Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Час табе, Божа, узносіцца. Грошай дамо. Дзеўку гожую дамо. Тую – Лілею.І асекся – так раптам гыркнуў на яго Хрыстос.– Сам вазьму. Бач, ашчаслівілі. Сам знайду сваю дзеву Марыю... І ідзі ты са сваім узнясеннем!..

Бекеш у пакоі зачыніў акно. Шум нібы адрэзала.– Махляры. Сыны сіманіі2. Адроддзе пекла. Глядзеў – і ўспаміналася: “Бачыш гэтыя вялікія будынкі? Усё гэта будзе разбурана, так што не застанецца тут каменя на камені...” Гандляры праўдай... Толькі б хутчэй разнеслі тут усё ўшчэнт... Гандляры Богам... Сука! Вялікая блудніца.І ён сціснуў кулакі.

Раздзел ХІV

І ў тую ноч сеў ён вывучаць святыя кнігі.Святліца ягоная была ў верхнім жытле гасцёўні на Старым рынку, невялікая, з белымі голымі сценамі, з ложкам, з кіламам на падлозе, з нізенькай падстаўкай для кніг. І слабы свяцільнік асвятляў яе. І ён радаваўся, што ў ягоны пакой асобны ўваход, па вонкавых сходах.Са смяценнем у душы прыступіў ён да справы. Ён, можа, і ўцёк бы, але апосталы ўчыстую разбасячыліся. Нават Фаму толькі што мучыў гонар, а так ён быў задаволены. Нават Раввуні, які ўсё жыццё надрываў жывот, радаваўся спакою і сытасці.А кінуць іх ён не мог, бо звёў іх і звабіў, а цяпер адчуваў адказнасць.І не было яснасці ў душы ягонай, і таму ён, шукаючы яе, узяў пудовы, пераплецены ў скуру том, паклаў яго на пахілае вечка падстаўкі і, скінуўшы хітон, сеў перад кнігай па-турэцку.Усё адно. Цяпер яму трэба было ведаць гэта. Ён быў – Хрыстос. І адсюль ён павінен быў чэрпаць нормы сваіх паводзін. І тут ён павінен быў знайсці ісціну, бо нязведанасць мучыла яго. Ісціну, агульную для ўсіх людзей і народаў гэтай цвердзі. Ён прыблізна ведаў асноўнае, галоўны запавет, які даў ім – так яны верылі – Бог. Яго цікавіла, што самі яны дадалі за вякі да гэтага запавету, што цяпер павінен ведаць ён, адзін з іх, былы мірскі шкаляр і шалбер. Ён вырашыў не ўставаць, пакуль не зведае гэтага.Ён чытаў ужо некалькі гадзін. Месячнае святло падала ў акенца. Набліжалася поўнач, даўно ўжо варта загадала гасіць агні, а ён быў не бліжэй да ісціны, чым тады, калі сеў.Ён прачытаў “Быціе” і абурыўся Богам, і злосцю, і крыважэрствам – і не зразумеў нічога. І ён прачытаў “Выйсце” і абурыўся яшчэ і людзьмі (таму што да характарыстыкі Бога не было чаго дадаць). Абурыўся як фараонам, так і Майсеем, і людзьмі іхнімі таксама, і блуканнямі ў пустыні, але галоўнае тым, што з гэтых трызненняў зрабілі вечны нязменны закон.І прачытаў ён кнігу “Лявіт” – і ўвогуле не зразумеў, нашто гэта і якая каму б то ні было справа да таго, куды кідаць валляк ахвярнага голуба?І чым далей ён чытаў, тым менш разумеў, аж пакуль не ўпаў у адчай. А зразумеў ён толькі адно, што кніга прапаведвае любоў да бліжняга, калі ён, вядома, не ерэтык, не іншаверац і не інапляменны. І ён ведаў, што ўсе людзі зразумелі з кнігі таксама адно толькі гэта.Тады ён падумаў, што з ягонага боку гэта самаўпэўненасць: так, адразу знайсці верную дарогу. І ён падумаў, што, можа, Бог або лёс пакажуць яму яе, калі ён аддасца на іхнюю волю і пачне разгортваць кнігу наўздагад.Ну, вядома ж, пакажуць. Яны любяць, калі нехта спадзяецца на іх.Ён разгарнуў кнігу з заплюшчанымі вачыма і торкнуў у адну старонку пальцам.“І прыступіў я да прарочыцы, і зачала, і нарадзіла яна сына”.Гэ-эх. Не тое гэта было. Добра, вядома, але чаму трэба было выбіраць менавіта прарочыцу? І якія гэта мела адносіны да яго?