Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Хрыстос не звярнуў на іх увагі. Яму было не да таго....Праз некалькі гадзін яны сядзелі ў Юрасёвым пакоі і спрачаліся. Спрачаліся зацята.– Ажэніцца ён, – іранізаваў Лявон – Пётр. – Не паспеў з’явіцца пан Езус, як ён, ці ведаеце, ажэніцца, – тытунёвыя Лявонавы вочы бегалі. – Ясна, што тут такое: шлюб пад плотам, а вяселле – потым.– Я табе, Лявон, зараз дам па тваёй апостальскай лысіне, каб языка свайго атрутнага пазбавіўся, – спакойна сказаў Юрась.Конаўка згубіў раўнавагу. Заенчыў ледзь не з адчаем:– Ды ты разумееш, што гэта такое будзе, тваё вяселле? Ты ж адразу як Хрыстос ляснешся. Ты ж сам нядаўна казаў, што будзеш плысці, як лёс нясе, узвышацца, уладу браць, грошы браць. – І перадражніў: – “Раз ужо застануся ў гэтым гноі, ра-аз усе гэтыя свінні”.– Учора думаў, – сказаў Братчык. – А сёння брыдка мне.– Яна Ксціцеля памятаеш? – нервова спытаў гарбаносы мытар. – Зладзеі мы. Нельга спыніцца, раз трапілі, як сучка ў кола. Вішчы ды бяжы. Спынішся – яны табе прыпомняць, што ты і хто ты. На прэнгу ўспомняць, якое яно, увазнясенне ды ў неба ўзяцце. Люд цябе на шматкі разарве.– Як хочаце, – упарта сказаў Хрыстос. – Я павінен...– Перад кім? – залямантаваў яловым голасам Якуб Алфееў. – Перад дзеўкай той? Ды спі ты з ёй, колькі хочаш – слова ніхто не скажа. Бласлаўляць цябе стануць, стопы цалаваць. Ёй, думаеш, нешта іншае трэба? Ты – Бог.– Дзеля яе...– А пра нас забыў?! Зноў на дарогу?! А жэрці што?!– Аўтух – Андрэй па-дурному зазваніў у кішэні грашыма.– А, грошы, – успомніўшы, сказаў Хрыстос. – Вось тут кожнаму па чатыры залатых... І мне тое самае... Я сабраў.І тут выбухнулі страсці.Братчык ніколі не мог уявіць, што дзесяць чалавек могуць так крычаць.– А пасля што? Гэта на ўсё жыццё?– Яшчэ каб казну ўзяць, коней накр... намяняць, дык тады нічога. А тое... чатыры манеты.– У мяне гэта самая ўдалая роля, – рыпеў Баўтрамей. – Плацяць як ніколі.– Пашанцавала так, – галава на блюдзе варушыла тоўстай верхняй губой. – А табе чаго яшчэ трэба?! Наракальнік ты! Еўнах!– І я!.. Гэна!.. Як яго!.. Яно!.. Ну, таго!!!– Каханыя, – супакойваў жанчынападобны Іаан. – Нашто ісці? Ён не думае. Добрае робіць свету і сабе.Ад гвалту барабаніла ў вушах.– Цыц! – гаркнуў раптам няверны Тумаш. – А я згодзен з ім. Дзеля гонару.– Разумны чалавек, – сказаў Раввуні і пахваліў сябе, не ўтрымаўся: – Амаль як яўрэй.– Дык што ты яшчэ вякнеш? – пагрозліва спытаў у Пятра Хрыстос.Той, унікаючы позірку, глядзеў у акно.– А ты падумаў, Лявон, на які ты час – Пятро? – сказаў Юрась. – І ты падумаў, што пакуль ты патрэбен – у цябе грошы, а калі ты не будзеш патрэбен – у цябе не будзе не толькі грошай, а і галавы...– А ты падумаў, Хрыстос, – засычэў раптам Пётр, – што гэта адзіны раз лёс дае ў рукі такі козыр? Што не яны табе, а ты ім можаш знесці галаву? Што працягні ты руку, і Гародня – твая... Беларусь – твая... Жмойская зямля – твая... Падляшша – тваё... Каралеўства – тваё... Палова зямлі – твая. І ты ж сам яшчэ нядаўна згаджаўся на гэта, здаецца? Што яны могуць?! А ты можаш усё.– Ведаю. Мог бы. Але гэта шмат намаганняў... Палова жыцця... Адна гадзіна змяніла ўва мне ўсё. Я не хачу губляць не толькі што паловы жыцця, а і ніводнай хвіліны. А калі не аддаць гэтаму ўсяе сілы, хітрасці... подласці – гэта скончыцца не панаваннем, а плахай.– З-за дзеўкі залатую раку губляеш, – Жарнакрут – Баўтрамей распусціў рот-зашмаргу. – Дзеўку яму трэба.