Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Зямля ўся была залітая аліўкава-зялёным месячным святлом. Рэзкія чорныя цені ляглі за дамамі, у нетрах дрэў, у байніцах вежаў... І было гэта так высока і чыста, што захапленне перапаўняла грудзі і хацелася ляцець насустрач гэтаму зіхоткаму срэбнаму шчыту, гэтаму акенцу ў другі свет.Хістаючыся, ён ішоў начнымі вуліцамі, кідаўся ў непрытомнасці туды і сюды і цягнуў за сабою свой звязаны чорны цень, які таксама не ведаў, куды яму бегчы, і кідаўся ў розныя бакі... А за ім, наводдаль, цягнуўся другі, каржакаваты цень.“А ўцячы? А што тады з хлопцамі? Ды куды? Божа мой, Божа, за што ты пакінуў мя?!”Маленькая, як цацка, каменная цэркаўка трапілася яму на вочы. Уся зеленаватая ў месячным ззянні з двума-трыма ўтульнымі агеньчыкамі ў маленькіх – з далонь – акенцах. Маленькая, чалавек на сорак – па тагачаснай модзе, толькі, відаць, для свайго вулічнага тупічка-кутка. Адтуль ціха-ціха даляталі спевы: ішла ўсяночная.Ён мінуў яе, прайшоў яшчэ трохі і раптам спыніўся. Нібы адчуў грудзьмі мечнае вастрыё.Цераз нізкі каменны плот ён убачыў глыбокі, патаемны сад, увесь са святла і ценяў, і дзяўчыну з караблікам на галаве.Сыпалася з дрэў раса. Месячнае святло ляжала на траве. І дзяўчына ішла да яго, цягнучы рукі.Ён прыпаў да плота. Яна падышла бліжэй, і ён убачыў безуважныя, скіраваныя на нешта вялікае і светаноснае за ягонай спіной, амаль лунатычныя цёмныя вочы.– Ты? – ціха сказала яна. – Я іду да цябе. Я пачула.– Я іду да цябе, – гэта сказаў нехта за яго.– Ты, – сказала яна. – Ты. Я чамусьці ведала. Я адчувала. З тысяч нявестаў Гародні ты абярэш мяне. Хадзі сюды. Лезь цераз плот.Неяк зусім безудзельна ён пералез. Ногі самі перанеслі. Стаяў нібы трохі ачумелы. І нічога ад Бога не было ў ягоным вобліку. Але яна была як сляпая, як навекі аслепленая веліччу Бога, што ішоў у славе.І ён убачыў зусім блізка цёмныя, тагасветныя вочы і адчуў несамавіты боль, зайздрасць і сваю мізэрнасць. Але яна не ўбачыла і гэтага.– Якія ў цябе вочы, Божа...Ён успомніў уцёкі пасля свіслацкай містэрыі.– Якія валасы.І ён успомніў, як ён ляжаў на ганебнай кабыле, гатовы для бізуна і здзеку.– Увесь ты стройны і моцны, нібы елянец.Ён глядзеў толькі на яе і таму не заўважыў, як нехта таксама падышоў да плота.– Сонца маё, нашто ты на мяне кінула промнем сваім?Яны павольна ішлі ў святло і цень....Там, дзе садовы плот прымыкаў да царквы, у густым чорным цені стаяў нізкалобы сотнік і змрочна глядзеў на іх.Лотравы пакоі ў трансэпце гародзенскага замка нагадвалі пакоі багатай і не суровай норавам радавітай дамы. Каменныя сцены завешаны кілімамі і габеленамі з трохі легкадумным зместам. Іконы, дзе яны былі, здзіўлялі ўвагаю мастакоў да жывой плоці.А той пакой, у якім зараз сядзеў кардынал, быў увогуле легкаважны. Шырокае, на шасцёх, ложа пад гарнастаевай накрыўкай, крэслы з мяккімі падушкамі, нейкія каменныя і шкляныя пляшкі і флаконы на валошскім століку ля ложа. Пах якіхсьці салодка-гаркавых маслаў.Адзіныя духоўныя рэчы ў пакоі былі статуямі святога Себастыяна і святой Інэсы, дый тыя давалі відавочна пабольшанае ўяўленне аб сутнасці мужчыны і жанчыны.На ложы ляжала Магдаліна, ляніва пагойдвала перад вачыма залаты медальён. Басяцкі, што сядзеў на крэсле каля сцяны, імкнуўся не глядзець у той бок.Ля ног яе, таксама на ложы, сядзеў Лотр:– Ты, сотнік, пачакай. Я вось толькі зараз дам загад братам-дамініканцам.