Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Тон ягоны, прызнацца, быў даволі брыдкі, але Лотра задавольваў. І раптам кардынал са здзіўленнем убачыў, як змяніўся твар Хрыста, як здрыгануліся бровы: той заўважыў кагосьці ў натоўпе.У натоўпе выдзялялася постаць жанчыны на муле. Шкаляр міжвольна кінуў позірк туды і раптам убачыў, амаль ля самай галавы мула, блакітны са срэбрам караблік на дзявочай галаве, касу, чорныя з сінявою вочы, якія глядзелі на яго, Братчыка, з непрытоеным, амаль малітоўным захапленнем, чаканнем, радасцю і надзеяй.“Божа мой, якая святасць! – падумаў Юрась. – А я...”– Ты што? – спытаў Лотр. – Сапраўды хочаш прымусіць кагосьці ўзняцца сюды? То пакліч пальцам, і ўсё.– Змоўч, – праз зубы сказаў шкаляр. – Хто гэта там? Унь там?Позірк Лотраў упаў на Магдаліну вярхом на муле. І кардынал узрадаваўся. Не таму, што жанчына паспела абрыднуць яму, зусім не, а таму, што ён намацаў урэшце ў гэтага чалавека слабае месца, ніць, за якую яго можна весці куды хочаш.“Што ж, давядзецца аддаць, – думаў ён. – Шкада, а давядзецца. Дзеля такога чалавека, дзеля галоўнага козыра ў вялікай гульні. За меншыя козыры ў куды меншых справах аддавалі не толькі жанчын, а і сяброў. А тут і сам Бог дазваляе... Глядзі, любенькі, глядзі. Лопай, лопай, раўняй рыла з мяккім месцам”.Уголас ён сказаў назнарок абыякавым голасам:– Тая? Ды што... Магдаліна... Лілея далін. Не працуе і не прадзе. А і Саламон ва ўсёй славе сваёй не апранаўся, як яна. Хочаш? Вазьмі яе.І трохі спалохаўся, убачыўшы выскал Хрыстовых зубоў:– Э-э, кардынал. Не брашы. Па цэламу сабаку ў цябе з рота скача. На гэткую чысціню брэшаш.Народ, убачыўшы, што Бог нешта гаворыць, закрычаў утрапёна.– Чуеш? – сказаў Лотр, паказваючы на яго. – Вось трыумф царквы. Жыццё мы табе далі. Жанчыну тую дамо. Служы.Крык пачаў сціхаць: людзі хацелі паслухаць, пра што гэта гавораць на вежы. А раптам да іх.І раптам у гэтай адноснай цішыні загрымелі выгукі, якіх раней нельга было пачуць:– Гэй, Лотр! Ты што гэта побач з Хрыстом стаў, хамула?!– Месца ведай, чакуша!– Апусціся прыступак на пяць! Мышэй успомні! Хлеб!– А то мы цябе падвесім, кот шкадлівы.– М-мяў!!! В-ваа-ў! Ва-а-а!Пачынаўся кашачы канцэрт, дзікі, шматгалосы, прарэзлівы. Лотр збялеў і спусціўся ніжэй. Зусім трохі.– Гожая, – сказаў Юрась.Ён так упарта глядзеў на праяву, якая цягнула да яго рукі, што не заўважыў, як балюча ўдарыў па Лотравым гонары народ.Прыніжаны і крыху напалоханы, адразу ацверазелы, Лотр зразумеў: усё было памылкаю, гэты чалавек адчуў сілу. Ён згодзен зараз нават на паганыя ўчынкі, бо нешта зламалася ў ягонай душы. І ён, калі нават і будзе працаваць, то для ўласнага поспеху, а не для іхняга.Зразумеўшы, якую пачвару ён нарадзіў і выпусціў на святло, Лотр схаладнеў. І тут яго чакаў яшчэ адзін удар. Машынальна ён зірнуў у той бок, куды глядзеў Хрыстос, і ўбачыў, што пад гульбішчам стаіць адна Анея.Магдаліны і служкі з канём не было.І тады, разумеючы, што куды ўжо яму строіць высокія планы, што ўсё сарвалася, што цяпер абы зберагчы тое месца, якое ў яго ёсць, застацца на ім і яшчэ перашкодзіць гэтаму шалберу заняць месца ў сэрцы дзяўчыны, якую ён, Лотр, за апошнія дні так шалёна і ўсё мацней жадаў, Лотр пачаў утрапёна думаць.Ён, Лотр, хацеў гэтую дзеўку. Ён сам да гэтай хвіліны не думаў, што так яе хоча. І, значыцца, яна павінна належаць яму. Яму і нікому іншаму, пакуль ён гэтага хоча. Заўтра ж ён паспрабуе дабіцца гэтага. Заўтра ж ён абкружыць гэтага махляра сотняй вачэй. Заўтра ж ён абгаворыць усё з дамініканцам, паспрабуе выдаліць гэтага чалавека з горада. Хай ходзіць, хай махлюе, як і раней, каб у горадзе быў спакой, каб гэты шкаляр быў далей ад мечнікавай дачкі, упартасць якой так распальвае яго, каб па-ранейшаму ён, кардынал Лотр, стаяў на кафізме1 вышэй за ўсіх. У патаемным сваім гневе ён вытрымаў, сказаў з пазяхотай: