Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Але ў іншым – хлусня. Самі бачылі, як мы, гаротныя, тую царкву і начальства тое “абдурылі”. Пад пагрозай прэнга і вогнішча. Самі зведаеце, як гэтая іхняя “слепасць” прайшла, ледзь ён руку на золата царкоўнае падняў. І што тады зрабілі тыя, “простыя, як галубы” – зведаеце вы таксама.Але Варлаам і летапісцы з Буйнічаў менш хлусяць. Вы Марціна Бельскага паслухайце. Ён Братчыка Якубам Мелшцінскім заве, шляхцюком каронным. У той час, як не ведаем мы, ці быў ён нават мірскім шкаляром. Дзіўны занадта быў для шкаляра. Ці разумны дужа, ці з месяца ўпаў – проста розуму не дабярэш.А было так....Кінуліся да нас людзі. Тысячы многія. Падхапілі на рукі, узнялі, панеслі. А за намі панеслі тых самых князёў царквы. Д’ябал ведае, адкуль з’явіліся ў руках, угору ўздзетых, паходні, стужкі каляровыя, кветкі. Агонь скача. А мы, шчаслівыя, смяёмся: скону пазбеглі, бедныя.Каб ведалі, колькі нам з тым апостальствам пакутаваць яшчэ – плакалі б, як іудзеі на рэках вавілонскіх, а і замест таго, каб ліры на вербы вешаць, ім падобна, самі б на тых вербах павесіліся.Натоўп скача, раве, лікуе: Хрыстос у Гародню прыйшоў. А мы ўжо на Старым рынку зразумелі, у якую саладуху ўквэкаліся. Там нейкі чалавек – слабы, відаць, вераю – цэлы воз мышаловак прывёз.– Мышалоўкі! – крычыць. – Дзівосныя мышалоўкі!І тут народ удрузг і ўшчэнт разбіў той воз і разнёс, а мышалоўкі стаў таптаць нагамі: нашто нам мышалоўкі, маўляў, калі ў нас вы ёсць. Тут мы і спалохаліся.– Цу-да! Цу-да! Цу-да! – крычаць.І воплескі...Братчык быў разгубіўся, але потым паляпаў свайго “каня”, нейкага мужыка Зянона, каб той спыніўся, пад’ехаў да Багдана Роскаша, а цяперака Фамы Нявернага, дый шапянуў яму нешта. Фама галавою затрос.– Тпру, – сказаў Хрыстос. – Добра, людзі! Зробім усё. Будзе вам цуд.Закасаў рукавы:– Прынясіце нам ад дамоў сваіх сотню мышэй.– Але, – пацвердзіў Каток – Тадэй, дый вымае з-за пазухі мыш.Натоўп узвыў. Пабеглі за мышамі....І вось сядзім мы ўсе ў нейкай пуні за мноствам клетак. Тумаш дастае з клетак мышэй, а мы іх дзёгцем мажам. І ўсё гэта здорава нагадвае фабрычны канвеер1. Правільна гэта Братчык прыдумаў, а Фама – Тумаш пацвердзіў. Мыш – ён дзёгця не любіць. Пусціш такога – ён іншых перапэцкае, тыя – іншых. Мышы палову жыцця мыюцца, а дзёгаць языком не адмыеш. Пачнуць яны кідацца, у другія дамы бегчы, у свае і там пэцкаць. Пачнецца страшэнная бойка. І сама позняе праз дзень усе мышы з горада выйдуць.І вось мы працуем. Дастаем – трымаем за хвост – квачом плюхаем. І Іуда тых мышэй у норы выпускае....І выйшлі мы з пуні тае, і зноў узнялі нас на рукі, і паабяцаў Хрыстос, што заўтра мышы пойдуць з горада, бо пачуў бацька ягоны на небе маленні чалавечыя.Усё было б добра, але тут Іуда ўбачыў, як Лотр з Балвановічам глядзяць на Братчыка, нібы на сваё стварэнне. І ўсміхаюцца, быццам ацэньваючы: “А нішто”, – і рукі іхнія сустракаюцца ў моцным поціску.Так непамысна тады зрабілася. Нібыта будучы лёс свой убачыў....Потым уражанне ад абяцання мінула, і тут усе гэтыя людзі са змарнелымі тварамі, бледныя кабеты, жабракі ў лахманах, дзеці няшчасныя – усё гэтае беднае мора адчула, што галоднае яно, што рызыкавала жыццём за гэтага чалавека і мае цяпер права прасіць аб найвялікшым дзіве, якое магчыма на зямлі, аб кавалку хлеба. І пачалося маленне аб другім дзіве:– Хле-ба! Хле-ба! Хле-ба!Рукі цягнуць. І тут разгубіліся ўжо не толькі мы. Разгубіліся і “простыя галубы”, князі царквы.