Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Сотнік асцярожна сядзеў ля самых дзвярэй на пазалочаным, гнутаногім венецыянскім крэселку. За крэселка тое рабілася страшна.– Дык вось, пан Фларыян, за чалавекам гэтым трэба сачыць, каб не зрабіў чаго непажаданага.Карніла ўсміхнуўся, але тыя не заўважылі.– Атачыце яго даглядам. Прыстаўце людзей асабіста да яго... Дарэчы, ці ўзялі гэтага расстрыгу-прарока? Гэтага... Іллюка?– Узялі.– Ён прарочыў прыход. Ён ублытаў нас у гэтую справу... Іл-лія! Пастарайцеся добра пагладзіць яму рэбры шчыпцамі... Каб ведаў: прарокі ў наш час – з’ява падазроная. А там можаце паціху адправіць яго – куды, самі ведаеце.– Гладзіць яшчэ не гладзілі, – сказаў каплан, дачакаўшыся, пакуль Лотр выгаварыцца. – Дый няма патрэбы.– Як?– Ды ён усвядоміў, што не меў рацыі. І мы пазбеглі іх нараканняў у залішняй жорсткасці...– Што, “велля”1?– Ды мы, бачыце, проста адвялі яго куды трэба і растлумачылі значэнне і прынцып дзеяння некаторых прылад.– Такі конь? Спалохаўся? Прарок?– Коні таксама хочуць жыць. І потым, ён не прарок, а шарлатан.– Добра, – сказаў Лотр. – Хай цяпер прыходзіць штотыдзень за тлумачэннямі і прарочыць тое, што патрэбна нам... Што там у цябе, Карніла?– Удваіх, – сказаў сотнік. – У садзе ў Палянак. З Анеяй, дачкой мечніка.Абодва жахнуліся, убачыўшы вочы кардынала.– Ідзі, – глуха сказаў ён. – Схапі.– Мяркую, позна, – сказаў Карніла.Словы ягоныя міжвольна прагучалі, як жарт.– Выйдзі, – кінуў кардынал жанчыне.Тая надзьмула вусны.– Табе кажу.Марына незадаволена ўзнялася. Пагойдваючы клубамі, пайшла да дзвярэй.– В-вох, – ні з пушчы ні з поля сказаў Карніла. – Спакуса!Усе маўчалі. Лотр сядзеў з заплюшчанымі вачыма. Белы, як сала. Калі ён расплюшчыў вочы, яны не абяцалі даравання:– Дачка мечніка Палянкі Анея. Святая. Жонка пана Хрыста... І яна ўпэўнена, што ён – Хрыстос?– Іначай, пэўна, нічога б і не было, – сказаў Карніла. – Яна славілася чысцінёю і цнотай. Яна ў вялікай веры жыла.– Змоўч, – шэптам сказаў кардынал.– Ведаеце, што з гэтага будзе? – плоскія вочы Басяцкага нядобра ўсміхаліся. – Гэты круцель цяпер не адмовіцца ад самазванага імя. Таму што збаіцца страціць яе.– Гэта так, – шэптам сказаў Лотр.– Калі яна даведаецца аб падмане – яна плюне яму ў твар. Ён цяпер не адмовіцца.– Забіць, – ціха сказаў Лотр. – Абаіх.Дамініканец усміхнуўся.– Ненадоўга ж вас хапіла, – ён перайшоў на лаціну. – Казалі аб тым, што Ігнацы, што сябры ягоныя, што я – пачынаем велізарную справу. Што папа хай сабе праз дзесяць – пятнаццаць – дваццаць год прызнае нас. Што саюз наш будзе наймацнейшым саюзам зямлі. “Сыны Езуса”, “Братэрства Езуса”, ці як яно там. Казалі, што сіла наша ва ўсёпранікальнасці і патаемнасці. Казалі, што мы не павінны апаганьваць наш шлях яўнымі і адкрытымі расправамі. І вось цяпер ледзь нейкая дробязь закранула вас – вы забылі ўсё. Дарэмна браты адкрылі вам нашу таямніцу. Нас мала, мы пакуль вымушаны маўчаць і хавацца, як першыя хрысціяне. Але гора нам і мы прапалі, калі стаў на пачатку нашай дарогі такі, як вы. Я вымушан буду ўзняць голас перад людзьмі, якія здолеюць дабіцца ў папы Льва, каб ён заняўся гэтым сам і праверыў, ці адпавядаеце вы месцу, на якім сядзіце...Лотр змежыў вочы. Мніх сказаў ужо мякчэй:– Мне няма справы да жыцця і смерці гэтых людзей. Але схапіце іх тут, забіце іх тут – і мы ўбачым паўтарэнне таго, што было нядаўна. І на гэты раз нас не ўратуе нішто. А калі мы і ўцячом – увесь хрысціянскі свет зацікавіцца тым, што тут робіцца. Тое, што прыйдзе канец вашай славе, а магчыма і жыццю – дробязь. Але тое, што справа ратавання веры, мая будучая справа, справа майго братэрства выйдзе на свет – за гэта не будзе нам даравання ад улад і Бога. Тут і індульгенцыі не дапамогуць. Гэта вам не Тэцэлева дурацкае абяцанне1, гэта вам не на Дзеву Марыю зрабіць замах.