Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Ён даў Лотру абдумаць свае словы і спытаў:– Н-ну?– Ты Хрыстова нявеста? – Лотр сказаў гэта праз зубы. – Што ж, будзеш Хрыстовай нявестай. Карніла, адразу, як гэтае адроддзе пекла пойдзе ад тае шлюхі, схапіце яе, схапіце... патаемна, – гэтае слова далося кардыналу з цяжкасцю. – І зараз жа адвязіце яе ў Машкаўскі кляштар, на пострыг. Хай замольвае пралюбадзейства. – І дадаў: – Мараль вышэй за ўсё.– Вось такі вы на месцы, – усміхнуўся каплан. – Ты прыдумаў дзівосна. Ты нават сам не ведаеш, чаму тое, што ты прыдумаў, дзівосна.Лотр знакам адпусціў сотніка. Годныя людзі засталіся адны.– Ведаеш, чаму гэта добра? – спытаў мніх. – Ён адразу ж кінецца шукаць яе, і такім чынам мы пазбавім ад яго Гародню. Без шуму пазбавім... “Добры наш народ, чакай. Ён з’явіцца яшчэ. Хрыстос з апосталамі сваімі пайшоў хадзіць па краю, казаць слова Божае і памагаць людзям”.– Чакай, – сказаў Лотр. – Тут трэба нібы ў шахматах... Значыць, яе выдаляем – ён ідзе з горада?– Тут не трэба “нібы ў шахматы”. Логіка супрацьпаказана жыццю. Гэта толькі дурні і поўныя бездары патрабуюць, каб усё было заматывавана. Гэта не жыццё. Гэта – шкілет. Без жыцця і яго пульсавання. Без плоці. Без праўды... Вось слухай. Трэба, каб ён ведаў, што яе нехта ўкраў і павёз. Для гэтага досыць і добрых суседзяў. І ён будзе рвацца за ёю. Але тут яго можа спыніць боязь моцных ворагаў. Таму адначасова трэба злёгку пераканаць яго, што яна кінула яго, і абудзіць гнеў. Гэтыя розныя пачуцці будуць мучыць яго. Цяга, нянавісць, абражаная вера. І, больш за ўсё, жаданне, каб скончылася гэтая няўпэўненасць, каб было нешта а д н о. Да гэтага, да раўнавагі, заўсёды імкнецца кожны чалавек, герой або шалбер і круцель. І гэтая прага да а д н а г о, да в е д а н н я выбавіць яго з горада хутчэй, чым адна нянавісць або адно каханне. Нянавісць можа забыцца. З каханнем можна праседзець у горадзе яшчэ тыдзень і, між іншым, за чвэрць дня скінуць нас або зрабіць наша становішча нясцерпным. А так ён не будзе чакаць і дня.– Рацыя. Аб выкраданні скажуць суседзі. А хто аб здрадзе?Пёс Пана Бога маўчаў. Пасля спытаў ціха:– Табе не шкада будзе развітацца з ёю?– З некаторага часу – не шкада, – сказаў Лотр.– Я спадзяваўся на гэта. Вось яна і скажа. А згодзіцца пайсці ад цябе? Сачыць? Даносіць?– Ёй давядзецца, – Лотр крыва ўсміхнуўся. – Хацеў бы бачыць я, як гэта яна не згадзілася б.– Толькі без шуму. Разумееш, нам патрэбен каля яго свой чалавек. Каб раіў, сачыў, даносіў. Лепей за ўсё, калі гэта будзе жанчына. Яна. Вуха наша. Лепшае наша войска... Паабяцай ёй, што адразу, як толькі яна выканае справу, яна вернецца да цябе. Назаўжды. А калі захоча спакою – мы знойдзем ёй мужа... багатага нобіля.– І што яна будзе даносіць? І як?– У кожным горадзе ёсць сувязныя галубятні. Хай з кожнага горада адпраўляе па голубу. Калі яны будуць мірна махлярыць, апосталы, калі яны будуць мірна ашукваць і губляць славу і людзі пачнуць забываць іх – яна дасць яму грошай і пераканае “ўзнесціся”. І люд будзе чакаць яго.– А калі ён зробіць замах на веру?– Ён не зробіць. А калі пачне дбаць аб сіле і славе, калі замахнецца на нас – хай яна прывяжа да нагі голуба пярсцёнак і затрымае іх на тым месцы дні на тры. Тады ў тое месца паскача Карніла з людзьмі.– І што?Агонь трапятаў на твары мніха. Аблічча ўсміхалася. Цені бегалі ў зморшчынах і трывала ляжалі ў вачніцах. Страшная маска нечым вабіла.