Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

Асвяціўся вялікі, на ўсю падлогу, кілім і на сярэдзіне яго – смажаны баран, дзве шынкі, тры гусі, дзесяткі два смажаных курэй, паляндвіцы, місы з калдунамі, паранай рэпай, агуркамі салонымі, мочанымі яблыкамі і проста тушаным мясам і іншай рознасцю.А паміж гэтага строем стаяла безліч бутэлек, пляшак, глякоў з гарэлкай, мёдам, крупнікам і віном.Фама пастараўся. Нездарма так доўга хадзіў. Дзеўкі былі ўсе маладыя, літыя, цвёрдыя і гожыя. А калі некаторыя і не дужа, то шляхціц меў рацыю: абняць было што. Румяныя, белазубыя, вочы ад чакання выпіўкі і ўзбуджанасці блішчаць. Чырвоныя, блакітныя, аранжавыя кабаты-шнуроўкі, андаракі – як вясёлка. Істужкі, рознакаляровыя кабцікі1 на нагах.Пакой зацвіў, як весні поплаў. Адразу запахла нечым цяжкавата-духмяным, зарабацініла ў вачах, і, нават без выпіўкі, пачалі круціцца галовы... Усе з рогатам сядалі за сталы, на хвіліну здзіўляліся, што Пан Бог адзін, а пасля вырашылі, што так, відаць, і трэба, гэта ж не апостал там нейкі, і пачыналі тармасіць кожная свайго....Хутка віно палілося ракой, – усе гаварылі кожны сваё, не слухаючы іншых, цалаваліся, рагаталі. Некаторыя пачыналі ўжо думаць, што трэба трохі стрымаць сябе, а то яшчэ звалішся з галерэі, на якую выходзілі іхнія дзверы, або не трапіш у свой пакой.Галас, віск, смех. Суседка кусала Акілу за вуха, а той толькі жмурыўся ды бубнеў:– Ай, ну... Ай, не трэба... Гэна... Казытліва.Лілося ў пашчы віно. Гожанькая суседка Роскаша скосу паглядала на Раввуні.– А гэта нібыта не на-аш... Нібыта з біблейскіх мясці-ін. Пане Божа, а як жа ціка-ава!– Нічога цікавага, – буркнуў Фама. – Такі самы, як і ўсе.У Іуды ляжала на каленях дзівосная каштанавая галава. Вочы прыплюшчаныя, вусны чакаюць. І ён нахіляўся і цалаваў гэтыя вусны. Яму доўга давялося ісці. Але вочы яго, калі яны сустракаліся цераз галовы п’яных з вачыма Юрася, былі сумныя. Ён усё разумеў, нібы адчуваў сябе вінаватым, і, аднак, нічога не мог зрабіць, акрамя як пакінуць яго. Уначы – кожны за сябе. Адзін з горам, другі – з жанчынай, да якой ён доўга ішоў.Юрась сядзеў над гэтай карчмою змрочны. Сплёў рукі між каленяў, глядзеў, слухаў, піў.– Пі, Хрысце, Божа наш, – дзерся Багдан. – Пі, аднойчы жывём!– Заганарыўся наш Езус, – з падступнай усмешкай сказаў Пятро. – Падумаеш, Бог. Я, можа, сам незаконны сын караля Аляксандра.– Дзверы шырэй адчыніце! Душна!– Навальніца будзе. Бач, бліскае.На дварэ сапраўды часам бліскалі далёкія, бязгучныя яшчэ, маланкі. Рассякалі цямноцце, асвятлялі наводдаль вежы і грыфельны дах замкавай базілікі. Кожны раз лявей і ніжэй вежаў нешта шырока налівалася чырвоным святлом: Нёман, які пасля весняга разліву яшчэ не зусім увайшоў у берагі.Затрапяталі раптам агеньчыкі свечак. Усе ўзнялі галовы.Жанчына стаяла ў дзвярах. У цёмным дарожным плашчы паўзверх багатага ўбору. Вочы трохі грэбліва глядзелі на хаўрус. Пасля яна ўздыхнула і стомлена, нібы неахвотна, пераступіла парог.І гэта была сапраўды такая журботная, дасканалая і нейкая смертаносная прыгажосць, што ўсе прыціхлі. Адзін Ян Зеведзееў ускочыў, каб прыняць яе плашч, і замітусіўся вакол яе.– Што мне ў табе? – абыякава сказала яна і пайшла па дыване, ступаючы проста паміж блюдамі, да Хрыста.Трэба было быць мастаком, каб прайсці між гэтага разарэння, не наступіўшы ні на што, не зачапіўшы ні адной бутэлькі нагою або краем сукні, які яна ўрэшце прыўзняла. Але яна ішла, нібы па роўнай падлозе і яшчэ лепей, ішла, нібы танцавала, і ўсе сачылі вачыма за дзівоснай гэтай праявай.