Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

– Не трэба, – як глухая, сказала яна. – Я ведаю тваё смірэнне. Простая палатніна, пыл дарог, уздыхальня, дзе ты ніжэй за разбойніка. Але ж я ведаю, хто ты. І я кахаю цябе. Я нікога яшчэ так не кахала.У абурэнні і крыўдзе ён адарваўся ад яе, хаця гэта і было вышэй за ягоныя сілы. Глухая крыўда рухала ім.– Ты не хочаш слухаць. Я пайду.Яна ўся сціснулася.– Я ведаю, – ціха-ціха сказала яна. – Я ж ведаю, што я не варта цябе, што гэта неба падарыла мне незаслужаную літасць. Хочаш – ідзі. Усё ў тваёй святой волі... Няма цябе – няхай тады пекла... Нашто мне жыццё, калі мяне пакінуў мой Бог?І ён зразумеў, што яна так і зробіць. Нельга было яе пераконваць. І нельга, смяротна-небяспечна было не зрабіць подласці, пакінуць яе і пайсці.Самкнуўся круг. І ён, разрываючыся ад пагарды да сябе і несамавітай цягі да яе, здаўся, зразумеўшы, што нічога больш нельга, акрамя таго, што павінна адбыцца.“І сказаў ёй анёл: не бойся...” – ляцелі здалёк, нібы з самага неба, спевы. Сакавік крочыў па зямлі. І яна заплюшчыла вочы і, дрыжучы, сказала:– Пацалуй мяне, мне страшна. Але гэта, напэўна, так і трэба, калі прыходзіць Бог... Я веру табе.“Верыць? Мне?” – паспеў ён яшчэ падумаць з непамерным здзіўленнем, але вусны ягоныя прыпалі ўжо да чагосьці, і гэтага ён чакаў усё жыццё, і паплылі бліжэй да ягонага аблічча травы і спыніліся, а пасля, праз незлічоныя стагоддзі, здрыганулася зямная цвердзь.Ляцелі аднекуль галасы, чуліся за мурам крокі, смех і гукі лютні. У ззянні месяца заспявалі маладыя галасы:Глог у цямноцці сініНа Замкавай цвіў старане,Калі на падвор’е дзяўчыныДзівосны прыйшоў ганец.Сказаў ён ёй: “Кахаю”,З любоўю сказаў і тугой.І заспявалі на небе:“Дзяўчына, Пан Бог з табой”.Ціхі голас казаў, што нехта любы, мілы і каханы. А над усім гэтым у месячным дыме распасціралася бяздоннае неба, і мігцела ў ім то белая, то сіняя, то вясёлкавая зорка.Раніцаю ён пераскочыў цераз плот:– Я прыйду вечарам і забяру цябе.– Так... Так...– Назаўсёды. Я толькі павінен падрыхтавацца.– Я чакаю....Ён ішоў вуліцай, і ягоны твар быў як быццам адноўлены тым, што з ім адбылося. Магчыма, таму, што ў нахабных калісьці, круцельскіх вачах жыло ціхае і добрае ззянне.Яшчэ дужа здалёк ён убачыў, што насустрач яму рухаюцца дванаццаць занепакоеных постацяў. Але раней, чым ён паспеў хаця трохі наблізіцца да іх, на яго выкруціўся з завулка п’яны з раніцы, доўгавалосы, страшны і зверападобны, у сваіх шкурах Іллюк Спасаіконапрэабражэнскі.– А-а, Езусе літасцівы, – ён ледзь трымаўся на нагах. – Во дзе сустрэліся! Дазвольце рончку. Я ж, можна сказаць, твой Ілія. Той, пра якога яшчэ Ісайя казаў: “Голас, што лямантуе ў пустыні”. Я... – і тут ён змаху чабарохнуўся ў вялізную лужыну, – Іаан Ксціцель.– Што гэта за свіння? – грэбліва спытаў Тумаш.– Ілія, – сказаў Братчык. – Які папярэднік, такі і месія.– А я ж... падрыхтаваў шлях твой перад табою.Фама – Тумаш падміргнуў. Сіла – Якуб і Лявон – Пётр схапілі папярэдніка за рукі і павалаклі. Ён араў нагамі зямлю, робячы дзве баразны:– Не пазнаеш? Адракаешся? А я ж цябе ў Ярдань мачаў! Ну пачака-ай! Прарочыў я! Зведаеш ты цяпер мае прароцтвы! Голас Божы быў у тых начных людзей. Чакаай!Юрась плюнуў і рушыў далей.Калі ўсе яны зварочвалі з Мечнай вуліцы на вуліцу Абдзёртага Бабра, насустрач ім трапілася два дзесяткі коннікаў у чырвоных плашчах: замкавая варта. За імі цягнулася вельмі абдзёртая закрытая карэта, запрэжаная парай добрых белых коней.