Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

І ці была ў гэтым праўда, патрэбная не дзеля яго, злодзея, а дзеля ўсіх?І ён яшчэ раз гартануў том.“Вось я дазваляю табе замест чалавечага кала каровін памёт, і на ім гатуй хлеб свой”.І тут у яго ўвогуле палезлі на лоб вочы. Але ён не схільны быў занадта верыць сабе і сумняваўся.– Лухта, здаецца, – ціха сказаў ён сам сабе і паглядзеў, чыё гэта. – Ды не, не можа быць лухтою. Бо Іаан Багаслоў. Подзівамі апентаны1? Ды быць не можа. Ану яшчэ... “Дай мне кніжку”. Ён сказаў мне: “Вазьмі і з’еш яе; яна будзе горкая ў чэраве тваім, але ў вуснах тваіх будзе салодкая, як мёд”.Ён сам адчуваў, што ад непасільных разумовых намаганняў у яго дыбарам устаюць валасы. І яшчэ ён зразумеў, што, калі ён не кіне гэтай справы, ён сапраўды і давеку папсуецца ў розуме або неадкладна зап’е.Таму ён непрытворна ўзрадаваўся, калі ў пакой ягоны раптам прыйшлі высокія госці: Басяцкі і Балвановіч з сувоямі. Узрадаваўся, бо не ведаў яшчэ, якое новае выпрабаванне зазнае сёння яго разумовая нармальнасць.– Чытаеш? – спытаў Балвановіч.– Чытаю. Занадта гэта ўсё, на маю галаву, разумна. Мудрасць дужа вялікая.– А ты думаў...– То што ў вас, святыя айцы?Абодва выпрасталіся і адкашляліся.– Пасланне табе ад намесніка прастола святога Пётры ў Рыме.– І ад патрыярха маскоўскага табе пасланне, Божа.– Ну, чытайце, – сказаў узрадаваны Братчык. – Чытай ты першы, каплан.Балвановіч пакрыўдзіўся, але месца саступіў. Мніх з шолахам разгарнуў сувой:– Була: “Да глыбіні...” Ад намесніка святога Пятра, папы Льва Дзесятага.– Ну, давай. Якая там глыбіня...– “Да глыбіні ўсхваляваныя мы другім прышэсцем тваім, месія. Будзем трымаць у імя тваё прастол святога Пятра. Молім цябе прыбыці ў вечны горад, але, думаецца, лепей зрабіць гэта як мага пазней, калі навядзеш ты парадак на любімай мною зямлі беларускай, вышпурнуўшы адтуль схізматаў праваслаўных, што гавораць ад святога імя твайго. Лабызаю ступакі твае.Твой папа Леў Дзесяты”.– І праўда “да глыбіні”. Ну, а што патрыярх?Балвановіч замасліўся. Пачаў чытаць:– “Царю и великому князю неба и земли от царя и великого князя, всея Великия и Малыя и Белыя Руси самодержца, а також от великого патриарха Московского – послание... Волнуется чрево церкви воинствующей от второго пришествия твоего, Боже. Ждем не дождемся с великим князинькой пришествия твово; токмо попозже бы прибыл ты, дабы до того времени поспел выкинуть с любимой мною земли белорусской папежников и поганцев разных. Ей-бо, выкинь ты их. Они табачище курят, а табак, сам ведаешь, откуда вырос. Из причинного места похороненной блудницы богомерзкой. Вот грех божиться, а все же, ей-бо, вера твердая только у нас. Два Рима пали, а Москва – третий Рим, а четвертому не быть. Выкинь ты их, Боженька. Припадаем до ног твоих и цалуем во сахарны уста. А Жигимонту этому паскудному так и скажи: “Г... твое дело, Жигимонт-царевич. Садись-ка ты на серого волка и поезжай-ка ты из Белоруссии к едрёной свет матери”. Еще раз цалую во сахарны уста.Твой патриарх”.І тут перад вачыма Юрасёвымі паплылі, пачалі дваіцца, траіцца і чацвярыцца сцены, пудовыя дурныя кнігі, мніхі-капланы, мітрапаліты, сувоі, папы рымскія, патрыярхі і цары. Разумеючы, што яму канец, калі ён застанецца тут, Братчык скрыгануў зубамі (бацькі царквы адхіснуліся ад яго), схапіўся за галаву і, як ашалелы, кінуўся прэч.

Раздзел ХV