Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Божа мой, – сказаў ён. – Столькі глухіх яроў!.. Столькі сведкаў “узнясення”!Месячнае ззянне ляжала на дрэвах. Снапы святла падалі з царкоўных акенцаў у сад, і ў гэтых снапах клубіўся лёгкі туман. А яны ўсё яшчэ ішлі некуды ў глыбіню гэтага вялікага саду, і цвіў глог, і кожная яго галіна была, як белы і зеленавата-ружовы – ад месяца – букет.Галіны апускаліся за імі. Ён абняў яе за талію, і яны ішлі. Пасля спыніліся.Закінуўшы твар, яна глядзела яму ў вочы, як на святую статую, што раптам ажыла. І ён, нечакана хрыпла, спытаў:– Як цябе зваць?– Я – Анея, – сказала яна. – Анея... Мне здаецца, гэта сон... Гэта не сон?А ён успомніў прынізлівыя галадоўкі і вандраванні.– Сон, – сказаў ён. – І ў цябе, і ў мяне – сон. Ты – Анея... А я...– Не трэба, – спяшаючыся, сказала яна. – Я ведаю, хто ты... Сёння ты высіўся над усімі, і сонца было за тваёю спіною. У мяне – падгіналіся калені... Дзе твае крылы?“Пане Божа, – з болем падумаў ён, – спытала б яна лепей, дзе мае рогі”.Яму зрабілася пакутліва-балюча... Крылы... Ведала б яна, як яны здабывалі хлеб, як ён спалохаўся катавання, як вырашыў жыць, як усе, ваўком і махляром, падступным здрайцаю, бо іначай нельга. Ён будзе так жыць. А яна кажа аб крылах.Ясна, што яна зусім не любіць яго, бадзягу і шалбера. Перад ёю – Бог. Волі ягонай – не пярэчаць. Ён можа ўзяць яе, і яна не скажа слова супраць. Ён можа прымусіць яе зрабіць усё: забіць сябе, нагаю прайсці па вуліцах, і вось гэта... Ён ледзь не плакаў ад страшнага прыніжэння і ад нясцерпнай цягі, ад кахання да яе. Ён адчуваў сябе падманшчыкам, здраднікам усяго святога, тым, хто топча давер’е дурненькага і добрага чалавека. Ён ведаў, што не даруе сабе, і пагарджаў сабою, і ненавідзеў сябе, і ненавідзеў Бога. І жылі ў яго сэрцы рэўнасць, нянавісць і гнеў.– Ты кахаеш мяне? – з надзеяй спытаў ён.– Я кахаю цябе, Божа наш.– А я? – пакутліва вырвалася ў яго з грудзей. – А каб я быў іншы... Тады... дзеля мяне самога?..– Але ты не іншы, – у вачах у яе жылі ўтрапенне і шалёны, самнамбулічны экстаз. – Ты не можаш быць іншы... Ты – Бог. У цябе залатыя валасы. Іскры ў іх.Гэты шэпт прымушаў яго калаціцца. Што ж гэта за насланнё? Ён губляў галаву. А вакол былі нетры з кветак.І ў гэтых нетрах яна ўпала перад ім на калені. Разгублены, ён паспрабаваў узняць яе, але сустрэў такое супраціўленне, што зразумеў: не здолее. Жанчыны ніколі не стаялі перад ім на каленях. Гэта было дзіка, і ён паспяшаўся таксама апусціцца на калені, пераступіўшы яшчэ адну прыступку да апошняга.У месячным тумане гучалі здалёк спевы:– “Анёл, увашэд да яе, сказаў: радуйся, благадатная! Пан Бог з табою; блаславёная ты паміж жонамі”.“Блаславілася, – думаў Хрыстос. – Усё адно як з першым – лепшым. Радуйся! Ёсць чаму радавацца”.Яна плакала, абдымаючы яго. Магчыма – ад шчасця.– Я ведала... заўсёды... Я чакала кагосьці... Не купца, якому – грошы... Не смярдзючага воіна... Нехта з’явіцца да мяне калі-небудзь... Але я не думала, што так... Што ты... Ты з’явішся да мяне... Чаму так доўга не прылятаў?.. Цэлых семнаццаць год?– Нядаўна толькі навучылі, – сумна сказаў ён. – Калі вылецеў з калегіюма.Ён глядзеў на яе. Яна была прыўкрасная. І яна не кахала яго. Яна казала гэта іншаму. Ён захлынуўся ад рэўнасці і не мог больш маўчаць:– Анея... Ты ж гэта не мне... Ты – іншаму... А я просты шкаляр, валацуга, шалбер.Яна не чула. А можа, няздатная была чуць, і словы зараз дзеля яе былі пазбаўленымі сэнсу гукамі.