грамады не можа не рабіць зла”.Ён працягнуў народу рукі. Проста, каб паглядзець, а што будзе. Якраз у гэты момант над пляцоўкамі з’явілася Лотрава галава, а потым і ўвесь ён.“Малайчына, – падумаў кардынал. – Хутка звыкае”.І стаў на верхнюю прыступку забрала, побач з Хрыстом.Народ, убачыўшы рукі, працягнутыя да яго, узвыў. Крык стаў утрапёны. У ім нельга было нават разабраць асобных выгукаў.Улешчаны выбухам энтузіязму, Лотр, хаця і пагарджаў гэтым быдлам, стаў з мілай усмешкай бласлаўляць натоўп.– Вось, – шапянуў Юрась, нібы яго маглі пачуць. – Чаму ж не выбраць там любую жанчыну і не прымусіць узняцца сюды? Плакалі б ад захаплення... Чаму б не прымусіць іх скакаць у роў?