Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Ён страпянуўся:– Дзякуй, сынок.– Вы яе знойдзеце. Яна мяне любіць. А я... ну, з бацькамі, ясна, яе аберагаю.“Гэх, хлопча, – падумаў Братчык, – кепска ты яе аберагаў. Ды я не скажу табе гэтага”.– Мы з ёю сябры – не разлі вада.– Я знайду яе, сынок.Юрась пабег.

Раздзел ХVІ

Было ўжо зусім цёмна. За акном Братчыкава пакоя свяцілася ў змроку чырвоная стужка зары.Свяцільнік ледзь мігцеў, вырываючы з цямноцця лысіну Баўтрамея, жывое, бы ў малпы, аблічча Іліяша – Сымона, доўгія валасы і юродскія вочы Ладыся – Іаана, ды яшчэ, далёка ад святла, вузкую руку Хрыста, што бязвольна звісала з каленяў. Вышэй за яе трывожна блішчэлі Юрасёвы вочы.Апосталы не маглі зразумець, што здарылася. Братчык з’явіўся змрочны і ніякіх загадаў не аддаваў, толькі шпурнуў Піліпу ледзь не трэць усіх грошай і сказаў:– Віна... Вячэраць.Гэта было добра. Значыцца, галава раздумаў ісці з горада на галодныя і пыльныя дарогі. Раздумаў, прынамсі, на некалькі дзён.Апосталы радаваліся. Але, з другога боку, словы Юрася аб небяспецы і магчымай пласе ўсё ж запалі ім у вушы, дый Фама, пасля адыходу Хрыста з Іудам, добра такі ўклаў усім розуму ў галаву. Княства княствам, а сваё жыццё даражэй.І вось таму яны зараз і радаваліся, што застаюцца, і адначасова пабойваліся і хацелі пайсці і знікнуць.Тумаша не было. Даведаўшыся, што будзе віно і вячэра, ён спытаў у Хрыста:– Дзевак хіба паклікаць?– Дзеля сябе і іншых – як хочаш, – думаючы пра нешта другое, сказаў ілжэ-Хрыстос.Фама крэкнуў з многім значэннем, але той не раззлаваўся, і шляхціц, зразумеўшы такі стан як згоду, пашыбаваў у горад раскідаць свой брэдзень.І вось усё было падрыхтавана ўжо, а яго не было, і ўсе моўчкі чакалі, і толькі Іуда ў куце пра нешта такое шаптаўся з Хрыстом:– Ну, і што ты думаеш рабіць?– Пэўна, чакаць. Сюды, можа, дойдуць звесці, а там... голка ў стозе.– І я-ткі пайшоў бы.– Іосія, мілы. Што я магу ведаць? Я нават не ведаю, а можа, яна сама пайшла ад мяне? Можа, яна зразумела ці нехта адкрыў ёй вочы? І вось... не сцярпела падману, прыніжэння, таго, што сама кінулася.– А можа, ёй зараз так кепска, што... Можа, чакае паратунку?– А можа, шчаслівая, што мяне няма.– Гм, рацыя, – сцвердзіў Іуда. – І, аднак, думаць трэба. Шукаць. І заўваж, тут шукаць непрытульна. І можа прыйсці час, што ты не здолееш і думаць. І я не здолею думаць. Чаму? Таму што думаць можна, калі ёсць чым думаць, а калі чым думаць няма, то і думаць няможна. Скажу толькі адно, каб табе, можа, было лягчэй. Што можа зрабіць Іуда? Ён можа кінуць друга? А друг кінуў яго аднаго ў Слоніме? Ці ён можа, каб сябра павесілі?У гэты момант адчыніліся дзверы, пачуўся вясёлы рогат і віск, і ў пакой пачалі плысці, не датыкаючыся нагамі зямлі, дзеўкі.Адна, дзве, тры, чатыры, пяць... За імі з’явіўся, сапучы, наліты крывёй, шчакасты Багдан Роскаш. Дзеўкі віселі ў яго на працягнутай руцэ. Але гэта быў яшчэ не канец. Тумаш бокам зрабіў яшчэ крок, і другі, і трэці – і вось яшчэ чацвёра дзяўчат віселі на другой ягонай руцэ і матлялі нагамі ў паветры.– Вось, – сапучы, сказаў Тумаш. – Добры вечар у хаце... Яны прыехалі... Меў ласку даставіць.Апусціў дзяўчат на падлогу.– Гэта не ўсе. Чатыры ішлі самаходам.– Не здолеў, ці што? – спытаў Іліяш.– Чаму не здолеў? Месца на руках не хапіла. Гэта ж не зморкі нейкія... Бачыце? Гэта ж ёсць што абняць!Запалалі свечкі. Іх сталі ляпіць дзе можна, і скора ў пакоі стала светла, бы ў царкве на Вялікдзень.