Хрыстос прызямліўся ў Гародні, ч. 2

І прайшла. Не зачапіла нічога. Да Хрыста.Ён паглядзеў на яе і міжвольна засланіў вочы, нібы ад святла, далонню вонкі.– Што табе трэба? – спытаў ён.– Мне абрыдла маё жыццё і ўсё тут. Я хачу ісці з табой.– Нашто? Ты жанчына.– Магчыма, я мацнейшая за вас.– Не, для цябе нашто?– Магчыма, я магу быць карысная табе, – з той самай стомленай усмешкай сказала яна.Пасля на імгненне прыкрыла вочы і раптам усміхнулася, глянула з даверлівым маленнем, чаканнем, што яе не падмануць, і радасцю.– Мне трэба ісці за табою. Я не ведаю, чым жыць. І ў мяне няма рашучасці пакінуць жыць.– Што я магу сказаць табе, сам седзячы ў цемры?– Можаш даць майму жыццю святло. А я пастараюся рассеяць тваю цемру.– Як хочаш, – сказаў ён. – Сядай.Яна села побач з ім. Паступова ў пакоі аднавіўся п’яны шум і смех. І тады, убачыўшы, што ніхто не звяртае на іх увагі, Магдаліна ціха спытала.– Кепска табе, Хрыстос? – спытала пад п’яны шум.– Добра, аж няма дзе дзецца. А табе што ў гэтым?– Я падумала, што табе цікава ведаць пра Анею.Яна ўбачыла ашалелыя Братчыкавы вочы, сама сабе ўсміхнулася і сказала прачула:– Горад устрывожан знікненнем мечнікавай дачкі. Разумееш, за ягонай адсутнасцю клапаціцца пра яе павінна была рада. Ходзяць розныя плёткі.– Ну? – амаль груба сказаў ён.– Ну і вось. Адна жанчына нібыта сустрэла яе сёння раніцай за горадам. Ехала ў суправаджэнні багатай варты... Гаварыла з ёю весела.– Калі?– Другі час першай варты нібыта.“Праз гадзіну пасля мяне, – прамільгнула ў ягонай галаве. – Здрадзіла... А я ж...”– Што яна збіраецца рабіць? – гледзячы ў адну кропку, сказаў ён.– Тая кабета нібыта сказала, што мечнік збіраецца выдаць яе замуж. І як быццам сама Анея сказала ёй, што на захадзе сонца ёй расплятуць касу і яна стане нявестаю і жонкаю другога.Твар Хрыста пайшоў плямамі. Вышэй сіл было спытаць, і ўсё ж ён спытаў:– Той... ён хто? Магнат?– Магнат, – сурова сказала Магдаліна. – Самы ўплывовы і моцны магнат. І не толькі на зямлі княства... Яна ехала да яго ў замак.“Ён паверыў. Адразу, з холадам у душы, паверыў, шчанюк, – падумала яна. – Даверлівы, няхітры душою... Дурань... Мне яго крыху шкада... Але я ненавіджу яго... Дзякуючы яму зноў у дарогу, зноў, магчыма, у іншыя ложкі. Лотр – быдла, але я хацела б усё ж застацца ў яго. І вось Баран! З ім нават нецікава весці гульню. А можа, сказаць кардыналу, што не паверыў? Ды не, з якой ласкі? Хіба хтосьці калі-небудзь шкадаваў яе? То нашто будзе несці літасць гэтым людзям, усім людзям, яна? Хай плоціцца. Знайшоў яшчэ ка-хан-не. Не ведае, па дурасці, што гэта такое. Ну дык атрымай. Можна маніць нават смялей”.І яна дадала:– Вельмі моцны. Мацнейшы нібыта за ўсіх. Але хто?“Паверыў і гэтаму. Ды з табой можна рабіць усё. Можна хлусіць нават зусім бязглузда. І зараз ты паверыш усяму, а пасля зноў дам табе надзею. Усё можна. Шчанюк”.– Горад гаварыў, што табе гэта не ўсё адно. Таму я і прыйшла. Магчыма, гэта хлусня, але некаторыя гавораць, што і яна... што і ёй мінулай ноччу не ўсё было адно. Ну, гэта ўжо так. Мана. Магла і сама сказаць. Мала адкуль можа прыцягнуцца баба, каб мець гонар панесці ад Бога, або хаця і проста збрахаць, пахваліцца гэтым... Такая парода.Гэтыя словы, нібы ліпучыя ніці, аблытвалі яго, засноўвалі святло, вязалі, перашкаджалі дыхаць, ціснулі.– А муж? – без голасу спытаў ён.– Кажуць, нібыта такі дурань, што ўсё адно да самай смерці так ні аб чым і не здагадаецца.